Заплянаванае на сёньня паседжаньне вышэйшага Дзяржасавету так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у рамках якога ў Маскву мусіў прыляцець Аляксандар Лукашэнка, сарвана.
Пра гэта паведаміла расейскае выданьне «КоммерсантЪ». Інфармацыю пра перанос паседжаньня вышэйшага дзяржсавету «Коммерсанту» пацьвердзілі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, расейскім МЗС і апараце Саюзнай дзяржавы.
Як піша “КоммерсантЪ”, бакі не сышліся ў поглядах на разьвіцьцё агульнай дзяржавы і перанесьлі сустрэчу на няпэўны тэрмін. Таксама адкладзена і намечанае на сёньня падпісаньне расейска-беларускага пагадненьня наконт аб’янанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Назіральнікі ацэньваюць сытуацыю як чарговы скандал паміж Масквой і Менскам.