Ці пяройдзе СПА Беларусі пад расейскае камандаваньне?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 17-га кастрычніка

Адной з галоўных тэмаў учорашняга паседжаньня Рады бясьпекі Беларусі было стварэньне адзінай з Расеяй рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Чаму гэтая праблема актуалізавалася менавіта цяпер? Чый генэрал будзе кіраваць адзінай сыстэмай супрацьпаветранай абароны? Ці пагодзіцца Лукашэнка часткова страціць свае паўнамоцтвы Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Беларусі?

Удзельнікі: ваенна-палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Аляксандар Алесін і палітык, падпалкоўнік запасу, кандыдат тэхнічных навук Мікола Статкевіч.

Навошта патрэбна адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “На Радзе бясьпекі ў чацьвер Лукашэнка шмат казаў пра новую сытуацыю ў сьвеце ў пляне бясьпекі, пра новыя пагрозы Беларусі з боку НАТО і Захаду. Але, падаецца, усё гэта было інфармацыйнай завесай, а рэальна абмяркоўвалася стварэньне адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) з Расеяй. Гэтае пытаньне абмяркоўваецца ўжо шмат гадоў. Паводле інфармацыі расейскіх крыніц, Лукашэнка даў згоду на стварэньне такой сыстэмы падчас жнівеньскай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Мядзьведзевым у Сочы. Гэтае пытаньне будзе адным з галоўных на паседжаньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў лістападзе.

Пытаньне адзінай сыстэмы СПА — больш ваеннае ці палітычнае? Чаму яно актуалізавалася менавіта цяпер? Ці сапраўды зьявіліся новыя ваенна-стратэгічныя пагрозы Беларусі?

Аляксандар Алесін: “Пытаньне трэба разглядаць у сьвятле апошніх падзей на Каўказе, якія выклікалі абвастрэньне дачыненьняў Расеі з Захадам, найперш з ЗША.

Расейскія вайскоўцы бачаць небясьпеку для свайго ядзернага патэнцыялу ў Іванаўскай вобласьці (там разьмешчана некалькі ракетных армій) ад крылатых ракет авіяцыйнага базаваньня ў Польшчы і ў краінах Балтыі. Таму яны імкнуцца стварыць над Беларусьсю супрацьпаветраны шчыт”.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч: “Ваенны складнік тут вельмі важны. Але галоўная тут кампанэнта — палітычная. Расея патрабуе кампэнсацыі за шматгадовую падтрымку беларускага рэжыму зь яго неэфэктыўнай, паразытарнай эканомікай.

Найперш, Расея хацела прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. А Лукашэнка спрабуе адцягнуць прызнаньне, бо на гэтым пабудавана ягоная гульня з ЭЗ. Дзякуючы таму, што дасюль Менск не прызнаў гэтых тэрыторый, Лукашэнка атрымаў магчымасьць выяжджаць у Эўропу. І ён спрабуе “адкупіцца” адзінай СПА, каб атрымаць ад Расеі льготныя цэны на энэрганосьбіты, льготны крэдыт і пры гэтым не прызнаваць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Бо ў выпадку прызнаньня пацяпленьне дачыненьняў з ЭЗ скончыцца”.

Хто будзе кіраваць адзінай сыстэмай СПА?

Карбалевіч: “Калі казаць проста, то стварэньне адзінай сыстэмы СПА азначае, што беларускай СПА будзе кіраваць расейскі генэрал. Цяжка ўявіць, што Масква пагодзіцца на нейкі іншы варыянт”.

Алесін: “Гэта толькі адзін з варыянтаў рашэньня гэтай праблемы, якая цягнецца з канца 1990-х гадоў. Памятаю, тагачасны камандуючы СПА Беларусі генэрал Кастэнка сказаў мне тады ў інтэрвію, што не ўяўляе такой сытуацыі, каб ім камандаваў расейскі генэрал.

Таксама разглядаецца варыянт ратацыі кіраўніцтва адзінай СПА, калі пэўны прамежак часу камандаваць будзе расейскі, а потым — беларускі генэрал.

Некаторыя экспэрты кажуць, што магчымы варыянт двух ключоў. То бок каманда на пуск ракеты будзе дадзена толькі тады, калі свой віртуальны ключ уставіць і прадстаўнік Беларусі. Цяпер у Падмаскоўі, у пасёлку Зара знаходзіцца камандны пункт расейскай СПА. Мяркуецца, што там жа будзе разьмешчаны і камандны пункт адзінай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі.

Шмат гадоў гэтае пытаньне было прадметам спрэчак, так і цяпер. Яно зьвязанае з комплексам іншых праблем беларуска-расейскіх адносін. Ва ўмовах сусьветнага эканамічнага крызісу пагрозы беларускай эканоміцы ўзрастаюць”.

Адбудзецца перадача СПА Беларусі пад кіраваньне Расеі

Карбалевіч: “Але сама прырода такога інстытуту, як войска, прадугледжвае адзінаначальле. Цяжка ўявіць, што адзінай сыстэмай СПА будуць кіраваць два генэралы”.

Статкевіч: “Найперш трэба ня блытаць паняцьці “аб’яднаная сыстэма СПА” і “адзіная сыстэма СПА”. Аб’яднаная сыстэма СПА была створаная на пачатку 1990-х гадоў з утварэньнем СНД. Па сутнасьці гэта азначае абмен інфармацыяй пра тое, што лётае ў паветры.

А вось адзіная сыстэма СПА — гэта кардынальна іншая рэч. Яна прадугледжвае адзінае камандаваньне. І пытаньне ня зводзіцца толькі да таго, чый генэрал ці два генэралы будуць ёй камандаваць.

Мэханізм кіраваньня СПА вельмі складаны. Тысячы людзей павінны быць задзейнічаны на камандным пункце і вакол яго. Плюс тэхніка, аўтаматызаваная сыстэма кіраваньня, рэсурснае забесьпячэньне, разьмеркаваньне кадраў. Я не ўяўляю сабе сытуацыі, калі палова пэрсаналу каманднага пункта ў пасёлку Зара (а новы пункт наўрад ці стануць ствараць) будзе зь Беларусі. Так што тут магчымы толькі адзіны варыянт: перадача пад кіраваньне Расеі СПА Беларусі.

А такі варыянт небясьпечны для Лукашэнкі. Гэта ж ня толькі каманда “Пуск”. Гэта ўплыў на кадры, бо інспэкцыя, атэстацыя ў войску залежыць ад камандуючага. Гэта значыць, што кар’ера беларускіх вайскоўцаў будзе залежыць ад расейскага генэрала.

Узгадаем, колькі высілкаў спатрэбілася Лукашэнку, каб парваць “падвязкі”, адбудаваць незалежныя ад Расеі спэцслужбы. Усіх крыху старэйшых “кэгэбэшнікаў” адсоўваюць і звальняюць, бо баяцца ўплыву Расеі. А ў выпадку, калі кіраваць беларускай СПА будзе расейскі генэрал, гэты ўплыў будзе ўвесь час аднаўляцца.

Лукашэнка гэта разумее і будзе імкнуцца завалыніць гэтае пытаньне, шантажаваць, інтрыгаваць, патапіць усё ў дэталях. Але, паколькі эканамічная сытуацыя Беларусі складаная, я баюся, што Лукашэнку “даламаюць” да стварэньня адзінай сыстэмы СПА”.

Ці страціць Лукашэнка паўнамоцтвы Галоўнакамандуючага?


Карбалевіч: “Вядома, што Лукашэнка вельмі ўважліва ставіцца да кантролю над сілавымі структурамі. Для яго вельмі важная пасада Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Беларусі. Трэба бачыць, зь якім задавальненьнем ён рэгулярна праводзіць нарады з вайскоўцамі, ладзіць візыты на вайсковыя вучэньні, носіць эксклюзіўную вайсковую форму. І калі беларуская СПА пяройдзе пад кантроль расейскага генэрала, то Лукашэнка часткова страціць свае паўнамоцтвы Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Беларусі. Неяк цяжка ўявіць, што Лукашэнка пойдзе на гэта”.

Алесін: “Нават нягледзячы на тое, хто будзе камандуючым адзінай сыстэмы СПА, сама сыстэма будзе замкнутая на Расею. Таму пераход да адзінай сыстэмы СПА будзе азначаць страту Беларусьсю часткі свайго сувэрэнітэту. Таксама Лукашэнка страціць кантроль над вельмі важным відам Узброеных сілаў Беларусі.

Але праблема ў тым, што Беларусь і цяпер ня цалкам сувэрэнная, бо шмат залежыць ад Расеі. Гэта тычыцца і залежнасьці нашай эканомікі ад паставак расейскіх энэргарэсурсаў, і залежнасьці беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў ад расейскага рынку збыту. Калі Масква задзейнічае хоць бы гэтыя два рычагі, то баюся, што Лукашэнку ня вывернуцца”.

Статкевіч: “Сапраўды, тут пытаньне псыхалягічнае. Але яно для беларускай палітыкі вельмі важнае. Калі Лукашэнка пагодзіцца на стварэньне адзінай сыстэмы СПА, то гэта будзе праява слабасьці.

Але сытуацыя можа стаць для Лукашэнкі безвыходнай. Магчыма, ён нават пагодзіцца прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, абы не перадаваць беларускую СПА пад кантроль расейскіх генэралаў”.