Як сусьветны фінансавы крызіс паўплывае на эканамічны стан Беларусі?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 21-га кастрычніка.


Сусьветны крызіс, які пачаўся як фінансавы, ператвараецца ў эканамічны. Чаго можна чакаць Беларусі ад падзеньня нафтавых цэнаў? Як зьменяцца ўмовы прыцягненьня замежных інвэстыцый і крэдытаў? Як адаб’ецца на беларускім экспарце эканамічны крызіс у Расеі?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандр Чубрык.


Чаго можна чакаць Беларусі ад падзеньня нафтавых цэнаў?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
: “Хоць беларускія афіцыйныя асобы пасьпяшаліся заявіць, што сусьветны крызіс не закране Беларусь, але першыя прыкметы яго ўжо зьявіліся. Маю на ўвазе, што шмат банкаў згарнулі шэраг крэдытных праграмаў, прыпынілі аўтакрэдытаваньне і іпатэчныя крэдыты. І тое, што рыхтуецца прэзыдэнцкі дэкрэт, які гарантуе вяртаньне ўсіх банкаўскіх укладаў, сьведчыць пра занепакоенасьць ўладаў сытуацыяй у суседніх краінах, і яны рыхтуюць прэвэнтыўныя захады.

Магчыма, найбольш адчувальным для беларускай эканомікі можа стаць падзеньне сусьветных цэнаў на нафту і нафтапрадукты. Вядома, што нафтапрадукты зьяўляюцца галоўным экспартным таварам Беларусі, ён дае звыш трэці паступленьняў ад экспарту. І вось зьявілася інфармацыя, што нафтапрадукты стала выгодней прадаваць на ўнутраным рынку, чым на зьнешнім. Дык чаго можна чакаць ад падзеньня нафтавых цэнаў?”

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба: “Высокія цэны на нафту сапраўды былі выгадныя беларускай эканоміцы. Таму што купляем мы сырую нафту ў Расеі па цэнах, якія значна ніжэй за сусьветныя, а нафтапрадукты прадаем па сусьветных цэнах у асноўным на Захад.

Але апошнім часам цэны упалі са 140 да 70 даляраў за барэль. Відавочна, наша эканоміка панясе страты. Яшчэ больш адмоўным стане сальда замежнагандлёвага балянсу”.


Прафіцыт бюджэту можа зьнікнуць

Аляксандар Чубрык
Аляксандр Чубрык: “Падзеньне нафтавых цэнаў ўжо пачынае адбівацца на нашай эканоміцы. Вось, напрыклад, у верасьні істотна зьнізіліся золатавалютныя рэзэрвы.

Гэтае падзеньне нафтавых цэнаў адбіваецца на нашай эканоміцы найперш у тым, што зьмяншаюцца паступленьні валютнай выручкі ў краіну. Беларусь атрымлівае дадатнае сальда ад гандлю нафтапрадуктамі ў тым выпадку, калі сусьветная цана нафты перавышае 80 даляраў за барэль. Атрымліваецца, што з жніўня ў нас адмоўнае сальда па гэтай пазыцыі.

Два нашых НПЗ даюць 10% даходаў кансалідаванага бюджэту. Калі сусьветныя цэны на нафту зьніжаюцца, то паменшаецца і памер мыта, якое паступае ў бюджэт. Такім чынам бюджэт страчвае.

Дасюль мы мелі прафіцыт бюджэту. З 2003 году нафтавыя цэны расьлі, таму ўрад мог перанакіроўваць гэтыя даходы ў эканоміку, падтрымліваць іншыя прадпрыемствы. Цяпер прафіцыт можа зьнікнуць, гэта адаб’ецца на эканоміцы адмоўна. Часткова кампэнсаваць гэтыя страты дазволіць уведзенае цяпер мыта на калійныя ўгнаеньні”.

Жаліба: “Сапраўды за верасень золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку зьменшыліся больш чым на 600 мільёнаў даляраў. Трэба думаць, што яны былі выдаткаваны на падтрымку абменнага курсу беларускага рубля. Таму што стабільны курс рубля апынуўся пад пагрозай”.


Як зьменяцца ўмовы прыцягненьня замежных інвэстыцый?

Карбалевіч: “Апошнім часам беларускія ўлады значную ўвагу надавалі прыцягненьню замежных інвэстыцый. Лукашэнка паставіў задачу вывесьці Беларусь у 30 краінаў зь лепшым інвэстыцыйным кліматам. Банкі, прадпрыемствы ахвотна бралі замежныя крэдыты. Але, як вядома, у пэрыяд эканамічнага крызісу грошы даражэюць. Як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы?”

Жаліба: “Сукупная зьнешняя запазычанасьць Беларусі складае 14,1 мільярда даляраў. Прычым больш як 9 мільярдаў зь іх — кароткатэрміновыя пазыкі, якія трэба вяртаць цягам году. Гэта запазычанасьці нашых прадпрыемстваў. Нашы банкі таксама бяруць валютныя крэдыты на Захадзе і ў Расеі, а потым рэфінансуюць беларускія прадпрыемствы.

Цяпер з пачаткам крызісу крэдыты падаражэлі, вырасьлі працэнты. У выніку атрымаць вонкавыя рэсурсы будзе цяжэй. Як вынік — звузіцца крэдытаваньне нашых прадпрыемстваў. Паўстане праблема аплаты імпарту сыравіны, камплектуючых. А адсюль — падзеньне вытворчасьці, інфляцыя і іншае.”

Чубрык: “Міжнародныя крэдытныя агенцвы прысвойваюць Беларусі рэйтынг, які адносіць краіну да рызыкоўнай шкалы. Гэта значыць, што ва ўмовах сусьветнага фінансавага крызісу крэдытныя рэсурсы для нас даражэюць і робяцца менш даступнымі.

Дасюль замежныя крэдыты дазвалялі забясьпечваць фінансаваньне дэфіцыту бягучага рахунку і зьнешнегандлёвага дэфіцыту. І цяпер ва ўраду ўзьнік новы галаўны боль: дзе ўзяць сродкі, якія раней знаходзілі самі прадпрыемствы? Назапашваньне доўгу ідзе найбольш у апошнія два месяцы году”.


Як адаб’ецца на беларускім экспарце эканамічны крызіс у Расеі?

Карбалевіч: “Асноўным рынкам збыту беларускай прамысловасьці і сельскай гаспадаркі зьяўляецца Расея. Але там з падзеньнем цэнаў на нафту і газ пачаўся сапраўдны эканамічны крызіс. Расейскі фондавы рынак ужо страціў 50% аб’ёмаў сваёй капіталізацыі. Некаторыя прамысловыя гіганты спыніліся. Можна узгадаць, што ў 1998 годзе расейкі дэфолт моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы. А як будзе гэтым разам?”

Жаліба: “Я думаю, што цяпер Расея не дапусьціць дэфолту, яе ўрад прымае рашучыя захады, каб уратаваць эканоміку. Але падзеньне вытворчасьці ў Расеі пацягне зьмяншэньне нашага экспарту ў гэтую краіну. Як вынік, гэта пацягне зьмяншэньне нашых валютных даходаў з усімі нэгатыўнымі наступствамі”.

Карбалевіч: “Вядомы расейскі эканаміст прафэсар Ясін выказаў вэрсію, што, наадварот, расейскі крызіс прывядзе да росту беларускага экспарту ў Расею. Бо зьбяднелыя расейскія спажыўцы больш ня змогуць купляць дарагую і якасную заходнюю прадукцыю, а будуць купляць больш танныя беларускія тавары”.

Жаліба: “Часткова, можа, і так. Але крызіс закране і багатых, і сярэднюю клясу Расеі. Таму гэты фактар, пра які казаў Ясін, ня будзе вырашальным”.

Чубрык: “Сапраўды, падчас расейскага крызісу 1998 году ў беларускіх экспарцёраў былі вялізныя праблемы. Цяпер у Расеі калі ня спад, то вялікае запаволеньне эканамічнага росту. А калі ў Расеі спыняецца рост, то ў нас спыняецца павялічэньне экспарту. Магчыма, нават экспарт зьменшыцца.

Праблема ў тым, што Расея не зьяўляецца краінай з свабоднай эканомікай. Істотная частка беларускай прадукцыі прадаецца там па расейскіх дзяржзамовах. А калі падчас крызісу расейскі ўрад вырашыць больш падтрымліваць нацыянальных вытворцаў, то беларускія тавары ня трапяць у дзяржзамовы

Сп. Ясін мае пэўную рацыю, хоць толькі ў некаторай ступені. Але палітыка падтрымкі нацыянальных вытворцаў у Расеі зьнівэлюе гэты эфэкт для беларускіх вытворцаў. Таму, пакуль Расея ня выйдзе з крызісу, у мяне аптымізму няма”.