Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі на курс рубля наймацней уплывае прэзыдэнт”


На якія сфэры беларускай эканомікі найбольш паўплывае сусьветны фінансавы крызіс? Ці можа застацца непахісным курс беларускага рубля? На гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканамісты Міхал Залескі і Зьміцер Бабіцкі.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Нягледзячы на запэўніваньні ўладаў, фінансавы крызіс ужо пачаў адбівацца на Беларусі. Істотна зьнізілася колькасьць беларускіх банкаў, якія выдаюць крэдыты на жытло. 15 кастрычніка многія банкі падвышаюць працэнтныя стаўкі па выдаваных крэдытах, а некаторыя замежныя банкі Беларусі абмежавалі альбо прыпынілі валютныя крэдыты на куплю тавараў, аўтамабіляў і будоўлю жыльля. Па-вашаму, наколькі трывалыя гэтыя тэндэнцыі і чаго яшчэ можна чакаць беларускім грамадзянам у якасьці наступстваў фінансавага крызісу?”


Ці дазволіць зачыненасьць уратавацца ад крызісу?

Залескі: “Варта найперш акцэнтаваць увагу на тым, якім чынам да нас дойдзе гэты крызіс. Беларусь адчыненая сьвету, але не фінансавым бокам, а прамысловым. У нас няма рынку каштоўных папераў і такіх банкаўскіх інструмэнтаў, якія ёсьць на Захадзе. Але мы моцна зьвязаныя з таварнымі рынкамі, і праз гэтую сувязь з таварнымі рынкамі, рынкам энэргарэсурсаў мы адчуваем ціск крызісу. Таму першы, хто адчуў гэта — нафтавікі, тыя, хто зьвязаны з газам і тыя, хто абслугоўвае фінансавыя плыні гэтых сэктараў”.

Цыганкоў: “Сапраўды, Беларусь зачыненая для эканамічнага сьвету фінансава, але яе эканоміка вельмі адкрытая з пункту гледжаньня залежнасьці ад экспарту. Што тут пераважыць? Ці дапаможа зачыненасьць ухіліцца ад крызісу?”

Зьміцер Бабіцкі
Бабіцкі: “Зачыненасьць нам не дапаможа ніякім чынам. Тое, што цяпер інвэстары трацяць, а нашы ня трацяць — дык гэта ня кажа, што ў нас сытуацыя лепшая. У нас проста інвэстараў няма.
Інструмэнты інвэставаньня ў нас іншыя: гэта ня акцыі, не каштоўныя паперы — а, напрыклад, нерухомасьць.
Ці проста інструмэнты інвэставаньня ў нас іншыя: гэта ня акцыі, не каштоўныя паперы — а, напрыклад, нерухомасьць. Што будзе зь яе цаной, невядома. Я лічу, што можа адбыцца спад, і нашыя ўнутраныя інвэстары таксама страцяць.

Я цалкам згодны са спадаром Залескім, што фінансавыя інстытуты ў нас ня разьвітыя — таму крызіс будзе ўплываць апасродкавана, праз таварныя рынкі. І я думаю, што можа панізіцца курс нашай валюты, і ўсе грамадзяне гэта адчуюць”.

Цыганкоў: “Наконт курсу беларускага рубля ідзе ўжо вялікая дыскусія. Адны сьцьвярджаюць, што ён абавязкова ўпадзе, прадстаўнікі ж Нацбанку заяўляюць, што яму нічога не пагражае. Якія вашы аргумэнты? Што наймацней уплывае на курс беларускага рубля?”

Міхал Залескі
Залескі: “У Беларусі на курс рубля наймацней уплывае прэзыдэнт. Калі ён захоча, каб курс трымаўся, захоча стабільнасьці ў гэтай сфэры, нават на страту экспарту, то можа быць зроблены такі крок — банкі павысяць гарантыі па дэпазытах і людзям гарантуюць вяртаньне большай сумы грошай, чым цяпер. У нас курс можа быць утрыманы валявым рашэньнем палітыкаў. Бо гэта зьвязана выключна з сацыяльнай палітыкай кіраўніцтва. Захочуць стварыць ілюзію стабільнасьці — створаць, могуць і крыху адпусьціць гэты курс.

Аднак прычынай для фармаваньня рэальнага курсу будзе выключна эфэктыўнасьць нашага экспарту. І тут зноў парадаксальная сытуацыя — калі ў Расеі становіцца менш валютнай выручкі (а яе стане менш з-за падзеньня цаны на нафту), то мы можам адрэагаваць такім чынам, што расейцы будуць у нас браць больш тавараў, якіх яны ня бралі раней, бо куплялі заходнія”.

Цыганкоў: “Вы кажаце, што на курс найбольш уплывае экспарт. Аднак нэгатыўнае сальда беларускага экспарту даўно нэгатыўнае, сёлета адмоўнае сальда замежнага гандлю за 6 месяцаў склала $2,2 мільярда, але курс трымаецца коштам замежных запазычаньняў. Ці можа дзяржава і надалей так шмат пазычаць? Бо крызіс жа, грошай нідзе няма…”

Залескі: “Можа пазычаць. Пад пэўныя гарантыі і выкарыстоўваючы пэўны канфлікт вакол маскоўскіх геапалітычных памкненьняў. Таксама Менск можа выкарыстоўваць сытуацыю вакол харчовага рынку і ўзрастаньне ролі калійных угнаеньняў і харчовай прадукцыі”.

Цыганкоў: “Найбольшыя праблемы ў сувязі зь фінансавым крызісам магчымыя ў банкаўскай сфэры, якая традыцыйна найбольш падуладная фінансавым крызісам. 10 кастрычніка аўтарытэтнае міжнароднае рэйтынгавае агенства Standard & Poor’s (S&P), панізіла доўгатэрміновы крэдытны прагноз з стабільнага на “нэгатыўны” для 13 расейскіх банкаў. Некаторыя зь іх нядаўна купілі беларускія банкі — напрыклад, Альфа-банк купіў “Межторгбанк”. Ці могуць гэтыя расейскія праблемы перакінуцца на Беларусь і ў якой форме?”


“Пацерпяць банкі, будаўніцтва і нафтаперапрацоўка”

Бабіцкі: “Відавочна, што расейскія банкі, завязаныя на нафтагазавыя галіны, адчуваюць зараз крызіс. Гэтыя банкі адчуваюць недахоп рэсурсаў, плюс сусьветная сытуацыя такая, што грошы даражэюць. Увесь гэты трэнд перакідаецца на Беларусь — мы бачым, што крэдыты даражэюць, выдаюць іх менш, імкнуцца спагнаць выдадзеныя. Гэта ўсе кепска як для суб’ектаў гаспадараньня, так і для насельніцтва.
Казаць пра нейкі маштабны крызіс у Беларусі пакуль заўчасна.
Але казаць пра нейкі маштабны крызіс у Беларусі, пра нявыплату дэпазытаў, замарожваньне рахункаў — пакуль заўчасна.

Цыганкоў: “Часам крызісы маюць і станоўчы эфэкт, як, напрыклад, станоўчыя наступствы меў для Расеі дэфолт 1998 году. У выніку крызісу часам сыходзяць ці зьнікаюць тыя, хто неэфэктыўна працуе, і ад гэтага эканоміка здаравее. Ці можа быць такі эфэкт, або дзяржава не дапусьціць банкруцтва нават нязначных банкаў?”

Бабіцкі: “Я думаю, што некаторыя дробныя банкі могуць зачыніцца. Наўрад ці дзяржава будзе тут умешвацца, акрамя працэдуры вяртаньня ўкладаў насельніцтва, якія ў нас гарантуюцца дзяржавай. Што да “натуральнага адбору”, то ў Беларусі гэта наўрад ці спрацуе, бо рынак зарэгуляваны дзяржавай. І цяпер ужо можна казаць, што ўлада ня хоча прызнаваць крызісу, урад ніяк на яго не рэагуе. Высновы нейкія можна рабіць, калі ты прызнаеш нейкую праблему, — калі ж ты кажаш, што яе не існуе, то нельга чакаць ніякіх зьменаў”.

Цыганкоў: “Якія яшчэ сэктары беларускай эканомікі найбольш пацярпяць, акрамя банкаўскага?”

Залескі: “Пацерпіць ня толькі банкаўскі сэктар, пацерпіць будаўніцтва і перапрацоўка нафты. Ёсьць разьлікі, што пры кошце нафты ніжэй за 75 даляраў яе перапрацоўка ўжо становіцца нерэнтабэльнай”.

Цыганкоў: “А што тут можа зрабіць кіраўніцтва Беларусі, які выхад знайсьці — магчыма, разам з расейскімі партнэрамі?”

Залескі: “Ну, расейскія партнэры проста зьвярнуліся да Пуціна, каб той даў ім грошы. Алекпераў казаў, што на “Лукойл” яму трэба ад 2 да 5 мільярдаў, каб пагасіць страты, нібыта выкліканыя крызісам. Насамрэч гэта сыстэмны крызіс усёй расейскай нафта- і газаздабычы.

Што да нас… У Беларусі пакуль што сацыялістычная сыстэма. Якая б ні была цана на нафту, нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы будуць працаваць і, хай сабе са стратамі, будуць прадаваць нафту за мяжу, бо дзяржаве валюта патрэбная. Але для напаўненьня бюджэту ўвесь упор будзе зроблены на “Беларуськалій”, будуць яго абдзіраць для бюджэту, бо там кошты на рынках растуць цудоўна”.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG