Кіраўніцтва магілёўскай будаўнічай ўправы № 129 папярэдзіла актывіста Свабоднага прафсаюза Беларускага Мікалая Расюка пра магчымае звальненьне.
Паводле актывіста нагодай для гэта сталася тое, што ён выказаў незадавальненьне ўмовамі працы на будоўлі малочна-таварнай фэрмы ў вёсцы Дужаўка Чавускага раёну.
“Пасьля майго звароту ў інспэкцыю працы бытоўку на аб’екце пачалі ўпарадкоўваць. Будаўнікоў з Магілёва пачалі дастаўляць больш прыстасаваным аўтобусам. Я ж атрымаў спавяшчэньне, што зь першага лютага мяне пераводзяць на пагадзінную форму аплаты працы й калі я не пагаджуся мяне звольняць. Спачатку мяне без асаблівай патрэбы саслалі ў вёску, дзе няма для мяне працы па спэцыяльнасьці, а цяпер яшчэ й пагражаюць звальненьнем. Я электрык. У Дужаўку мяне накіравалі нібыта ў сувязі з вытворчай неабходнасьцю. Кіраўніцтва ўправы ня можа мне дараваць страйку. Хаця пасьля яго будаўнікі атрымалі заробленае”, зазначае Мікалай Расюк.
Кіраўніцтва будаўнічай управы не прызнае абвінавачваньняў у перасьледзе за страйк будаўніка й зазначае, што Расюк адмаўляецца падпісваць працоўную дамову:
“Няхай падпіша кантракт і працуе сабе далей. Мы з усімі работнікамі заключаем кантракты для павелічэньня заробкаў. Мы хочам зрабіць для работнікаў дадатковую надбаўку ў тым ліку і яму. Яму проста прапанавалі падпісаць кантракт, а ён, відаць, гэта не зусім правільна зразумеў. Ён ходзіць за мной і кажа “Звольні мяне, звольні, мне лепш будзе”. Ён дзень і ноч піша паўсюдна. Піша ў пракуратуру, тэхнічнаму інспэктару. У яго манія нейкая. Ён напрацоўвае сабе нейкі імідж, падбівае работнікаў на розныя дзеяньні, што заробкі малыя. Заробкі ж у нас сярод падрадчыкаў самыя высокія”, - кажа начальнік будаўнічай управы Аляксандар Латушкін.
У Дужаўку Мікалая Расюка камандзіравалі неўзабаве пасьля двухгадзіннага страйку будаўнікоў управы, якія патрабавалі выплаты затрыманага заробку. Расюк быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту. Страйк адбыўся 28 лістападу, а першага сьнежня прафсаюзнаму актывісту загадалі выпраўляцца ў Чавускі раён.