С.Пяткевіч: Тымаці Бэл свой інвэстыцыйны форум правёў у Беларусі

У Лёндане прайшоў Беларускі інвэстыцыйны форум. Паводле прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, дзякуючы форуму, Беларусь мае намер прыцягнуць у эканоміку каля 9 мільярдаў даляраў. Перад будынкам, дзе праходзіў Беларускі інвэстыцыйны форум, актывісты Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі раздавалі газэту “Звон” у выглядзе ўлёткі -- у ёй была зьмешчаная інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі. Адзін з актывістаў, сакратар Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Сяргей Пяткевіч адказаў на пытаньні ў праграме "Начная Свабода"

Соўсь: "Раскажыце, калі ласка, як беларуская грамада ў Вялікай Брытаніі паставілася да правядзеньня Беларускага інвэстыцыйнага форуму?"

Беларусы Вялікай Брытаніі да ўсіх падзей, якія ідуць на карысьць краіны, ставяцца вельмі станоўча. З гэтага пункту гледжаньня, інвэстыцыйны форум, асноўная мэта якога – прыцягненьне капіталу ў краіну, прывабны
Пяткевіч:
"Ведаеце, беларусы Вялікай Брытаніі да ўсіх падзей, якія ідуць на карысьць краіны, ставяцца вельмі станоўча. З гэтага пункту гледжаньня, інвэстыцыйны форум, асноўная мэта якога – прыцягненьне капіталу ў краіну, прывабны. Калі ў краіну прыйдуць інвэстыцыі, гэта будзе спрыяць таму, каб зьявіліся новыя працоўныя месцы, каб выпускалася больш канкурэнтаздольная прадукцыя. Таму мы ставімся да гэтага вельмі станоўча".

Соўсь: "Але ж вы раздавалі ўлёткі, у якіх расказвалася і пра зьніклых у Беларусі, і пра сытуацыю з палітвязьнямі... Дарэчы, як рэагавалі ўдзельнікі і госьці форуму на ўлёткі, якія вы раздавалі?"

Пяткевіч: "Улётка наўпрост ня тычылася самой мэты форуму -- інвэстыцыяў. Мы сыходзім з таго, што кожны мае права атрымліваць інфармацыю пра сытуацыю ў краіне ня толькі з афіцыйных прыгожых буклетаў форуму. Бо калі інвэстар прымае рашэньне, ён павінен ведаць сытуацыю ў краіне з шмат якіх бакоў. Людзі бралі ўлёткі, заходзілі ў будынак, але далей мы ня ведаем, як яны рэагавалі на тэкст гэтых улётак".

Соўсь: "Наколькі заўважнай падзеяй для Лёндану стаў беларускі інвэстыцыйны форум? Ці камэнтуецца ён у газэтах, на радыё, тэлебачаньні?

Пяткевіч: "Лёндан – такі горад, дзе такіх форумаў праходзіць шмат. Таму форум мае важнае значэньне толькі для людзей, якія ў ім удзельнічаюць. Зразумела, калі б форум праходзіў у Менску, былі б і расьцяжкі, і рэкляма. У Лёндане такога няма. Інфармацыі на тэлебачаньні і ў газэтах не было. Зразумела, шараговыя лёнданцы пра форум ня ведаюць. Ведаюць толькі тыя, хто ў ім заняты.

Бэл, як бізнэсовец, свае грошы атрымаў

8
Соўсь:
"Сёлета ў жніўні вядомы піяршчык лорд Бэл стаў працаваць над паляпшэньнем іміджу Беларусі ў сьвеце. Ці мае гэта нейкі рэзананс ў Вялікай Брытаніі, якое стаўленьне беларускай грамады да такой місіі? Ці заўважаеце вы наступствы ягонай працы у паляпшэньні іміджу Беларусі, прынамсі ў Вялікай Брытаніі?

Пяткевіч: "Мне падаецца, што Тымаці Бэл свой інвэстыцыйны форум ўжо правёў пасьпяхова ў Беларусі і як бізнэсовец свае грошы атрымаў. Што тычыцца Вялікай Брытаніі, дык сёньня выйшаў вялікі агляд пра Беларусь у газэце Financial Times. Дагэтуль, на жаль, цікавых артыкулаў не было. Я думаю, што калі ён склаў нейкую піяр-праграму, то яна яшчэ будзе раскручвацца".

Соўсь: Скажыце, калі ласка, наколькі вялікая беларуская дыяспара ў Вялікай Брытаніі? Чым займаецца Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі?

Брытанія мусіць накладае нейкі адбітак на людзей. Нам пашчасьціла прайсьці гэты доўгі гістарычны пэрыяд пасьля вайны безь вялікіх перашкод, безь вялікіх канфліктаў
Пяткевіч:
"Дыяспару можна падзяліць на дзьве часткі. Адна з гэтых частак частка арганізаваная. Тут ёсьць пяць арганізацый, і Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі – гэта найстарэйшая арганізацыя, якая была заснаваная ў 1946 годзе. Другая арганізацыя – гэта Ангельска-беларускае таварыства, якому больш за 50 гадоў. Таксама мы маем Беларускі дабрачынны фонд, каталіцкую місію і бібліятэку імя Скарыны. Вакол гэтых пяці арганізацый гуртуюцца людзі, якія неабыякава ставяцца да таго, што робіцца ў Беларусі. Мы маем сяброў і прыяцеляў, якія не ўваходзяць у арганізацыю, але прыходзяць на розныя мерапрыемствы. Мы ладзім сьвяткаваньні ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, Слуцкага збройнага чыну, бярэм удзел у сьвяткаваньні Калядаў, Купальля, у адзначэньні Дзядоў, ладзім гадавыя зьезды, запрашаем паэтаў, пісьменьнікаў зь Беларусі...

Соўсь: "А наколькі мірна суіснуюць пяць беларускіх арганізацый? Бо даволі часта бывае, што людзі ў замежжы ня могуць выпрацаваць нейкую адзіную пазыцыю".

Пяткевіч: "Брытанія мусіць накладае нейкі адбітак на людзей. Нам пашчасьціла прайсьці гэты доўгі гістарычны пэрыяд пасьля вайны безь вялікіх перашкод, безь вялікіх канфліктаў.