Лукашэнка: норму ня выпрацаваў — у працоўны лягер!

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка лічыць неабходным стварыць у кожнай вобласьці працоўныя лягеры для нядбайных бацькоў, якія ня хочуць сплачваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманьне дзяцей.

Такую думку ён выказаў 18 лістапада ў часе нарады па пытаньні выкананьня дэкрэту № 18 ”Пра дадатковыя меры па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях” ад 24 лістапада 2006 году, паведамілі БЕЛТА ў прэсавай службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка адцеміў, што бацькі, якія ня дбаюць пра сваіх дзяцей, “мусяць працаваць, і выпрацоўка ў іх мусіць быць у суткі ў разы большай, з запасам, каб маглі кампэнсаваць утрыманьне сваіх дзяцей”.

“Калі яны будуць пастаўленыя ў такія ўмовы, яны тысячу разоў падумаюць: альбо ім жыць у ранейшых умовах, альбо будуць тут працаваць. Норму не выпрацаваў, дзьве заўвагі, на трэцюю — у працоўны лягер, а там самыя жорсткія ўмовы. Вось тады яны будуць баяцца і лепш працаваць прымусова, выконваць тры нормы за суткі, чым трапіць у такі лягер, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі б гэта было зроблена, я ўпэўнены, за год сытуацыя зьмянілася б!”.

Паводле Лукашэнкі, “нягоднікаў, што нарадзілі дзяцей і кінулі іх, неабходна ня проста працаўладкаваць, а прымусіць працаваць”.

“Прытым мэтады, якія ўжываюцца да іх, не павінныя быць такімі самымі, як да звычайных людзей. А тут, бач ты, прыйшлі, прапанавалі, перанавучылі й грошы яшчэ заплацілі зь дзяржаўнага бюджэту. Зыходзіць трэба з таго, што мы іх нічому не навучым. Рыдлёўку ў рукі — капай, не капаеш — значыць, сёньня галодным застанешся. Гэтыя людзі разумеюць толькі сілу. Іх марна ў чымсьці пераконваць. Зроблена гэта? Сто адсоткаў, што ня зроблена! Вы так і працуеце, як і працавалі, пераконваючы іх, а пераконваньне — гэта звычайны фармалізм”, — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

“А тыя, хто паддаецца выхаваньню, сплочвае камунальныя плацяжы, глядзіць за дзецьмі, вы гэта кожны дзень, не фармальна, а рэальна бачыце, дык ніхто ня кажа, што такіх трэба ў лягеры зьбіраць”, — дадаў Лукашэнка.