Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 12 кастрычніка
Гэтая гісторыя пачалася ў 1997 годзе, калі ў часопісе “Полымя” зьявілася нізка “лягерных” вершаў невядомай дагэтуль Лесі Беларускі. Публікацыя выклікала сапраўдную сэнсацыю: паэтку параўноўвалі з Ларысай Геніюш, пра яе пісаліся адмысловыя дасьледаваньні, мастакі малявалі яе партрэты, яе творы былі ўлучаныя ў паэтычныя анталёгіі… Аднак ці існавала насамрэч паэтка Леся Беларуска — ахвяра сталінскага Гулагу? У нашай студыі — гісторык Анатоль Валахановіч.
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, як паведаміла газэта “Комсомольская правда” в Белоруссии”, вы пішаце кнігу пра Лесю Беларуску. Хоць пакуль ня выяўлена аніводнага дакумэнту, які пацьвердзіў бы існаваньне яе як чалавека. І ўсё ж гісторыя ведае аналягічныя выпадкі. Скажам, ёсьць выдатнае дасьледаваньне Аляксея Лосева пра Гамэра — паэта таксама легендарнага. Крыніца зьвестак пра Лесю Беларуску і крыніца яе вершаў адна — журналіст Васіль Малагуша, які нібыта пазнаёміўся зь Лесяй Беларускай у лягеры. Што мы ведаем пра гэтага чалавека?”
Анатоль Валахановіч: “Пра гэтага чалавека мы ведаем няшмат. Ён нарадзіўся ва Ўкраіне, працаваў у горадзе Мікалаеве асыстэнтам кафедры расейскай мовы і літаратуры. Продкі ягоныя паходзілі з нашага Маладзечна (і Леся Беларуска таксама з гэтага гораду). Пасьля вызваленьня зь лягеру ён жыў у Кіргізіі, потым пераехаў у Менск. З Малагушам мы сустракаліся амаль штогод, да самай ягонай сьмерці. Звычайна, гэта адбывалася ў траўні, калі адзначалі Дзень журналіста. Ён жыў вельмі доўга, памёр на 93-м годзе жыцьця. Малагуша у 1937 годзе быў арыштаваны і адпраўлены ў Паўночнае ўпраўленьне ГУЛАГу, на Калыму. Сядзеў там у адным зь лягераў. Аднойчы спатрэбіліся моцныя мужчыны, якія маглі б зрабіць нейкую сталярную працу ў жаночым лягеры Эльген. І ён туды трапіў. І там пазнаёміўся з расейскай журналісткай Яўгеніяй Гінзбург, нашай пісьменьніцай Ядвігай Бяганскай і паэткай Ларысай Марозавай, якая пісала вершы пад псэўданімам Леся Беларуска”.
Скобла: “А як так сталася, што Малагуша — адзіная крыніца гэтых вершаў?”
Валахановіч: “Леся Беларуска пісала на роднай мове, і яе не разумелі сулягернікі. Таму Малагуша пераклаў яе вершы на расейскую, каб гэтая творчасьць стала агульнадаступнай. Малагуша зрабіў вельмі добрыя, на маю думку, пераклады. Яны, дарэчы, надрукаваныя ў кнізе Алены Кобец-Філімонавай “Карэльскія Курапаты” (2007).
Скобла: “У гэтай гісторыі паўстае вельмі многа пытаньняў. У 1990 годзе выдаецца “Споведзь” Ларысы Геніюш, друкуюцца творы Сяргея Грахоўскага, Алесь Звонак за сваю лягерную кнігу атрымлівае Дзяржаўную прэмію… Чаму Малагуша вырашыў абнародаваць вядомыя яму вершы Лесі Беларускі толькі ў 1997-м? Чаму ён так доўга трымаў іх у сховані?”
Валахановіч: “Справа ў тым, што былыя вязьні давалі падпіску нічога не пісаць пра знаходжаньне ў лягеры. І ня толькі Малагуша маўчаў. Маўчалі і іншыя. У гэтым я ўпэўніўся, калі сустракаўся са Станіславам Пятровічам Шушкевічам. Пра многае ён нам не расказваў — асьцерагаўся. Адзінкі адважваліся гаварыць”.
Скобла: “Давайце параўнаем факты. Пятро Бітэль у лягеры за перакладзеныя ім і запісаныя фрагмэнты “Пана Тадэвуша” трапіў у карцар. Уладзімер Дубоўка ў лягеры не напісаў ні радка. Уладзімер Хадыка, па ўспамінах другога лягерніка — Масея Сяднёва, зашываў свае вершы ў каўнер ватоўкі. Ларыса Геніюш запісвала свае вершы на маленькіх аркушыках паперы і празь сяброў-шахцёраў у вагонах з вугалем перапраўляла на волю. То бок, зразумела, якія ўмовы для творчасьці былі ў лягеры. А вось што ўспамінаў Малагуша пра Лесю Беларуску: “Набліжаўся 1948 год. Леся заканчвала працу над яе запаветнымі двума тамамі: прозы — “Сага пра вечную мерзлату” і паэзіі — “Я голас ваш…” Ну, проста дом творчасьці, а не Калыма! У вас гэта не выклікае сумненьняў у праўдзівасьці ўспамінаў Малагушы?”
Валахановіч: “Справа ў тым, што Эльген — гэта быў жаночы лягер. Рэжым там быў трохі іншы. На пісаніну вязьняў ахова лягеру элемэнтарна не зьвяртала ўвагі. І Леся Беларуска свабодна пісала ў такіх гросбухах, у гэтак званых “амбарных” кнігах”.
Скобла: “А адкуль у вас інфармацыя, што ў жаночых лягерах быў вольны рэжым? Калі чытаеш Гінзбург ці Геніюш, такога ўражаньня няма”.
Валахановіч: “Мяркуйце самі: да Алены Гінзбург прыяжджала сям’я: сын Васіль (цяпер — знакаміты пісьменьнік Васіль Аксёнаў) і прыёмная дачка Антаніна. Захаваліся іх лягерныя фотаздымкі, вельмі шыкоўныя. І там Гінзбург чысьценька апранутая, яна свабодна рухалася па лягернай зоне. У лягеры яна была мэдыцынскай сястрой. І, як калегу па пяры, яна ўзяла пад сваю апеку Лесю Беларуску. Можа там, у мэдчастцы, згаданыя тамы і хаваліся”.
Скобла: “Тыя, хто пісаў пра творы Лесі Беларускі, абавязкова падкрэсьліваюць, што яны — сьмелыя. Але ці не занадта сьмелыя? З улікам таго, што пісаліся яны ў падканвойным бараку, іх аўтар выглядае як самагубца. Бо за такія вершы сьвяціў ня толькі карцар, але і расстрэл. Паслухаем”.
Малітва да Калымы
Даль засьцілае імгла…
Ні хлеба тут, ні любві…
Матухна-Калыма,
не пагубі, не ўмярцьві!
Месяц завіс залаты
акрайчыкам хлеба ўгары.
Матухна-Калыма,
голадам не замары!
Белая даль навакол,
ты нас імглой агарні:
ў небе — крамлёўскі арол.
Матухна, абарані!
Эўфрасіньні Полацкай
Сыходзяцца шляхі, нібы ў крыжы, —
твой золатам убраны, мой — калючкай.
Як справядлівасць адстаяць, скажы?..
Няўжо заўжды вось так было балюча?!
Два вобразы над Беларусьсю бачны мне.
Хіба сьляпец ня згледзіць іх у дыме…
Нас дзьве сястры: адна — на Калыме,
другая — у Ерусаліме.
Я ўсё стрываю і, як ты, змагу
Прайсьці жыцьцё — упэўнена і прама.
Ты мураваныя апекавала храмы,
Я ж душы тут, як храмы, берагу.
Сымболіка
Быцьцё жалезным долатам расколата.
Пануе на зямлі бэдлам і вэрхал.
Саюз народы жне сярпом, а молатам
Іх па галовах лупіць зьверху.
Скобла: “Спадар Анатоль, і вы лічыце, што такія вершы можна было пісаць у зоне, дзе — праверкі і шмоны?”
Валахановіч: “Леся Беларуска, паводле ўспамінаў Малагушы, была вельмі сьмелым і патрыятычна настроеным чалавекам. Яна не лічыла сябе ў нечым вінаватай! А гэта для творчага чалавека ўвогуле важна, а для паэта тым больш істотна”.
Скобла: “Ці працавалі вы ў архівах? Ці знойдзеныя хоць якія дакумэнтальныя сьведчаньні пра такога чалавека, як Ларыса Марозава?”
Валахановіч: “У КГБ Беларусі аніякіх зьвестак ні пра Ларысу Пятроўну Марозаву, ні пра Лесю Беларуску няма. Прынамсі, нам быў такі адказ”.
Скобла: “Як успамінае Малагуша, разам зь Лесяй Беларускай у тым самым лягеры была Яўгенія Гінзбург. Дык вось, яна нібыта называла сваю сулягерніцу “талантищем невообразимым” і гаварыла, што яе вершы — ахматаўскай сілы. Ці знайшлі вы пацьверджаньне гэтым словам у творах Гінзбург?”
Валахановіч: “У апублікаваных творах Гінзбург аніякіх згадак пра Лесю Беларуску таксама няма. Гінзбург увогуле была вельмі асьцярожным чалавекам і прозьвішчамі ці псэўданімамі былых сулягернікаў не раскідвалася”.
Скобла: “І тут мы падыходзім да адной ці ня самай істотнай акалічнасьці. Мы ўжо чулі, што Леся Беларуска ў лягеры пісала па-беларуску. Васіль Малагуша пераклаў іх на расейскую і ў такім выглядзе вынес на свабоду. А надрукаваныя яны былі ў “Полымі” па-беларуску — у перакладзе (падвойным ужо) Валянціны Коўтун. Мы зьвязаліся зь ёй і вось што нечакана пачулі”.
Валянціна Коўтун: “Ніхто пра Лесю Беларуску нічога дакладна ня ведае, апрача мяне. Паверце мне, ніхто ня мае права, па вялікім рахунку, пісаць пра Лесю Беларуску кнігу. Я дзіўлюся з такіх гісторыкаў. Як можна пісаць дасьледаваньне, ня ведаючы сутнасьці справы, ня маючы ніводнага дакумэнта ў руках?! Як жа людзі бяруцца за такую справу, не разумеючы, што яны робяць?! У мяне на руках ёсьць і дзёньнік Малагушы, і ягоная запісная кніжка… Шчыра вам скажу: мне сьмешна ўсё гэта слухаць. Людзі не разумеюць, хто такая Леся Беларуска… Вы ўслухайцеся ў мой сьмех і вы зразумееце, што ў пісьменьніка можа быць многа псэўданімаў”.
Скобла: “Ці ня хочаце вы гэтым сказаць, што Леся Беларуска — адзін з псэўданімаў Валянціны Коўтун?”
Коўтун: “Ну, напэўна, так. Вы ж паглядзіце на стыль вершаў: яны не перакладзеныя, яны напісаныя, зробленыя адным чалавекам. У той час не магла Леся Беларуска так пісаць пра Эўфрасіньню Полацкую, не магла пісаць пра жаночыя правы… Гэта ж відавочна. Ну чаго людзям трэба?”
Скобла: “Людзям патрэбная праўда. Дык увогуле, ці існаваў на сьвеце такі чалавек?”
Коўтун: “Міт пра Лесю Беларуску як пра чалавека стварыў Васіль Малагуша. Але ён сустракаўся зь некалькімі людзьмі. Я думаю, што гэта была не адна, а некалькі жанчынаў. І Леся Беларуска стала іх зборным вобразам”.
Скобла: “Такім чынам, вы цьвердзіце, што вершы, апублікаваныя пад імем Лесі Беларускі, насамрэч належаць вам?”
Коўтун: “Ну так. Я вам шчыра скажу: гэта мае вершы. Гэта мой асабісты літаратурны помнік гэтым пакутнікам, гэтым людзям. Наш агульны помнік беларускім жанчынам-лягерніцам”.
Скобла: “Вось такое прызнаньне, спадар Анатоль. Як вы можаце пракамэнтаваць словы Валянціны Коўтун?”
Валахановіч: “Цікава, чаму ж я ня ведаю другіх вершаў Валянціны Коўтун, апрача тых, якія яна апублікавала нібыта пад псэўданімам Леся Беларуска? Сёньня любы можа прыпісаць сабе гэтыя творы. Устаць і сказаць: гэта ж я падпісваў свае вершы імем Леся Беларуска. Хай Коўтун апублікуе дзёньнікі Малагушы, прычым — у факсімільным выглядзе, каб мы бачылі ягоную руку. Іначай я Коўтун ніколі не паверу. Малагуша столькі гадоў адсядзеў у лягеры, прайшоў праз такія выпрабаваньні і пакуты. Я лічу, што ён на лягернай тэме ніякіх спэкуляцый рабіць ня мог, ня мог ён хлусіць. Я перакананы: настане час, калі вершы Лесі Беларускі будуць вывучацца ў нашых школах, яны выдатныя. У існаваньні такой паэткі я не сумняюся. Я зьвярнуўся ў адпаведныя інстанцыі Расеі, у тыя мясьціны, дзе адбывала пакараньне Ларыса Марозава, з адпаведным запытам. Як толькі зьявяцца нейкія канкрэтныя факты, я іх апублікую”.
Скобла: “І ўсё ж мы мусім прызнаць факт: у 1997 годзе была зьдзейсьненая літаратурная містыфікацыя. І толькі што мы пачулі сапраўднага аўтара вершаў, якія прыпісваюцца легендарнай Лесі Беларусцы. Шчыра кажучы, мне шкада тых легендаў, якія рана ці позна разбураюцца. У гісторыі беларускай літаратуры ўжо быў падобны выпадак: Паўлюк Багрым, чый верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” да гэтай пары можна пабачыць у школьных чытанках. Нягледзячы на дзьве “антыбагрымаўскія” кнігі — краязнаўцы Міхася Маліноўскага з Баранавічаў і доктара філялёгіі Міколы Хаўстовіча з Варшавы. Але ў выпадку зь Лесяй Беларускай, магчыма, яшчэ не прагучалі апошнія pro і contra…
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by.