У Швэцыі выйшла кніга Барыса Пятровіча “Фрэскі”

Барыс Пятровіч


Зборнік выбраных твораў Барыса Пятровіча “Фрэскі” выдала швэдзкае выдавецтва “Рамус”, якое спэцыялізуецца на перакладной літаратуры з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Гэта першая кніга беларускага аўтара ў Швэцыі, якая перакладзена непасрэдна зь беларускае мовы. Да яе кнігі Васіля Быкава і Сьвятланы Алексіевіч выходзілі ў перакладах з расейскае, а кніга Вальжыны Морт — з ангельскага перакладу яе вершаў.

Аўтар “Фрэсак” Барыс Пятровіч ужо набыў квіток да Стакгольму, дзе 20 кастрычніка ў Міжнароднай бібліятэцы адбудзецца першая прэзэнтацыя ягонай швэдзкай кнігі. Пасьля яе ў іншых месцах швэдзкае сталіцы пройдуць яшчэ чытаньні кнігі беларускага пісьменьніка, а затым яго чакаюць у Мальмё, Лундзе і Гётэборгу. Барыс Пятровіч сваёй заслугі з гэтай нагоды не адчувае.

“У мяне найперш пачуцьцё ўдзячнасьці ўсім тым, хто задумаў і ажыцьцявіў гэты праект: гэта перакладчык Дзьмітры Плакс, выдавец Пэр Бэргстрам і міжнародны сакратар Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі вядомы крытык Хенрык Энбом, які напісаў цудоўную прадмову”.

Швэдзкая кніга Барыса Пятровіча складаецца з празаічных і паэтычных мініятур, якія аўтар пазначае жанрам “фрэскі”. Як насьценны фрэскавы жывапіс, які робіцца па сырой тынкоўцы і калі яна высахне, твор немагчыма перамаляваць ці паправіць, так і свае літаратурныя мініятуры аўтар не перапісвае і не папраўляе. Аўтарскі жанр перакладчык Дзьмітры Плакс перанёс у назву кнігі, праца над якой яму далася ня проста.

“Я даволі шмат часу патраціў на тое, каб кніжку скласьці. Трэба было яе скампанаваць так, каб было зразумелае разьвіцьцё творчасьці аўтара, ад чаго пісьменьнік прыйшоў да чаго і чым ён займаецца ў апошні час. І таму я некалькі разоў мяняў кампазыцыю гэтай кніжкі і ў выніку трохі менш за палову ўсіх тэкстаў складаюць якраз вершы”.

“Фрэскі” Барыса Пятровіча апавядаюць пра ўнутраны сьвет чалавека, які згадвае нейкія канкрэтныя рэаліі прыватнага жыцьця шараговага беларуса. Ягоныя героі жывуць у лякальных абставінах тутэйшага грамадзтва. Падзеяў у кнізе не адбываецца амаль ніякіх, увага аўтара скіраваная пераважна на пачуцьці сваіх пэрсанажаў. Якраз гэта, на думку перакладчыка Дзьмітрыя Плакса, і зацікавіць швэдзкага чытача ў кнізе беларускага аўтара.

“Пачуцьці, якія ёсьць важным складнікам гэтых кароткіх тэкстаў, яны ўнівэрсальныя. У пачуцьцяў няма нацыянальнасьці”.