Крымінальную справу супраць моладзевага актывіста Аляксандра Баразенкі, апошняга фігуранта ў “справе 14-ці”, перадалі ў суд. Аляксандр ад 27 кастрычніка знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары. Яго як і 13 іншых удзельнікаў справы, абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта пацягнулі масавыя беспарадкі падчас акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.
Судзіць Аляксандра Баразенку будзе судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Валеры Есьман.
У крымінальнай справе, якую назвалі “справай 14-ці” пакаралі 13 чалавек, у тым ліку непаўналетняга Максіма Дашука. Сьледзтва распачалі адразу пасьля акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. У сакавіку пакаралі 10 чалавек, а ў красавіку – яшчэ трох.
Аляксандр Баразенка падчас сьледзтва знаходзіўся ў Польшчы. Ён -- студэнт Уроцлаўскага ўнівэрсытэту. Пасьля таго, як Аляксандра адлічылі з першага курсу БДУ за ўдзел у студэнцкай акцыі супраць скасаваньня льготаў, ён паехаў вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага.
27 кастрычніка Аляксандр сам прыйшоў на допыт. Сьледчы выставіў яму абвінавачаньне і абраў мерай стрыманьня арышт.
Адвакат Павал Сапелка ў “справе 14-ці” абараняў Паўла Вінаградава, Арцёма Дубскага і Алеся Чарнышова. Ён разьлічвае, што суд ня будзе строга караць ягонага падабароннага Аляксандра Баразенку:
“Ня першы раз я сустракаюся з гэтай справай і, улічваючы, што амаль няма спадзяваньняў на апраўданьне, то разьлічваю, што тут хаця б улічаць неабходнасьць працягу навучаньня майго падабароннага і пакараюць яго ня вельмі жорстка. Ня будуць яго караць абмежаваньнем волі”.
Бацька Аляксандра меў зь ім спатканьне. Ён супакоіў жонку, што сын знаходзіцца ў больш менш прымальных умовах – зь ім у камэры 10 чалавек.
Гаворыць маці Аляксандра Алена Баразенка:
Там і няма за што даваць нешта больш сур’ёзнае. Ніякага злачынства ён ня зьдзейсьніў
Цягам тыдня стане вядома дата судовага паседжаньня. Паколькі Аляксандр будзе адзін на лаўцы падсудных, то справу могуць разгледзець цягам аднаго дня.