Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі і адпусьцілі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Тацяна Шапуцька разам з маці
Тацяна Шапуцька разам з маці

У судзе Ленінскага раёну Менску пяцёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” вызвалілі з-пад варты. Іх затрымалі 7 лістапада за пікет насупраць будынка КДБ. Яны трымалі расьцяжку: “Камунізм пад трыбунал”. Трое сутак затрыманыя правялі ў турме. На такі ж тэрмін, паводле судовага рашэньня, іх арыштавалі.

У судзе Ленінскага раёну Менску сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх актывісты моладзевых арганізацый, грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі амбасады Францыі.

Каля двух дзясяткаў моладзевых актывістаў зладзілі пікет насупраць будынка суду. Яны трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, плякат “Свабоду палітвязьням” і партрэты затрыманых маладафронтаўцаў.

Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька, Наста Лойка, Антон Русін і Аляксей Янушэўскі апынуліся ў турме на вуліцы Акрэсьціна ўпершыню.

Наста Лойка падзялілася сваімі ўражаньнямі са “Свабодай”:

“Насамрэч, мы чакалі горшага. Але нас вельмі падтрымалі нашы сябры — перадалі нам цёплыя рэчы, сокі… Добра сябе адчувалі. Былі ў своеасаблівых кельлях манаскіх, нават маліліся разам увечары.

Хлопчыкі сядзелі на трэцім паверсе ў 19-й камэры, а мы разам — на другім у 22-й. Мы сядзелі адны, толькі ў апошнюю ноч нам падсадзілі трох чалавек”.

Тацяна Шапуцька дадала:

“Ну якое страшна? Самае непрыемнае — гэта холад. Вельмі няўтульна спаць, бо сьпіна баліць ад голых дошак. Мала сьвятла і, канечне, вельмі дрэнная ежа”.

Першымі судзілі Насту Палажанку і Антона Русіна. Насту — Міхаіл Хома, Антона — Валянціна Зінькевіч. Прысуд — трое сутак арышту — прагучаў адразу пасьля таго, як былі агучаныя матэрыялы справы.

Наста Палажанка апавяла “Свабодзе”:

“Акцыя, якая зрабіла замах на цяперашні ідэалягічны кірунак краіны, на сьвятыні рэжыму. Пры гэтым усім трэба заўважыць, што гэтак званую лібэралізацыю моладзевыя актывісты вырашылі накіраваць у свой бок, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, быць больш актыўнымі, у спадзяваньнях, што за гэта ім нічога ня будзе.

Улады вырашылі, што калі іх не забралі ўчора, яны выйшлі сёньня. Калі іх не затрымаць сёньня, то што будзе далей? На наступны дзень так можна й рэвалюцыю зрабіць. Таму вось, каб не падавалася ўсё салодкім і лёгкім”.

Антон Русін не адмаўляўся ў судзе ад удзелу ў акцыі.

“На мой погляд, гэта была мірная акцыя. Мы нічога асаблівага не рабілі. Камунізм яшчэ не атрымаў належнай адзнакі”.

Для Аляксея Янушэўскага сёньняшні суд за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — трэці па ліку цягам году. Паводле дзейнага заканадаўства, за паўторны ўдзел у акцыі яго маглі пакараць арыштам ня менш як на 10 сутак. Аляксей быў зьдзіўлены рашэньнем судзьдзі Ігара Германовіча.

“У мяне ўжо паўторнае парушэньне дзейнага антыканстытуцыйнага заканадаўства. За паўторны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі мне не маглі даць менш за 10 сутак. Але з-за таго, што ў нашай краіне абвешчаная так званая лібэралізацыя і вядуцца часовыя перамовы з Эўропай, зноў атрымалася, што загад зьверху — мацнейшы за дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Калі ўсе выйшлі з суду, над уваходам у будынак залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Спэцназаўцы затрымалі непаўналетнюю сяброўку “Маладога фронту” Юлію Міхайлаву. Дзяўчыну пратрымалі ў будынку суду больш за гадзіну, але потым адпусьцілі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG