Цана на расейскі газ падвысіцца

Сяргей Купрыянаў

Напачатку 2009 году цана на расійскі газ для Беларусі будзе вышэйшая за цяперашнюю (127,9 даляра за тысячу кубамэтраў), але затым будзе зьніжацца, заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў 27 сьнежня ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы".

"Будзе цана першага кварталу, якая потым будзе паніжацца. Я цяпер не гатовы камэнтаваць парамэтры, у 2,5 ці 3 разы, па формуле будзе разьлічвацца. Але цана будзе на працягу году, сапраўды, зьніжацца", — сказаў С.Купрыянаў.

Прадстаўнік "Газпрома" нагадаў, што два гады таму зь Беларусьсю быў падпісаны пяцігадовы кантракт, які меў на ўвазе пераход на вызначэньне цаны "ня шляхам штогадовых перамоў, а па формуле, якая зьвязаная з цаной нашых практычных паставак у эўрапейскія краіны за мінулы год; на падставе гэтых цэн па формуле вылічваецца цана першага кварталу будучага году, якая потым, на працягу года, кожны квартал карэктуецца ў залежнасьці ад таго, як мяняюцца цэны на нафтапрадукты на сусьветных біржах", паведамляе БелаПАН.

"Ёсьць дамоўленасьці ў дачыненні да таго, што кантракт дзейнічае, формула дзейнічае, але будуць нейкія карэкціроўкі, — паведаміў С.Купрыянаў. — Якія — мы зможам сказаць, калі мы падпішам адпаведныя паперы. Але цана будзе для Беларусі крыху ніжэйшая, чым гэта атрымлівалася па першапачатковым кантракце. Мы разумеем, што важна не толькі ўстанавіць цану, але важна яшчэ і грошы атрымаць. Таму й ідзем на пэўныя кампрамісы".

Падчас знаходжаньня ў Берасьцейскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка паведаміў журналістам, што “цана на газ упадзе з 1 студзеня па 31 сьнежня 2009 года у 2,5-3 разы і па выніках году будзе для нас прымальнай”.

А.Лукашэнка адзначыў, што ён удзячны расейскаму боку і што Беларусь “гэта адпрацуе”. Кіраўнік Беларусі задаволены, што “пазыцыя беларускага боку знайшла разуменьне ў кіраўніцтва Расеі”.