Адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча “Будзіцелі”

Аляксандар Тамковіч

Журналіст Аляксандар Тамковіч прэзэнтаваў новую кнігу “Будзіцелі”. Аўтар напісаў шэраг нарысаў пра людзей, прозьвішчы большасьці зь якіх невядомыя шырокай грамадзкасьці. Гэта бацькі, сёстры, жонкі тых апазыцыянэраў, якія прайшлі праз турэмнае зьняволеньне.

У залі ўправы Партыі БНФ сабралася вялікая колькасьць людзей. Шматлікія выступоўцы, сярод якіх былі й героі кнігі, казалі словы падзякі аўтару.

Жанна Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ў сваім выступе зазначыла:

“Гэта галерэі нашых сучасьнікаў. Я б яшчэ сказала — знаёмыя незнаёмыя людзі. Вось я гляджу цяпер у гэтую залю і амаль кожнага чалавека ведаю. Пачынаеш чытаць Сашавы нарысы, Сашавы кнігі і разумееш, што пра людзей нічога ня ведаў.

Сёньня разам са словамі віншаваньня з гэтай вельмі важнай падзеяй у ягоным жыцьці ад імя БАЖ, ад вашага імя, герояў кнігі, хачу падзякаваць за тое, што ён зрабіў для нас“.

Іна Кулей
Старшыня Камітэту дапамогі палітэпрэсаваным Іна Кулей: “Калі казаць пра Аляксандра Тамковіча, то мне падаецца, што ў яго ёсьць своеасаблівы дар. Гэты чалавек, можна сказаць, псыхоляг унутрана. Таму што хто з нас не сядзеў на той канапе ў ягонай кватэры, дзе было так утульна, так прыемна.

Ён размаўляў пра розныя рэчы, пра якія ён не хацеў бы запытацца для кнігі, але з гэтага менавіта й пачынаўся давер да аўтара, якому потым хацелася распавесьці пра сваё жыцьцё, пра свае думкі, пра свой лёс і падзяліцца самым такім, што ляжыць на сэрцы“.

Сяргей Законьнікаў
Паэт Сяргей Законнікаў у кнізе “Будзіцелі” напісаў разьдзел, якая называецца “Замест уступу”:

“Нядаўна я сустракаўся ў Старадароскім раёне зь людзьмі. Саша, я хачу табе сказаць, што гэтыя псыхалягічныя партрэты, яны як мэдаль на грудзі нашым людзям, якія стаяць за Беларусь, за нашу незалежнасьць, за ўсё добрае, што вырастае на нашай беларускай глебе. Мне жаліліся людзі, што яны ўдзельнічалі ў мітынгах і ў іншых акцыях, а пра іх забыліся. Нам трэба пісаць пра гэтых людзей”.

Эніра Браніцкая
Эніра Барніцкая — гераіня кнігі. Аляксандр Тамковіч напісаў пра яе арышт у справе “Партнэрства”:

“Ганаруся тым, што побач з такімі людзьмі ў гэтай кнізе. Як сказаў спадар Законьнікаў, цудоўных людзей у Беларусі значна больш. Я ведаю пра іх, мы ведаем пра іх. Я спадзяюся, што будуць новыя кнігі пра іх. Гэтыя людзі змагаюцца за нашу краіну і за лепшую будучыню”.

Кніга “Будзіцелі” чацьвёртая па ліку з цыклю кніг, якія Аляксандар Тамковіч напісаў цягам двух з паловай гадоў.

Першая называлася “Лёсы”, другая — “Жанчыны”, трэцяя — “Асобы”. Аўтар падзяліўся са “Свабодай” сваімі плянамі: цяпер у яго яшчэ чатыры праекты. Найбліжэйшым часам ён пачне пісаць кнігу пра вядомых грамадзкіх дзеячаў, мастакоў, пісьменьнікаў:

“Паўтара году праляцела, што я й не заўважыў. Рэч у тым, што, на мой погляд, галоўнае — слухаць і любіць людзей. Тады будуць атрымлівацца шчырыя размовы зь людзьмі. Я ня ведаю, як атрымалася гэта, але, падаецца, атрымалася. Я сам, калі пісаў некаторыя рэчы, плакаў… Калі слухаў, што запісаў на дыктафон”.