Эўракамісія павітала рашэньне беларускіх уладаў аб распаўсюдзе апазыцыйных газэтаў праз дзяржаўныя каналы. Камісар Эўразьвязу з пытаньні вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што вітае рашэньне беларускіх уладаў аб прыняцьці канкрэтных мераў дзеля дазволу друкаваньня і распаўсюду двух незалежных газэтаў “Народная воля” і “Наша ніва”, паведамілі “Інтэрфаксу” ў прадстаўніцтве Эўракамісіі ў Беларусі.
Бэніта Фэрэра-Вальднэр таксама вітае “гатовасьць Беларусі дэталёва абмеркаваць рэкамэндацыі АБСЭ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека адносна ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства краіны.”
Са свайго боку Эўракамісія, паводле эўракамісара, ўзмацняе тэхнічны дыялёг з Беларусьсю ў сфэрах ўзаемнага інтарэсу. “Я чакаю канкрэтных вынікаў, якія б спрыялі разьвіцьцю эканомікі Беларусі. Я таксама нагадваю пра абавязаньне Эўразьвязу, дадзеным 14 кастрычніка, аднавіць дачыненьні з Беларусьсю і працягнуць перагляд сваіх санкцый адносна пэўных асобаў Беларусі ў сьвятле далейшага разьвіцьця дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршынства права”, дадала эўракамісар.
У гэтым кантэксьце, паводле яе, важна, каб Беларусь”заставалася краінай без палітычных зьняволеных і паважала свабоду выказваньняў, аб’яднаньняў і сходаў”. Пры гэтым Б. Фэрэра-Вальднэр дадала, што “зьвяртае асаблівую ўвагу на справу спадара Баразенкі ( гэта адзін з абвінавачаных у “працэсе 14-ці”, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары), які цяпер павінен неўзабаве перад судом і за якім мы будзе ўважліва назіраць”.