Хто выйграе ад фінансавага крызісу?

Чалавецтва заўсёды жыло ад крызісу да крызісу. Перад кожным крызісам быў нядоўгі росквіт, а потым застой. Каму выгадны ўсясьветны фінансавы крызіс? Хто можа выйграць падчас крызісу? Ці можа выйграць Беларусь, дзе няма фондавых рынкаў? Хто зь беларусаў можа выйграць, разбагацець?

Крызісы прыводзілі да зьмены рэжымаў, зьяўленьня харызматычных лідэраў і новых нацыянальных ідэй, якія часьцяком аказваліся разбуральнымі. Вялікая дэпрэсія ў Амэрыцы прывяла да ўлады Рузвэльта. У той жа час у Нямеччыне ў 1933 годзе прыйшоў да ўлады Гітлер…

Нафтавы крызіс у СССР у 1987 годзе, калі рухнулі цэны на нафту, прывёў да спыненьня вытворчасьці, гіпэрінфляцыі, а праз 4 гады вялікая краіна развалілася. Потым былі “чорны аўторак” і дэфолт 1998 году ў Расеі, азіяцкі крызіс пры канцы 1990-х. Некаторыя называюць цяперашнія праблемы Вялікай дэпрэсіяй ХХІ стагодзьдзя і нават фінансавым Армагедонам.

І хоць кіраўнік беларускай дзяржавы забараніў ужываць слова “крызіс” — маўляў, яго няма, а Беларусь апынулася ў найбольш выгадным становішчы перад глябальнымі эканамічнымі выклікамі, саміх беларусаў хвалюе сытуацыя ў сьвеце.

Станіслаў Багданкевіч
Экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч кажа:

“Ад крызісу заўсёды нехта выйграе, таму што гэта перш за ўсё няўстойлівасьць. Хтосьці выйграе, хтосьці прайграе — гэта як у рулетку гуляць у казіно… Хтосьці можа акцыі купіць ў Расеі, у сувязі з тым, што цана на іх упала ўжо да дна. А потым яны вырастуць у два разы, вось і заробіць чалавек удвая на гэтай акцыі”.

Яраслаў Раманчук
Эканаміст Яраслаў Раманчук выказаў такое меркаваньне наконт тых, хто выйграе падчас крызісу:

Выйграюць усе тыя, хто мае ўвогуле даўгі.
Першыя, хто выйграе — тыя, хто мае велізарныя рублёвыя крэдыты пад вельмі нізкую працэнтную стаўку. Калі, напрыклад, вы ўзялі 1 мільярд рублёў пад 10% у рублях пры інфляцыі 20 — 30% — гэта, безумоўна, вельмі выгодна для вас. Выйграюць усе тыя, хто мае ўвогуле даўгі”.

Зьміцер Бабіцкі
Эканаміст Зьміцер Бабіцкі наконт таго, хто выйграе і хто прайграе, выказаўся па-філязофску:

“Ёсьць гульцы. Гэта як у казіно: можна паставіць на чорнае, можна — на чырвонае. Можна зараз паставіць на падзеньне рубля — узяць крэдыт у рублях, набыць кватэру, напрыклад. Потым рубель упадзе, кватэру прадаць і вярнуць сабе ўжо больш рублёў. Ёсьць такія гульцы.
Калі б я ведаў, хто выйграе, я быў бы сярод іх, правільна?
Ёсьць, магчыма, іншыя схемы. Калі б я ведаў, хто выйграе, я быў бы сярод іх, правільна?”

У апошнім фінансавых крызісе вінавацяць Злучаныя Штаты. Дакладней, зялёныя паперчыны з партрэтамі прэзыдэнтаў, якія запаланілі сьвет, ня маючы на тое дастатковага забесьпячэньня. Зусім нядаўна ў ЗША давалі танныя крэдыты пад іпатэку зь мізэрнымі працэнтнымі стаўкамі. Іпатэчны рынак рухнуў. За ім рухнулі банкі. І пачалося…

Але зараз даляр крыху падняўся. Прынамсі, у суседніх зь Беларусьсю Польшчы і Літве даволі істотна. Спадарыня Ірына працуе ў Варшаве. Напярэдадні выходных яна прыехала ў Беларусь і падзялілася такімі ўражаньнямі:

“Беларусы зноў пачалі езьдзіць у Варшаву на закупы. Купляюць бытавую тэхніку: лядоўні, пасудамыейныя, пральныя машыны. Гэта сталася таму, я думаю, што з-за эканамічнага крызісу польскі злоты вельмі моцна здаў свае пазыцыі. І цяпер беларусам, хто мае даляры, вельмі выгадна ехаць у Польшчу, здаваць іх там і набываць тэхніку. Не перашкаджае нават тое, што на мяжы трэба плаціць так званую “растаможку”. Атрымліваецца ўсё адно таньней, чым купіць у Беларусі. Да таго ж, на мяжы можна яшчэ аформіць “tax free”: тым, хто не пражывае ў краінах Эўразьвязу, вяртаецца 22% ад кошту тавару”.

Нядаўна кіраўнік дзяржавы правёў нараду ў пытаньнях дзяржаўных гарантый для банкаўскіх укладаў, падпісаў адпаведны дэкрэт. І некаторыя людзі, асабліва сталага веку, зноў спакусіліся на абяцаньні і высокія стаўкі па дэпазытах — і панесьлі апошнія ашчаджэньні ў банкі. Пытаюся ў былога галоўнага банкіра краіны:

Карэспандэнтка: “Цяпер усе банкі павысілі стаўкі па дэпазытах. Калі шмат грошай пакласьці, то можна выйграць?”

“Я думаю, што не. Таму што інфляцыя рэальная —
Ва ўмовах вялізнай інфляцыі бываюць толькі страты ўкладчыкаў. Якія там прыбыткі!
20%, а калі ўзяць харчы, тавары першай неабходнасьці — то ўсе 30%. А ў нас няма такіх ставак — па 30%. Таму ва ўмовах вялізнай інфляцыі бываюць толькі страты ўкладчыкаў. Якія там прыбыткі!”

І ўсё ж, як зьберагчы, а ня страціць невялікія ашчаджэньні простаму беларусу? Старшыня Беларускай асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў раіць:

“Цяпер меркаваньне спэцыялістаў — грошы пакуль паберагчы, сапраўдныя, жывыя. Нікуды іх не ўкладаць, нічога не купляць. Заціхарыцца і перачакаць, пакуль гэтае ліха пройдзе”.

Натуральна, ад крызісу могуць выйграць чыноўнікі высокага рангу, тыя людзі, якія пры ўладзе. Так было напачатку 1990-х, калі пры гіпэрінфляцыі яны мелі магчымасьць бясконца браць крэдыты. Так можа быць і цяпер, — сьцьвярджае эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Вы́йграюць тыя людзі, якія будуць накіроўваць антыкрызісныя грошы ў розныя праекты, таму што кантролю за гэтым значна меней. Пад шумок, як мы ўжо ведаем, можна завозіць у Беларусь грошы без дэклярацыі й потым, калі павялічыцца колькасьць банкруцтваў, за адну базавую велічыню, за 11 эўра, купляць вельмі добрыя прадпрыемствы. Укласьці 10 — 20 тысяч даляраў, нават 100 тысяч даляраў. А на выхадзе атрымліваеш прадпрыемства вартасьцю 5 — 10 мільёнаў даляраў. Гэтыя пад’ёмы пад 20 000% у Беларусі таксама магчымыя, і іх рабіць сёньня могуць толькі тыя людзі, якія зьяўляюцца часткай вышэйшых эшалёнаў намэнклятурнай улады”.