Палітоляг Вячаслаў Пазьняк мяркуе, што ключ да магчымых пазытыўных пераменаў у беларуска-амэрыканскіх стасунках знаходзіцца не ў Вашынгтоне, а ў Менску:
“І па вялікім рахунку гэта не залежыць ад зьмены прэзыдэнта ў ЗША. Насамрэч пытаньне ў тым, што ў зьнешняй палітыцы, у прыватнасьці што да беларускай праблематыкі, у ЗША існуе міжпартыйны кансэнсус. Гаворка ідзе пра тое, што, будучы дэмакратычнай краінай, ЗША кіруюцца прынцыповым падыходам да стасункаў зь Беларусьсю.
Гаворка ідзе пра тое, што Беларусь павінна рухацца ў дэмакратычным кірунку, захоўваць правы чалавека, ажыцьцяўляць унутраную і зьнешнюю палітыку ў адпаведнасьці з падпісанымі дакумэнтамі, у якіх і агаворваюцца абавязаньні дзяржавы ў рамках міжнароднай супольнасьці. Я б нагадаў нават той момант, што, беручы ўдзел у праграме НАТО “Партнэрства дзеля міру”, Беларусь узяла на сябе абавязаньне таксама кіравацца дэмакратычнымі прынцыпамі”.
Што б пажадаў спадар Пазьняк новаму прэзыдэнту ЗША зрабіць у дачыненьні да Беларусі?
”Напэўна, абсалютна натуральным для беларуса было б жаданьне, каб новаабраны прэзыдэнт як мага хутчэй зьвярнуў увагу на стасункі з нашай краінай, разьвіцьцё кантактаў з грамадзянскай супольнасьцю, падтрымку розных праграмаў супрацоўніцтва і нармалізацыі стасункаў з нашай дзяржавай на прынцыпах, пра якія я казаў”.