Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Леся Беларуска


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калісьці мой украінскі сябар-літаратар запытаўся: “А ў вашай культуры ёсьць свая Леся Ўкраінка?” Я назваў некалькі годных імёнаў, але пытаньне ўсё ж засталося. Мне падумалася, што, напэўна, яшчэ не нарадзілася ці ня вырасла тая, якую талент і сам Бог надзеляць адвагаю ўзяць псэўданім — Беларуска. Тады я (дый наагул практычна ніхто) ня ведаў, што ў нашай літаратуры ўжо была паэтэса, якая стварала менавіта пад такім імем — Леся Беларуска, відавочна падкрэсьліваючы сваю духоўную лучнасьць з той, украінскай Лесяю, а магчыма, і кідаючы ёй своеасаблівы творчы выклік.

Я сказаў “была”. Не, яна, Леся Беларуска, ужо ёсьць і застанецца. Хацелася працягнуць: “у нацыянальным прыгожым пісьменстве”, але яе паэзія дысануе з словам “прыгожая”. Яна — іншая: пякучая, страшная, народжаная нечалавечымі пакутамі, якія пакідаюць у душы і ў словах толькі самае сутнае:

Пішу і крэсьлю... Не, усё ня так! Не сатвары куміра — помню гэта. Я апяваю лягерны барак, а сопку называю цэнтрам сьвету...

А над тайгою высьпявае гнеў і пагражае катам ён трывожна. Цьвік забівае хтосьці ў ногі мне і ў галаву... і выцягнуць няможна.

Зьвесткі пра жыцьцё Ларысы Марозавай — гэта “зямное” імя Лесі — адрывістыя й фрагмэнтарныя. У 1938-м яна выйшла замуж за афіцэра НКВД, які празь некалькі месяцаў быў арыштаваны й расстраляны. Ёсьць меркаваньне, што на вясельлі ў падначаленага на неверагодна прыгожую Ларысу паклаў вока высокі чын з “ворганаў”.

Аднак неўзабаве за калючым дротам апынулася і сама паэтэса. Пакараньне яна адбывала ў лягеры Эльген (у перакладзе зь якуцкай Мёртвы) разам з расейскай пісьменьніцкай Яўгеніяй Гінзбург. У сваіх успамінах тая напіша пра ахматаўскую сілу паэтычнага дыханьня беларускі, вядомай зьняволеным пад яшчэ адным псэўданімам — Эрынія. І крыжыкам, і гладзьдзю сум расшыты... Схуднелая... Дзе тая прыгажосьць? Здаецца, школьны сьпісаны ўжо сшытак, і ў ім усё, што мной пражыта, ёсьць.

У ім усё: учора, сёньня, вечна і нашых мрояў воблік залаты. Я запісала ўсё — душой, і неаспрэчна! — тут, на скрыжалях вечнай мерзлаты.

Вершы Лесі Беларускі, якую аднойчы знайшлі ў сьнезе замерзлай, перавандроўвалі зь лягеру ў лягер. Вязьні завучвалі іх, а часам сьпявалі, як песьні. Частку створанага Лесяй аднавіў па памяці і перахоўваў украінскі паэт Васіль Малагуша, таксама былы палітзэк. Толькі пры канцы 1990-х вершы трапілі ў рэдакцыю часопісу “Полымя”, які тады яшчэ, на шчасьце, узначальваў Сяргей Законьнікаў. Дзякуючы сучаснай паэтэсе Валянціне Коўтун адбылася першая публікацыя. Думаю, усе, хто дакрануўся да Лесінай паэзіі, чакаюць кнігі...

Я ўсё стрываю і, як ты, змагу Прайсьці жыцьцё — упэўнена і прама. Ты мураваныя апекавала храмы, Я ж душы тут, як храмы, берагу...—

зьвяртаючыся да сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, пісала Леся Беларуска ў сваім эльгенскім 1945-м. Яна мела права размаўляць з выдатнай палачанкаю на “ты”.
XS
SM
MD
LG