У пытаньні візавых палёгкаў пазыцыя АДС і ўладаў супадае

Эўразьвяз разглядае магчымасьць пашырыць супрацоўніцтва з Беларусьсю коштам новых сфэраў. Перадусім — харчовая бясьпека, фінансавыя інстытуцыі і адзіныя стандарты якасьці. Як рэагуюць на новыя ініцыятывы Брусэля ў Менску?

Прапановы пашырыць супрацоўніцтва з Беларусьсю прывёз у Менск намесьнік генэральнага дырэктара Эўракамісіі ў зьнешніх сувязях Х’ю Мінгарэлі. “Яны з’яўляюцца практычна цікавымі для нашай краіны”, — заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў:

“Мы за тое, каб набліжацца да эўрапейскай прасторы. Прынамсі і з таго пункту гледжаньня, каб набліжацца ў максымальнай ступені да стандартаў у эканамічнай, экалягічнай ды іншых сфэрах, якія дзейнічаюць у Эўропе. Мы лічым, што гэта адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь. І мы спадзяемся, што беларускі бок зможа задзейнічаць у гэтай сувязі свой патэнцыял кансультацыйнай і тэхнічнай дапамогі”.

Анатоль Лябедзька
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам зь іншымі лідэрамі АДС сустракаўся са спадаром Мінгарэлі “Падчас размовы зь ім мы таксама абмяркоўвалі тое, што можа зрабіць Эўропа для Беларусі”,— гаворыць спадар Лябедзька. І дадае, што, напрыклад, у зьмяншэньні коштаў замежных візаў для беларусаў падыходы як улады, так і апазыцыі супадаюць:

“Мы за тое, каб зьмяншаць кошт візаў. А там, дзе гэта мажліва, наагул іх здымаць. Так дэкляруе ўлада. Такую ж пазыцыю займаюць і Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы”.

Андрэй Кабякоў
Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў пасьля размовы з высокім чыноўнікам Эўразьвязу сказаў, што Беларусь атрымала ад Эўразьвязу “хатняе заданьне”. Спробы высьветліць, што канкрэтна ўваходзіць у паняцьце “хатняе заданьне”, плёну пакуль не прынесьлі. Прынамсі Андрэй Папоў сёньня сказаў на гэты конт наступнае:

“Што тычыцца “хатніх заданьняў”, дык мы сыходзім з таго, што бакі тут нічога нікому не навязваюць. Фундамэнтальным прынцыпам супрацоўніцтва зьяўляецца наступны — узаемная павага. Мы зыходзім з таго, што існуюць сфэры, дзе ў бакоў ёсьць узаемны інтарэс. Мы нічога і ні ў каго ня просім. Мы можам (і ў стане) прапаноўваць Эўрапейскаму зьвязу супрацоўніцтва там, дзе, нам падаецца, Эўразьвяз мог бы атрымаць для сябе значную выгоду”.

Анатоль Лябедзька кажа, што АДС падрыхтавалі мінімальны пакет дэмакратычных рэформаў. Менавіта іх улады Беларусі мусяць рэалізаваць цягам шасьці месяцаў мараторыю, які Брусэль увёў для Аляксандра Лукашэнкі:

“Ад уладаў патрабуецца, каб яны зрабілі крокі ў бок лібэралізацыі сытуацыі ў краіне. Гэта — выбары, правы грамадзянаў, мэдыі. І калі яны гэта зробяць, дык тады зьяўляецца магчымасьць вырашэньня эканамічных праектаў. Гэта і інвэстыцыі, і крэдыты, і мажлівасьць выхаду на заходнія рынкі. 1+1=2, толькі так. А ня браць толькі адзін складнік — вы нам дайце, а мы нічога ўзамен ня будзем — такі падыход малаэфэктыўны. Ён ня дасьць вынікаў. Бо, каб нешта атрымаць, трэба даць узамен”.


Пакет АДС складаецца з чатырох пунктаў:
  • лібэралізацыя Выбарчага кодэксу,
  • дэмакратызацыя законаў аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях,
  • роўнасьці дзяржаўных і недзяржаўных мэлыяў, і
  • выключэньне з Крымінальнага кодэксу артыкулаў, якія прадугледжваюць пакараньне за палітычную іншадумнасьць.