Сёньня ў Гомелі на 9 кілямэтры Чарнігаўскай шашы дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
А 15 гадзіне да Пакутнага крыжа з надпісам: “Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919—1940 г.г.” прыйшлі са сьвечкамі й восеньскімі кветкамі прадстаўнікі АГП, БНФ, стваранай Партыі свабоды й прагрэсу, руху “За свабоду” ды проста неабыякавыя гараджане.
Жалобную імпрэзу адкрыў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:
“Сёньня мы ўшаноўваем памяць ахвяраў масавых рэпрэсіяў, якія мелі месца ў 20—30-я гады. Гэта ганебная старонка ў гісторыі нашай краіны, якая прыпадае на першую палову ХХ стагодзьдзя. Мы не павінны забываць тое, што тут адбывалася. Калі ня будзе памяці, гэта можа паўтарыцца. Толькі ад нас, ад нашай памяці залежыць, каб гэта не паўтарылася”.
Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць нявінных ахвяраў.
Ля Пакутнага крыжа запалілі сьвечкі. Прысутныя ўсклалі чырвоныя гвазьдзікі, позьнія восеньскія астры, адмысловы кошык з кветкамі ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомельшчыны з надпісам на чорнай стужцы: “Ахвярам тваім, Беларусь”.
Жалобную імпрэзу здымалі з аўтамашыны на відэакамэру людзі ў цывільным.
Ад крыжа жалобная працэсія накіравалася ў лес за Навабеліцу, дзе летась салдаты 52 асобнага пошукавага батальёну Міністэрства абароны знайшлі парэшткі сямідзесяці расстраляных.
Афіцыйна ўлады не прызналі лясное ўрочышча месцам масавых расстрэлаў. Крыж, аднак, паставілі. Між тым сьведкі з навакольных вёсак распавядаюць, што ў 30-я гады менавіта тут энкавэдысты масава расстрэльвалі мірных жыхароў. Паводле некаторых зьвестак, у лесе расстраляная й знаная дзяячка БНР Палута Бадунова.
Дэмакратычныя актывісты ўсталявалі ў лесе на месцы катаваньняў памятны камень: “Тваім пакутнікам, Беларусь”.
Да памятнага каменя актывісты таксама прынесьлі жалобны вянок і восеньскія кветкі.
Гаворыць рэгіянальны каардынатар стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Пятро Кузьняцоў:
“Менавіта ў гэтым лесе, на гэтым месцы энкавэдысты расстрэльвалі сваіх ахвяраў — мірных, нявінных людзей. Гэта — гомельскія Курапаты. Я ўпэўнены, што ў кожным горадзе і нават вёсках ёсьць свае Курапаты. Але, на жаль, яны яшчэ ня ўсе вядомыя, гэтыя пакутныя месцы”.