Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы крызіс закране Беларусь праз Расею і Ўкраіну?


Усясьветны фінансавы крызіс, які ахапіў многія краіны сьвету, найменей закране тыя рэгіёны, дзе фондавага рынку няма. Але ці азначае гэта, што такія інвэстыцыйна непрывабныя дзяржавы, як Беларусь, могуць адчуваць сябе спакойна?


Насуперак пашыранай думцы, што ўсясьветны крызіс пакіне Беларусь убаку, эканаміст, супрацоўнік Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Падгайскі не выключае ўскосных фактараў, якія могуць нэгатыўна паўплываць на яе празь цесную эканамічную сувязь з Расейскай Фэдэрацыяй:

Тое, што Беларусь не інтэграваная ў сусьветную фінансавую сыстэму, гэта ў нейкай ступені агароджвае нас ад гэтых тэндэнцый. Іншая справа, што крызіс можа часткова закрануць нас праз банкі
“Тое, што Беларусь не інтэграваная ў сусьветную фінансавую сыстэму, гэта ў нейкай ступені агароджвае нас ад гэтых тэндэнцый. Іншая справа, што крызіс можа часткова закрануць нас праз банкі, паколькі ў банкавай сфэры ўдзел замежнага капіталу ў апошнія гады нарошчваўся. А гэта грошы заўсёды досыць мабільныя: могуць прыйсьці і гэтак жа могуць схлынуць. А так уплыў у асноўным апасродкаваны, праз агульнаэканамічны крызіс. Прыкладам, калі гэта сур’ёзна закранае Расею, то непазьбежна праз цэнавыя фактары, праз эканамічныя сувязі будзе рэзанаваць і на нас. Але, яшчэ раз паўтару, ускосна”.

Разам з тым Аляксандар Падгайскі лічыць, што на ўзроўні абываталя крызіс наўрад ці будзе заўважаны ўвогуле. Нейкі нэгатыўны эфэкт можа быць бачны на ўзроўні вялікага бізнэсу, дзе ў абарот закладзеныя вялікія сумы. Як і іншыя аналітыкі, ён ня раіць мітусіцца і сьпяшацца пераводзіць актывы з адной валюты ў іншую.

Кіраўнік асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі таксама ня схільны драматызаваць сытуацыю вакол таго, што фінансавы крызіс урэшце закране і простых людзей у Беларусі. На яго думку, працэсы апошняга часу добра кіруюцца, і асноўныя тэндэнцыі ў фінансавай сфэры будуць захаваныя без істотных зьменаў на валютным рынку:

Але я хачу сказаць, што эканоміка ЗША ў любым выпадку вельмі моцная, і ня выключана, што пры зьмене эканамічнага курсу тэндэнцыі могуць зьмяніцца радыкальна. Усё можа быць
“Увогуле прагназаваньне — справа складаная. У свой час, размаўляючы з прэзыдэнтам “Дойчэ Банку”, мы таксама такое пытаньне задавалі: як жа будзе складацца сытуацыя на фінансавым рынку ў цэлым і вакол суадносінаў даляру і эўра ў прыватнасьці? І ён нам шчыра прызнаўся: калегі, ня ведаю, жыцьцё пакажа. Таму можна адказаць ягонымі словамі. Але на бліжэйшы час тэндэнцыя будзе ўстойлівая што да захаваньня курсу эўра да даляра. Але я хачу сказаць, што эканоміка ЗША ў любым выпадку вельмі моцная, і ня выключана, што пры зьмене эканамічнага курсу тэндэнцыі могуць зьмяніцца радыкальна. Усё можа быць”.

Ад фінансавага крызісу, апроч суседняй Расеі, пацярпела і Ўкраіна, дзе ступень капіталізацыі — адна з найвышэйшых на постсавецкай прасторы. Малодшы навуковы супрацоўнік катэдры міжнародных эканамічных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту Дзьмітрый Калінін лічыць, што беларускія структуры, завязаныя менавіта на партнэрскіх стасунках з гэтымі краінамі, рана ці позна ўсё ж адчуюць наступствы фінансавага крызісу:

“Ужо зараз бачна, што Расея пацярпела вельмі моцна ад сусьветнага крызісу і Ўкраіна, дарэчы, таксама. На тое ён і сусьветны, што закранае ўсе краіны, якія ўключаныя ў гэты працэс. Расея і Ўкраіна, адрозна ад Беларусі, вельмі моцна інтэграваныя ў міжнародны працэс, таму акцыі іх прадпрыемстваў імкліва падаюць — замежныя інвэстары грошы забіраюць назад да сябе. Адпаведна, калі адбываецца запавольваньне росту нашых суседзяў і галоўных гандлёвых партнэраў, то, натуральна, гэта адбіваецца і на дзейнасьці нашых прадпрыемстваў.

Насамрэч тое, што мы ня так моцна інтэграваныя ў сусьветную эканоміку, мае свае недахопы, але ў той жа час мае і свае перавагі — у тым сэнсе, што калі адбываюцца сусьветныя крызісы, то гэта мала тычыцца тых краінаў, якія ў яе не інтэграваныя. Але тым ня меней, паколькі інтэграваныя нашы ключавыя гандлёвыя партнэры, то ўсё ж нас гэта рана ці позна закране. Але ня ў той ступені, натуральна, як іх”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG