Сёньня скончыла сваю дзейнасьць місія МВФ, якая прыбыла ў Менск 27 кастрычніка на перамовы з афіцыйным Менскам аб выдзяленьні двухмільярднага стабілізацыйнага крэдыту.
Міжнародны валютны фонд праводзіць перамовы пра новыя крэдыты з шэрагам краінаў, сярод якіх Беларусь. Гэтыя крэдыты прадугледжваюць хуткую працэдуру іх выдачы і меншую колькасьць умоваў адносна эканамічнай палітыкі, чым гэта было раней. Пакуль місія МВФ не паведамляе высноваў пра сваю працу ў Менску. Кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў адзначыў:
“Яны атрымалі інфармацыю, цяпер яны яе прааналізуюць і абвесьцяць пра сваё рашэньне”.
Афіцыйны Менск просіць стабілізацыйны крэдыт на 2 мільярды даляраў. Аднак, магчыма, за той час, пакуль працавала місія, сытуацыя стабілізавалася, і ў ім ужо няма асаблівай патрэбы? На гэта спадар Драздоў сказаў:
“Калі мы пішам ліст, то мы адказваем за свае словы. Мы напісалі, што патрэбны, значыць, патрэбны. Вось тут сытуацыя не памянялася”.
Працэдура выдзяленьня крэдыту МВФ прадугледжвае падрыхтоўку кароткага пісьмовага дакладу пра эканамічную сытуацыю ў краіне. Пасьля пагадненьня з уладамі аб праграме крэдытаваньня распаўсюджваецца даклад, падрыхтаваны пэрсаналам МВФ. І рада фонду разглядае просьбу аб прадстаўленьні крэдыту цягам 48-72 гадзінаў.
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што крэдыт МВФ афіцыйны Менск хутчэй за ўсё атрымае:
“Калі дадуць, то дадуць значна меншы, чым спадзяецца ўрад.
Варункі МВФ зьвязаныя з тым, каб урад пачаў клапаціцца не пра зьнешні лоск, а пра прычыны, якія прыводзяць да эскаляцыі нэгатыўных тэндэнцый
Тым часам МВФ ужо прыняў рашэньне пра выдзяленьне Ўкраіне антыкрызіснага крэдыту ў 16,4 мільярда даляраў, каб дапамагчы “аднавіць фінансавую і эканамічную стабільнасьць і ўмацаваць давер”. Яраслаў Раманчук адзначае, што Ўкраіна даўно супрацоўнічала з МВФ і такой паўзы ў дачыненьнях, як зь Беларусьсю, там не было:
“Украіна ў гэтым кантэксьце значна больш рынкавая краіна, чым Беларусь. Украіна мае і прыватны бізнэс, і па шмат якіх пазыцыях яна задавальняе МВФ. Але фіскальная, манэтарная дысцыпліна на Ўкраіне ў некаторых аспэктах нават горшая, чым у нас. Але ім далі, бо давер да ўкраінскага ўраду, да прэзыдэнта ў МВФ большы. Калі наша кіраўніцтва называла МВФ рознымі зьедлівымі словамі, то гэта таксама атмасфэру даверу не стварае”.