Шмат каму ён знаёмы па артыкулах у тыднёвіку “Свободные новости”, дзе ён працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара, і ў іншых незалежных выданьнях. За напісаньне кніг спадар Тамковіч узяўся пасьля таго, як цяжка захварэў і страціў магчымасьць весьці актыўнае жыцьцё журналіста. Палітычныя нарысы пад агульнай назвай “Асобы” аб’ядналі пад адной вокладкай тых людзей, якія адзначыліся на пераломным этапе найноўшай беларускай гісторыі.
“Асобы” ёсьць лягічным працягам кнігі “Лёсы”, якая выйшла з-пад пяра Аляксандра Тамковіча ў 2006 годзе. Там былі зьмешчаныя інтэрвію і маналёгі вядомых у Беларусі палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў. Многія з герояў той кнігі ўжо ў іншай форме падачы перайшлі ў новы збор. Але “Асобам” папярэднічала яшчэ адна кніга, прысьвечаная найбольш выбітным прадстаўніцам грамадзкага і палітычнага небасхілу Беларусі. Яна так і называлася – “Жанчыны”. Так супала, што яна была надрукаваная ў дзень абвяшчэньня прысуду Аляксандру Тамковічу. У апошнія дні 2007 году суд Першамайскага раёну Менска абавязаў журналіста выплаціць 1 мільён рублёў на карысьць Мікалая Чаргінца: пісьменьнік і сэнатар палічыў сябе абражаным артыкулам Тамковіча ў газэце “Новы час”. І тая гісторыя таксама знайшла працяг у новай кнізе. Аляксандар тлумачыць, чаму менавіта пра гэтых людзей ён пісаў:
“Перадусім гэта тыя людзі, якія зрабілі найбольш адметныя крокі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Увогуле такая думка спачатку нарадзілася ў рэдактара кнігі Аляксея Караля. Ён прапанаваў зрабіць цыкл палітычных нарысаў, дзе магчыма было б ужыць гэткі парны прынцып. Напрыклад, Кебіч-Шушкевіч, Пазьняк-Малафееў і г.д. Мы пачалі выбудоўваць такія пары і ўжо даволі шмат зрабілі. Але спыніліся пасьля таго, як стала вядома, што на мяне падаў у суд Мікалай Чаргінец. Менавіта за нарыс, які быў надрукаваны ў газэце “Новы час”. Зразумела, што яго ў гэтай кніжцы няма. Усяго было заплянавана 30 нарысаў, надрукавана 29. Не хачу больш рызыкаваць: замест нарысу пра Чаргінца – “белая пляма”. Урэшце мы былі вымушаныя ўсё ж не чапаць ўлады. Там вельмі хваравіта ставяцца да крытыкі ў свой адрас”.
Адзін з герояў кнігі “Асобы” – былы міністар сельскай гаспадаркі, пазьней кінуты за краты, Васіль Лявонаў. Адрозна ад Мікалая Чаргінца, Лявонаў высока ацэньвае літаратурныя высілкі Тамковіча і лічыць важным падтрымаць у цяперашняй сытуацыі самога Аляксандра Тамковіча. Некалькі гадоў таму Аляксандар цяжка захварэў, дакладны дыягназ яму ня могуць паставіць дагэтуль. З Васілём Лявонавым я пагаварыў якраз у той момант, калі ён завітаў да Аляксандра Тамковіча, каб паглядзець новую кнігу:
“Мой чалавечы абавязак – падтрымаць чалавека. Таму пры зручным моманце заходжу да яго, каб хоць нейкім чынам падтрымаць, каб нагадаць астатнім, што ёсьць такі адважны чалавек, які змагаецца з хваробай. Ну і канечне, выказаць салідарнасьць з той цікавай і добрай справай, якую ён робіць”.
Карэспандэнт: “Ток бок, у вас не было ніякіх сумневаў, калі Аляксандар прапанаваў стаць адным з герояў?”
“Абсалютна ніводнай падставы, каб сумнявацца. Інакш у гэтай сытуацыі адрэагаваць папросту нельга. А справа зробленая надзвычай добра. Бо тут ёсьць прадстаўнікі розных вэктараў беларускай палітыкі. Так і павінна быць, нельга бясконца эксплюатаваць толькі адных – апазыцыйных, або нейкіх “варожых”. Тут усё ёсьць: і Чыгір, і Булахаў, і Сініцын. І гэта вельмі добра. Аўтар зрабіў вельмі добра, што ўсіх зьмясьціў пад адзін дах”.
Хвароба перашкодзіла Аляксандру Тамковічу займацца ўлюбёнай журналістыкай, але ён знайшоў сябе ў іншым – у напісаньні кнігаў:
“Я вельмі ўдзячны людзям, якія да мяне прыйшлі праз 3,5 гады пасьля пачатку маёй хваробы. Гэта была для мяне даволі моцная маральная падтрымка перш за ўсё”.
У кнізе чытач знойдзе прозьвішчы людзей, якія ў 1990-х былі актыўнымі палітыкамі. Сярод іх – Вячаслаў Кебіч, Сямён Шарэцкі, Валеры Ціхіня, Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык, Натальля Машэрава.
Некаторых ужо няма сярод жывых – Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі, Анатоля Майсені, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Булахава.
Гэтыя асобы – жывыя і мёртвыя – пакінулі выразны сьлед у найноўшай гісторыі Беларусі.