Магілёўскі завод напояў “Вейнаўская крыніца” застаецца без інвэстара. Каб яго знайсьці, меркавалася прадаць долі статутнага фонду прадпрыемства, якія належаць двум заснавальнікам: акцыянэрнаму таварыству “Магілёўхімвалакно” ды аграгандлёваму прадпрыемству “Вейна”.
Выставіць завод на продаж вымусілі яго цяжкое фінансавае становішча, якое склалася пасьля ўвядзеньня новых стандартаў якасьці бутыляванай вады, і канкурэнцыя за рынкі збыту.
Як паведамілі ў фондзе “Магілёўаблмаёмасьць”, ахвочых набыць завод напояў за тры месяцы не знайшлося.
“Не было ўдзельнікаў, таму конкурс не адбыўся. Пакуль заснавальнікі разглядаюць магчымасьць далейшага продажу альбо іншага спосабу прыцягненьня інвэстыцыяў у разьвіцьцё гэтага прадпрыемства”, — зазначыла супрацоўніца фонду.
Агулам статутны фонд прадпрыемства ацэньваецца больш як у чатыры мільярды рублёў. Звыш 66 працэнтаў належыць акцыянэрнаму таварыству “Магілёўхімвалакно”, а каля 34 працэнтаў — аграгандлёваму прадпрыемству “Вейна”.
Якія прычыны вымусілі ўласьнікаў выставіць завод на продаж?
“Прадпрыемства добрае, аднак там ужо і абсталяваньне часткова састарэла. Трэба ўкладаць шмат грошай. Прадукцыя, скажам так, ня дужа карыстаецца попытам. Пакуль, канечне, шукаем інвэстараў. Шмат хто прыяжджаў, глядзелі, аднак канкрэтна пакуль нікога няма. Ну, канечне, ёсьць і ўмовы”, — паведаміў супрацоўнік Магілёўскага райвыканкаму.
Будучы гаспадар павінен захоўваць працоўныя месцы і сацыяльныя гарантыі працаўнікам прадпрыемства на працягу пяці гадоў, а таксама ўзьняць вытворчасьць прадукцыі, якая павінна адпавядаць міжнародным стандартам якасьці.
Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі зазначае, што з гледзішча чыноўніка гэтыя ўмовы вытлумачальныя, аднак трэба ўлічваць і інтарэс інвэстара. Для яго галоўнае, каб прадпрыемства працавала й прыносіла прыбытак:
“Калі яны будуць пэўнымі сацыяльнымі праграмамі ня толькі палохаць, але і разараць уласьніка ці патэнцыйнага інвэстара, канечне ж, на гэтыя ўмовы ніхто ня пойдзе. Сёньня магчымасьцяў укладаньня капіталу ў сьвеце мноства. Толькі беларусы гэтага ня хочуць разумець. Мы думаем, што мы самыя галоўныя й што сюды пацякуць самі сабой інвэстыцыі. На жаль, гэта ня так”.
Паводле спадара Мігурскага, “Вейнаўская крыніца” меў выдатныя магчымасьці для заваяваньня сваёй нішы на рынку мінэральнай вады:
“Вейнаўская крыніца” мае дужа добрую вытворча-эканамічную гісторыю. Ён у свой час займаў другое месца пасьля “Трайпла” на рынку безалькагольных напояў. Што адбылося за апошнія гады — гэта вымагае дадатковага аналізу”.
Вядома, што ў сакавіку былі ўведзеныя новыя стандарты якасьці да бутыляванай вады. Паводле іх прадпрыемствам забаранялася ачышчаць ваду хляраваньнем. Больш жорсткія патрабаваньні ўвялі й да іншых спосабаў яе ачысткі. Экспэрты ўжо тады прадказвалі, што новыя стандарты нэгатыўна адаб’юцца на працы сямідзесяці працэнтаў такіх прадпрыемстваў.