Ці трэба беларусам рыхтавацца да горшага сцэнару?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 5 сьнежня

У чацьвер Аляксандар Лукашэнка прыняў прэм’ер-міністра Сідорскага, кіраўніка Нацбанку Пракаповіча і даў даручэньні па мінімізацыі крызісу ў Беларусі. Якія прыкметы крызісных зьяў у краіне? Ці рэальна выкананьне загаду Лукашэнкі не працаваць на склад? Ці выканальнае патрабаваньне — не звальняць работнікаў?

Удзельнікі: незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў і эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджменту Зьміцер Крук.


Якія прыкметы крызісных зьяў у краіне?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Дагэтуль кіраўніцтва Беларусі ўсяляк падкрэсьлівала, што сусьветны крызіс нас не закрануў, што наша краіна — выспа стабільнасьці ў моры крызісных зьяў у іншых дзяржавах. Але апошнім часам рыторыка афіцыйных асобаў пачала мяняцца. У чацьвер Аляксандар Лукашэнка прыняў прэм’ер-міністра Сідорскага і кіраўніка Нацбанку Пракаповіча і даў даручэньне рыхтавацца да горшага сцэнару. То бок крызіс прыйшоў у Беларусь, і адмаўляць гэтага ўлады ўжо ня могуць. У чым выяўляецца гэты крызіс? Якія прыкметы яго?”

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: “Паводле статыстычных дадзеных за 10 месяцаў гэтага году, скарацілася паступленьне валюты ад зьнешняга гандлю, павялічыліся запасы гатовай прадукцыі на складах. Падае попыт на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Таму на некаторых прадпрыемствах скарачаецца працоўны тыдзень, працаўнікоў адпраўляюць у неаплачаны адпачынак. Гэта ўсё прыкметы крызісу”.

Зьміцер Крук: “Найперш трэба адзначыць павышэньне працэнтных ставак банкаўскіх крэдытаў. Ёсьць такі ўнівэрсальны паказчык эканамічнага стану любой краіны — гэта стан аўтамабільнага рынку. Дык вось, апошнія месяцы колькасьць прададзеных аўтамабіляў у нас зьніжаецца.

Сапраўды, значна ўзрасьлі складзкія запасы гатовай прадукцыі. Як вынік, у прадпрыемстваў зьнізіліся абаротныя сродкі. А гэта азначае, што ім трэба больш крэдытаў. А якраз доступ да крэдытаў стаў цяжэйшы, бо грошы становяцца дэфіцытам”.

Злотнікаў: “Першая фаза крызісу — гэта спад. Скарачэньне ліквіднасьці банкаў — гэта яшчэ не прыкмета эканамічнага крызісу. А вось цяпер, калі пачаўся спад — гэта азначае, што прыйшоў эканамічны крызіс. Другая фаза крызісу — гэта рэцэсія альбо дэпрэсія. Яна зьявіцца наступным годам”.

Ці будуць прадпрыемствы працаваць на склад?

Карбалевіч: “Зьявілася паведамленьне, што з 1 сьнежня будзе зьніжана тарыфная стаўка першага разраду. Гэта азначае, што будзе зьмяншацца заробак бюджэтнікаў. Паводле інфармацыі прэм’ера Сідорскага, скарачаюцца расходы дзяржбюджэту на 5 трыльёнаў рублёў (гэта 12% расходнай часткі бюджэту). А статыстыка за лістапад, мусіць, будзе яшчэ больш непрыемная, чым за кастрычнік.

Лукашэнка заявіў, што нельга дапусьціць, каб прадпрыемствы працавалі на склад, запатрабаваў, каб урад ператварыўся ў Міністэрства гандлю і займаўся продажам прадукцыі беларускай прамысловасьці. Як можна пракамэнтаваць такі загад? Наколькі рэалістычныя такія патрабаваньні?”

Злотнікаў: “Беларусь — краіна з малой адкрытай эканомікай. Нашы прадпрыемствы ня могуць уплываць на сусьветныя цэны альбо на попыт на сусьветным рынку.

Выконваць Лукашэнкаў загад будуць такім чынам. Яны будуць пастаўляць прадукцыю без аплаты доўгі час. Альбо будуць прадаваць прадукцыю па танных цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Гэта ў любым выпадку адмоўна паўплывае на беларускую эканоміку.


Ці можна знайсьці новыя рынкі?

Карбалевіч: “Раней Лукашэнка казаў сябрам ураду і дырэктарам, што калі вашу прадукцыю не купляюць на адным рынку, шукайце новыя рынкі збыту ў іншых краінах…”

Злотнікаў: “Гэта нерэальна. Цяпер рынак глябальны.
Пачнуцца адтэрміноўкі плацяжоў за пастаўленую прадукцыю, выкарыстаньне схемаў узаемазаліку, бартэрных схемаў
Няма такой сытуацыі, што, напрыклад, беларускі цукар гуртам прадаецца ў Польшчы па цане 1 даляр за кіляграм, а ў Літве — па 1,2 даляра.

Крук: “Сапраўды, пачнуцца адтэрміноўкі плацяжоў за пастаўленую прадукцыю, выкарыстаньне схемаў узаемазаліку, бартэрных схемаў. Гэта тое, што мы мелі ў сярэдзіне 90-х гадоў.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на не зусім эканамічны чыньнік. У адміністратыўнай эканоміцы галоўны рэсурс — гэта магчымасьць яе мабілізацыі. За 1—2 месяцы ажыцьцявіць лібэралізацыю немагчыма. Таму, як і раней, трэба выкарыстоўваць адміністратыўныя рычагі.

Знайсьці новыя рынкі ў пэрыяд крызісу вельмі цяжка, асабліва з улікам намэнклятуры беларускай прадукцыі. Але б я ня стаў адназначна сьцьвярджаць, што гэта немагчыма”.


Культ валавых паказчыкаў

Злотнікаў: “Сьцябаньне пугай можа прынесьці толькі шкоду. Бо дырэктары будуць прадаваць прадукцыю, толькі каб выканаць валавыя паказчыкі, а не каб атрымаць прыбытак.

У суседніх краінах, дзе прадпрыемствы прыватныя, гаспадары спыняюць вытворчасьць, каб захаваць ліквіднасьць. Вось нядаўна я быў у Інстытуце эканомікі Ўкраінскай акадэміі навук. Там прыводзілі такі прыклад. Ва Украіне спынілі 25
Сытуацыя ў Беларусі будзе горшая, чым у суседзяў.
домнаў з 30, якія там ёсьць. А мэталюргія дае 50% валюты ад зьнешняга гандлю. Тым ня менш домны спынілі.

А ў нас наадварот — ліквіднасьць загналі ў ”абаротку”. А цяпер загоняць у бартэр. Гэта прывядзе да таго, што сытуацыя ў Беларусі будзе горшая, чым у суседзяў”.

Крук: “Сапраўды, паказчыкі ў нас — „сьвятая карова“. Але Беларусь ня вельмі карэктна параўноўваць з Украінай. Бо там вельмі вялікая роля ў эканоміцы належыць чорнай мэталюргіі, а гэтая галіна апынулася ў найбольш цяжкім стане. Але і ў Беларусі скарачэньне вытворчасьці мэталаў вялікае, то бок і ў нас валавыя паказчыкі ў асобных галінах скарачаюцца”.

Злотнікаў: “У нас цяжкое становішча і ў машынабудаваньні. Двары МТЗ і МАЗу забітыя тэхнікай. Цяжка знайсьці галіну прамысловасьці, дзе трэба нарошчваць гэтыя дырэктыўныя паказчыкі”.


Ці выканальнае патрабаваньне не звальняць работнікаў?

Карбалевіч: “Яшчэ адно патрабаваньне Лукашэнкі: не скарачаць работнікаў, не звальняць людзей.
Вядомае беларускае ноў-хаў — няпоўная занятасьць.
Заклік добры, гуманны, але ці выканальна гэта?”

Крук: “Вядома беларускае ноў-хаў — няпоўная занятасьць. Як і ў 1990-я гады, гэта стане асноўным інструмэнтам выкананьня патрабаваньня Лукашэнкі.

Нацыянальны банк правёў апытаньне дырэктараў прадпрыемстваў. У дадзеных за кастрычнік каля 80% адказалі, што ўзровень занятасьці дастатковы, толькі 5% лічаць, што на іхніх прадпрыемствах ёсьць лішнія працоўныя рукі”.

Злотнікаў: “Гэтую задачу выканаць вельмі лёгка. Людзі будуць прыходзіць на працу, сядзець там і атрымліваць мінімальны заробак.

З гледзішча эканомікі выгадней адкрытае беспрацоўе, і няхай дзяржава дапамагае беспрацоўным. А пры схаваным беспрацоўі дзяржава траціць больш. Бо трэба траціць сродкі на аплату матэрыялаў, энэргію для вытворчасьці, якая не дае прыбытку”.