Магілёўшчына: месяц не патрэбнай працы

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў: На складах  — 77,5% запасаў. Гэта ўдзельная вага сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці”.
77 працэнтаў вырабленай прадукцыі на Магілёўшчыне застаецца на складах прадпрыемстваў. Гэта ўчора прызнаў Магілёўскі аблвыканкам. Чыноўнікі паставілі задачу: да канца году зьменшыць запасы гатовай прадукцыі на 70%.

У параўнаньні зь лістападам запасы гатовай прадукцыі вырасьлі на 16%:

“На першага сьнежня — 77,5% запасаў. Гэта ўдзельная вага сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Месяц таму было 65,8%”, — паведаміў намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў.

Чыноўнікі абавязалі прадпрыемствы да першага студзеня разгрузіць склады на семдзесят працэнтаў.

“Да канца году мы павінны максымальна выкарыстаць усе магчымасьці па нарошчваньні паставак прадукцыі на экспарт”, — зазначыў начальнік управы эканомікі Мікалай Дудзінскі.

За апошні год штомесяц экспарт зьмяншаўся на 10%. Імпарт жа за дзесяць месяцаў вырас на 36%.

Чыноўнікі зьвязваюць праблему заладаванасьці складоў зь нестабільнай і неспрыяльнай зьнешнеэканамічнай сытуацыяй, да якой нібыта спрычыніўся сусьветны фінансавы крызіс. Эканаміст жа Андрэй Юркоў лічыць іначай:

“Пытаньне ў тым, што няма рэальнай эканомікі. Прадпрыемства бярэ крэдыты, потым ня можа выплаціць. Яго ня робяць банкрутам, а яму крэдыт працягнуць, перанясуць пагашэньне на сто гадоў наперад. І балянс нібыта выглядае прыстойна, і прадпрыемства нават сабе прыбыткі намалюе. Ад гэтага ж сутнасьць не мяняецца. Грошай жа няма. Яны ўкладзеныя ў тавар, які ляжыць на складзе.
Ня ўсе беды беларускай эканомікі — ад сусьветнага фінансавага крызісу
Гэты крызіс скараціў прыток сродкаў валютных, і ўсё — эканоміка пачала кульгаць. Гэта незалежна ад таго, быў бы крызіс ці не. Усё роўна гэта ішло да таго”, — мяркуе эканаміст.

Пра тое, што ня ўсе беды беларускай эканомікі — ад сусьветнага фінансавага крызісу, сьведчыць і сытуацыя на прадпрыемстве “Бабруйскаграмаш”. Беларускія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вінаватыя яму пяць мільярдаў рублёў. На гэткую суму ім пастаўлялася тэхніка паводле дзяржаўных праграмаў:

“Ёсьць гаспадаркі, якія па некалькі гадоў нам ня плацяць. Зноў жа гэта вымывае сродкі з абароту. Цяпер у нас кожная капейчына на ўліку”, — паведаміў супрацоўнік бабруйскага прадпрыемства.

З наступствамі крызісу сутыкнуліся й на гэтым прадпрыемстве. Больш за палову прадукцыі “Бабруйскаграмаш” пастаўляе ў Расею. Цяпер, аднак, тамтэйшыя спажыўцы не набываюць сельскагаспадарчай тэхнікі ў ранейшых аб’ёмах:

“Лістапад і пачатак сьнежня былі для нас месяцамі застойнымі. Мы цяпер ідзём да спажыўцоў і прапануем больш ільготныя схемы аплаты. Ня цалкам стопрацэнтная перадаплата, а адтэрміноўка аплаты. Аднак гэта прыводзіць да зьмяншэньня абаротных сродкаў”, — прызнае супрацоўнік “Бабруйскаграмашу”.

Вядома, што на пачатку сьнежня расейскія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі зьвярнуліся да свайго ўраду з просьбай зрабіць шэраг пратэкцыянісцкіх захадаў, каб выратаваць сваю галіну ад банкруцтва. У прыватнасьці, яны прапануюць ад 1 студзеня 2009 году субсыдыяваць крэдыты толькі на набыцьцё расейскай тэхнікі, а таксама прыпыніць закупы замежнай тэхнікі за кошт бюджэтных сродкаў.

Што да прагнозаў, то яны ня радуюць. Так, афіцыйныя крыніцы паведамляюць пра рэзкае зьніжэньне цэнаў на прадукцыю магілёўскіх прадпрыемстваў хімічнай і машынабудаўнічай галіны. Удзельная вага запасаў гатовай прадукцыі на прадпрыемствах абласнога цэнтру яшчэ большая за рэгіянальную — 108%.