Аляксандар Баразенка да суду застанецца за кратамі. Яго абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія прывялі да масавых беспарадкаў, што нібыта мелі месца падчас акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.
У справе, вядомай пад назвай “справа 14-ці”, 13 чалавек былі пакараныя абмежаваньнем волі і штрафамі. Аляксандар Баразенка — апошні ў сьпісе абвінавачаных. Яго арыштавалі 27 кастрычніка пасьля допыту ў сьледчым камітэце.
Аляксандар Баразенка мае статус абвінавачанага ў крымінальнай справе супраць 14 чалавек, актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якіх затрымалі пасьля акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Тады Аляксандар адседзеў 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра тое, што ягонае прозьвішча занесьлі ў сьпіс падазраваных у крымінальнай справе, ён даведаўся толькі тады, калі здаваў зімовую сэсію ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце.
Аляксандар тэлефанаваў сьледчым і казаў, што прыедзе на допыт пасьля таго, як здасьць летнюю сэсію. Тым часам у красавіку ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 13 абвінавачаных у справе былі пакараныя абмежаваньнем волі і штрафамі.
Адвакат Аляксандра Баразенкі Павал Сапелка лічыць, што ягоны падабаронны да суду будзе знаходзіцца ў камэры.
“Паколькі Аляксандру ўжо прад’яўлена абвінавачаньне, то адзінае, што можна зрабіць, гэта падаць хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Ня вельмі шмат спадзяваньняў, што яго задаволяць.
Спадзяюся, што ён ня доўга будзе чакаць суду. Справа практычна завершаная. Сёньня пачынаем знаёміцца з матэрыяламі гэтай справы”.
Бацькі Аляксандра жывуць у Пінску. Ягоная маці Алена Баразенка вельмі непакоіцца станам здароўя свайго сына.
“Нам ніякай позвы не дасылалі, афіцыйна нічога не паведамлялі, нічога… Усё, што мы ведалі, як і ён, гэта інтэрнэт і паведамленьні з вольнай прэсы.
За вучобу, канечне, вельмі непакоімся. Хочацца, каб ён давучыўся, бо з адукацыяй ён можа больш зрабіць для краіны, чым цяпер можа зрабіць.
Цяпер галоўнае, каб зь ім усё ў парадку было, каб не было праблемаў са здароўем”.
Сябар Аляксандра Павал Вінаградаў адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў Менску па месцы жыхарства. Сёньня ён наведаў Заводзкі РУУС, каб стаць там на ўлік, бо пераехаў на іншую кватэру. Павал лічыць, што ягонага сябра не адпусьцяць да суду. Ён прыгадаў, што Аляксандра цягам тыдня двойчы здымалі зь цягніка на беларуска-расейскай мяжы, і шанцаў выехаць за межы краіны ў яго не было.
“Я лічу, што калі чалавек сам прыйшоў на допыт, то садзіць яго пад варту ў такой сытуацыі няма ніякага сэнсу. А што тычыцца прысуду, то лічу, што ён будзе, як і нам усім — два гады абмежаваньня волі”.
Аляксандар Баразенка двойчы адбываў арышты: у 2007 годзе — за ўдзел у моладзевай акцыі супраць скасаваньня льготаў, сёлета — за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Ад траўня сьледчыя падалі яго ў крымінальны вышук як падазраванага ў “справе 14-ці”.
Аляксандар вучыцца на другім курсе Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту па праграме Кастуся Каліноўскага. Ад 28 кастрычніка актывісты дэмакратычнага руху пачалі ладзіць акцыі салідарнасьці з Аляксандрам у розных месцах Менску.