Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Курапаты пачынаюцца ў сутарэньнях КДБ”


Сёньня ў Менску ў гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой адбылася прэм’ера новага дакумэнтальнага фільма пра Курапаты.

Гэта трэці фільм пра Курапаты за дваццаць гадоў, што мінулі з часу адкрыцьця грамадзкасьцю гэтага ляснога ўрочышча пад Менскам, дзе ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя сталінскія карнікі праводзілі масавыя расстрэлы,. Першы зьняў рэжысэр Міхаіл Жданоўскі, другі – чэскія кінэматаграфісты. Гэтым разам трыццаціхвілінную дакумэнтальную стужку зрабілі Галіна і Ўладзімер Самойлавы.

Галоўнае адрозьненьне новага фільма ад двух папярэдніх у тым, што ён паказвае ня толькі і ня столькі падзеі, якія адбываліся ў Курапатах за часы сталінскіх рэпрэсіяў, а стаўленьне ўладаў і грамадзтва да гэтае мясьціны масавых расстрэлаў і магілаў дзясяткаў тысяч забітых тут людзей, - кажа рэжысэр Уладзімер Самойлаў:

“Мы здымалі не пра самі Курапаты (гісторыя Курапатаў больш-менш вядомая), а пра стаўленьне сучаснага грамадзтва да гэтай праблемы. Стаўленьне жахлівае, паколькі яго такім падтрымлівае дзяржава. Ёсьць людзі сумленныя. Якія ставяць там крыжы, якія іх робяць, якія там талокі праводзяць, якія сьмецьце прыбіраюць, косяць траву і робяць шмат яшчэ чаго. Але асноўная маса людзей праяжджае па дарозе паўз урочышча і бачыць шыльду “Леса-паркавая гаспадарка”. На гэтым і канчаецца іх знаёмства з Курапатамі. Таму мы і хацелі паказаць сучаснае стаўленьне да Курапатаў”.

Фільм складаецца зь пяці частак: “Дарога сьмерці”, “Дарога праўды”, “Дарога сумленьня”, “Дарога барацьбы” і “Дарога веры”. У ім удзельнічаюць гісторык Ігар Кузьняцоў, археолягі Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў, пісьменьнік Леанід Маракоў, прадстаўнікі грамадзкасьці. Многія зь іх былі на прэзэнтацыі і падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад фільму.

Спадарыня: “Паказана, як адстойваюць Курапаты, частка насельніцтва ўсё ж ведае пра іх. У фільме ня проста інфармацыя даецца пра зробленае тут, а яшчэ аналізуецца. І ахвяры тут ёсьць, і карнікі. Гэта вельмі важна падкрэсьліць. Такія моманты мне вельмі спадабаліся ў гэтым фільме”.

Пісьменьнік Леанід Маракоў, які дасьледуе гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі, лічыць, што аповед пра Курапаты трэба пачынаць з сутарэньняў будынку Камітэту дзяржбясьпекі, у турме Камітэту – гэтак званай "амэрыканцы":

“Курапаты пачынаюцца ў сутарэньнях КДБ, у падвалах НКВД былых, там, дзе большасьць людзей пастралялі і потым ужо нябожчыкаў вывозілі. Хто ажываў, тых дабівалі ўжо ў саміх Курапатах. Былі выпадкі. Што і там стралялі, але асноўныя Курапаты пачынаюцца ў сутарэньнях КДБ, “амэрыканцы” і іншых. І калі будзе зьняты фільм ужо такога ўзроўню – Курапаты, якія пачынаюцца з “амэрыканкі”...”.

Пакуль што стваральнікаў фільма ня толькі не пусьцілі здымаць у вядомым будынку, але нават адмовілі ў экскурсіі ў музэй КДБ, якія там час ад часу ладзяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG