Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За акцыі супраць камунізму — строгая вымова


Наста Лойка
Наста Лойка
Актывістак незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Тацяну Шапуцьку і Насту Лойку выклікаюць на Савет прафіляктыкі юрыдычнага факультэту БДУ. Нагадаем: дзяўчаты адбылі трое сутак арышту за ўдзел у акцыі: “Камунізм пад трыбунал”, якая прайшла 7 лістапада насупраць будынку КДБ. У дэканаце ў Тацяны і Насты ўзялі пісьмовыя тлумачэньні і паведамілі, што рашэньне будзе прынятае 1 сьнежня.

Тацяна Шапуцька
Тацяна Шапуцька вучыцца на першым курсе юрыдычнага факультэту БДУ на дзённым аддзяленьні. Дзяўчыну затрымалі 7 лістапада разам з паплечнікамі каля помніка Фэліксу Дзяржынскаму. Тацяна трымала расьцяжку “Камунізм пад трыбунал”. Спачатку ўсіх завезьлі ў міліцыю Ленінскага раёну, а потым склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і адвезьлі на трое сутак у турму на Акрэсьціна. Пасьля выходных судзьдзі залічылі ўсім тэрмін знаходжаньня пад вартай у тэрмін пакараньня і адпусьцілі.

Тацяна Шапуцька даведалася, што супрацоўнікі КДБ 7 лістапада, нягледзячы на выходны дзень, наведалі рэктарат БДУ з прэтэнзіямі наконт таго, што ва ўнівэрсытэце кепска вядзецца выхаваўчая праца.

З Тацянай размаўляў намесьнік дэкана, старшыня Савету прафіляктыкі Андрэй Шыдлоўскі:

Аляксей Шыдлоўскі,
фота — law.bsu.by
“Ён распавёў, што сёньня прыйшлі з суду дакумэнты ва ўнівэрсытэт, аднак яны мяне адсочваюць ад 7 лістапада. Тады, 7 лістапада, адразу пасьля нашага затрыманьня да рэктара БДУ прыехалі людзі з КДБ і з адміністрацыі прэзыдэнта, якія абвінавацілі яго ў тым, што ягоныя студэнты ганьбяць галоўную ВНУ краіны.

З гэтай нагоды ў панядзелак адбудзецца Савет прафіляктыкі, на якім будуць вырашаць — строгая вымова за парушэньне статуту ўнівэрсытэту, які не дазваляе рабіць правапарушэньні, альбо перавядуць на трэці курс, толькі “завочкі”.

Наста Лойка вучыцца на трэцім курсе на завочным аддзяленьні. На судзе яна сьцьвярджала, што ўдзельніцай акцыі не была, але рабіла фотаздымкі для сайту “Маладога фронту”. З Настай Лойкай таксама меў размову Аляксей Шыдлоўскі:

“Сказаў, што маё пытаньне будзе разглядацца на Савеце прафіляктыкі. Сказаў, што за гэта прадугледжана вымова, строгая вымова і нават адлічэньне. Але потым сказаў, што паколькі мы яшчэ не здавалі сэсіі і наша пасьпяховасьць яшчэ ня мае ніякіх паказчыкаў, таму, хутчэй за ўсё, будзе нейкая вымова”.

Сп. Шыдлоўскі паведаміў, што дзяўчатам не абавязкова прысутнічаць на паседжаньні Савету прафіляктыкі. Дастаткова пісьмовага тлумачэньня. Даць камэнтар Радыё Свабода ён адмовіўся.

Акцыі маладафронтаўцаў выклікалі ў супрацоўнікаў КДБ нэрвовую рэакцыю. Калі ахоўнікі Вярхоўнага суду затрымалі Насту Палажанку і непаўналетнюю Юлію Міхайлаву за ўдзел у пікеце “Нюрнбэрскі працэс над камунізмам”, першымі прыехалі супрацоўнікі КДБ. Яны пыталіся ў дзяўчат, што тыя маюць супраць камуністычнай ідэалёгіі.

Наста Палажанка
Гаворыць Наста Палажанка:

“Кадэбэшнікі лічаць сябе пераемнікамі той філязофіі жыцьця, якую прапаноўваў Дзяржынскі. Супрацоўнікі КДБ, безумоўна, імкнуліся зразумець, наколькі глыбока мы арыентуемся ў гэтай тэме і наколькі сьвядома будзем яе адстойваць.

Яны ўвесь час паўтаралі — як вы можаце ісьці супраць камуністаў, калі мае дзяды ваявалі… Мы адказвалі, што ёсьць розьніца, што ёсьць асоба і ёсьць ідэалёгія, тая злачынная ідэалёгія, якая забівала мільёны людзей, калі ў Беларусі ў той час 60% насельніцтва было рэпрэсаванае. Мы будзем імкнуцца зноў і зноў уздымаць гэтую тэму”.

Акцыі маладафронтаўцаў супраць камунізму будуць адбывацца ў розных гарадах Беларусі. Маладафронтаўцы будуць ладзіць пікеты і раздаваць інфармацыйныя бюлетэні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG