Рада прафіляктыкі БДУ пастанавіла пакараць строгай вымовай дзьвюх студэнтак юрыдычнага факультэту, Тацяну Шапуцьку і Насту Лойку, за ўдзел у пікеце “Камунізм пад трыбунал!”, які адбыўся 7 лістапада насупраць будынку КДБ.
Тацяна і Наста — сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яны заявілі, што і далей будуць удзельнічаць у акцыях супраць распаўсюджваньня камуністычнай ідэалёгіі.
Тацяна Шапуцька распавяла “Свабодзе”, што намесьнік дэкана па выхаваўчай працы Андрэй Шыдлоўскі, які ўзначальвае Раду прафіляктыкі, паведаміў ёй пра сваё рашэньне.
“Рада прафіляктыкі прыняла агульнае рашэньне для мяне і Насты Лойкі — строгая вымова. Аднак, як мы з Настай зазначалі ў сваіх тлумачальных, дзейнасьць сваю мы спыняць не зьбіраемся і будзем надалей (можа, больш асьцярожна) удзельнічаць у грамадзкім жыцьці Беларусі”.
Нагадаем: 7 лістапада Тацяна Шапуцька, студэнтка першага курсу дзённага аддзяленьня, і Наста Лойка, студэнтка трэцяга курсу завочнага аддзяленьня юрфаку, былі затрыманыя, а потым пакараныя арыштам на трое сутак за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце “Камунізм пад трыбунал”.
Супрацоўнікі КДБ, нягледзячы на выходны дзень, наведалі рэктарат БДУ з прэтэнзіямі наконт кепскай выхаваўчай працы сярод студэнтаў. Тацяна Шапуцька казала намесьніку дэкана, што яна студэнтка ВНУ і лічыць умяшаньне супрацоўнікаў КДБ залішнім.
“Намесьнік дэкана падчас размовы на Радзе прафіляктыкі паведаміў, што ў КДБ працуе вялікая колькасьць выпускнікоў юрфаку і, што самае цікавае, яны гэтым ганарацца”.
Акцыі “Маладога фронту” супраць распаўсюджваньня камуністычнай ідэалёгіі будуць адбывацца ня толькі ў Менску.
Аляксей Янушэўскі паведаміў “Свабодзе”:
“Малады фронт” распачаў збор подпісаў за перайменаваньне вуліц, названых у гонар камуністычных катаў. Мы ведаем, што ў кожным горадзе Беларусі ёсьць вуліцы, якія носяць імёны ня толькі сяброў злачыннай камуністычнай партыі, але й супрацоўнікаў НКВД. Таксама мы пачынаем зьбіраць подпісы за дэмантаж помнікаў Леніну, якія ёсьць практычна ў кожным горадзе краіны”.
Павал Севярынец лічыць, што рэакцыя ўладаў на акцыі супраць распаўсюджваньня камуністычнай ідэалёгіі будзе хуткая і нэрвовая.
“Улады сур’ёзна турбуюцца, калі кранаюць самае сьвятое для іх — ідэалёгію. Магчыма, Аляксандар Лукашэнка спадзяваўся, што адамрэ пакаленьне, якое памятае жахі камунізму, сыдуць тыя пакаленьні, якія бачылі дэфіцыт, і пасьля гэтага моладзь, натхнёная партрэтамі Чэ Гевары, будзе размахваць чырвонымі сьцягамі і падтрымліваць палітыку ўраду.
Аказалася — не. Аказалася, што гэтыя маладыя людзі, якія вераць у Бога і любяць сваю краіну, разумеюць, што камунізм — гэта найстрашнейшае зло, і яго трэба выкараняць. Ініцыятыва “Маладога фронту” б’е ў самае сэрца рэжыму”.
Рашэньне Рады прафіляктыкі мае рэкамэндацыйны характар. Рэктар БДУ цягам двух тыдняў павінен вызначыцца — абмежавацца строгай вымовай ці аддаць загад на адлічэньне студэнтак.