23 кастрычніка. Працяг фотаблогу з Парыжу.
У часе службовага знаходжаньня ў Парыжы я знайшоў гадзіны, каб пахадзіць па мясцовых парках і сквэрах. Ад гэткай спакусы нельга было адмовіцца, бо на пачатку 20-х чыслаў кастрычніка ў Парыжы было сапраўднае бабіна лета, ці як кажуць французы, “індзейскае лета”.
Зямля ў Парыжы надта дарагая, таму кожны парк ці сквэр дагледжаны, упарадкаваны, чысты, упрыгожаны творамі мастацтва, прыстасаваны да рэкрэацыйных патрэбаў людзей.
Дрэвы тут – сваеасаблівы аб’ект дызайну, шэрагі іх раўняюць, кроны пастрыгаюць з густам. У парку Цюільры стаяць радочкі дрэў з кронамі-шарамі. А ў Люксэмбургскім садзе – з простакутнымі кронамі. Яны пакідаюць больш сонца для іншых расьлін і людзей.
У Парыскіх парках не сьпяшаюцца сабраць апалую лістоту, ёю можна задуменна шамацець нагамі. У тутэйшых парках і сквэрах можна пасядзець ці паляжаць на траве, пагуляць зь дзецьмі ў мяч.
Затое тут нельга выпіваць віно ці піва. Такі знак варта экспартаваць у беларускія паркі.
Дарожкі ў парыскіх парках у большасьці натуральныя пясчаныя ці падсыпаныя спэцыяльным пясочкам. Асфальту імкнуцца пазьбягаць, тым болей звыклай для нас бэтоннай пліткі.
Паркі вельмі прывабліваюць мастакоў, якія разьмяшчаюць тут свае скульптуры, інсталяцыі ў самых розных сучасных формах.
Часам паркавыя скульптуры ўражваюць сваімі маштабамі, як вось гэтая гіганцкая галава прарока. Аўтар яе мастак Луі Дэрбэ заклікае кожнага наведніка парку інтэрпрэтаваць ягоны твор па-свойму.
Калі не хапае месца для дрэваў на вуліцах у самых заціснутых дамамі месцах, сквэры могуць узьнікаць і ў нечаканых месцах. Як бачна на гэтым здымку, хтосьці разьбіў сквэр на даху дома.
А гэта не парк і не сквэр, але месца, якое мне спадабалася найбольш – лінія пасадкі дрэваў на набярэжкнай Сены. Тут сьветла, радасна і спакойна. І гэтым настроем хачу падзяліцца з чытачамі сайту “Свабоды”.
На гэтым пакуль усё. Заўтра хачу сабраць для вас мазаіку самых розных парыскіх цікавостак.
Геаграфія Беларусі на Трыюмфальнай арцы
Аўтамабілі з разэткамі
Фотаблог з Парыжу