Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нізкія заробкі гоняць будаўнікоў з радзімы


Паводле экспэртаў Сусьветнага банку, на заробкі за мяжу выехаў 1 мільён 800 тысяч беларусаў. Экспэрты зазначаюць, што найчасьцей беларусы выпраўляюцца ў Расею, Украіну, Польшчу ды Літву. Жыхары Магілёўшчыны выбіраюць, як правіла, суседнюю Расею і Менск. Там яны працуюць на будоўлях. Тым часам, паводле магілёўскага гарвыканкаму, мясцовыя арганізацыі маюць патрэбу ў больш як шасьцістах будаўніках.

Будаўнікоў на радзіме не задавальняе перадусім аплата іх працы.

“Сёньня атрымалі разьліковыя квіткі. У мяне дваццаць два працоўныя дні, заробак сямсот тысяч. Вось я браў на выбары свае даходы. Вось у мяне штогадовы заробак сем мільёнаў. Пачынаючы з 2005 году. Я лічуся кваліфікаваным будаўніком, у мяне пяты разрад. Я маю заахвочваньні раённага ўзроўню, абласнога за сваю працу”, — зазначыў магілёўскі будаўнік Мікалай Расюк.

Паводле Расюка, будаўнік можа атрымліваць і больш за мільён, аднак тады давядзецца працаваць па дзесяць-дваццаць гадзінаў і без выходных. Не задавальняюць будаўнікоў умовы працы і тэхналягічны працэс.

У Расеі ўмовы працы ня лепшыя, аднак за месяц будаўнік там атрымлівае да тысячы даляраў. Якраз столькі, колькі абяцаў нядаўна будаўнікам Аляксандар Лукашэнка.
Цяпер становішча ня дужа яснае...


У аблвыканкаме прызнаюць, што сярэдні заробак будаўнікоў на Магілёўшчыне не дацягвае да аднаго мільёна.

“Да мільёна мы дойдзем дужа хутка. Аднак да тысячы даляраў так адразу ня дойдзеш. А цяпер у сувязі зь фінансавым крызісам нейкае фінансаваньне спыніцца. Таму цяпер становішча ня дужа яснае”, — паведаміла супрацоўніца аблвыканкаму.

Паводле яе, магілёўскія будаўнікі цяпер, акрамя Расеі, зьяжджаюць у Менск, дзе магчымасьцяў атрымаць вышэйшы заробак нашмат больш.

Праблему нястачы будаўнікоў улада вырашае па-рознаму. У жніўні, напрыклад, разглядалася пытаньне пра будаўніцтва ў Магілёве кітайскага кварталу. Яго, як паведамлялася, меліся ўзьвесьці кітайскія будаўнікі з кампаніі “Юйхуа”.
Будаўнічых вакансіяў 613 на сёньняшні дзень...


Колькі ж будаўнікоў патрабуецца ў Магілёве?

“Будаўнічых 613 вакансіяў на сёньняшні дзень па горадзе, пададзеных ад наймальнікаў”, — паведамілі ў гарвыканкаме.

Прыкладна гэтулькі ж людзей з будаўнічымі спэцыяльнасьцямі патрабуецца і ў Бабруйску.

У чарзе на атрыманьне жыльля на Магілёўшчыне стаіць больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. Падлічана: штогод чарга павялічваецца прыкладна на пяць тысяч. Улады абяцаюць да 2009 году давесьці аб’ёмы будаўніцтва да 540 тысяч квадратных мэтраў. Эканамісты, аднак, падлічылі, што, каб задаволіць попыт, неабходна будаваць штогод да 800 тысяч. Цяпер адзін квадратны мэтар жыльля ў Магілёве каштуе больш за 1100 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG