З 21 траўня па 5 ліпеня ў Беларусі праходзяць Дні культуры Швэцыі, цягам якіх адбываюцца сустрэчы са швэдзкімі мастакамі, музыкамі й пісьменьнікамі ў Менску, Баранавічах, Лунінцы ды іншых беларускіх гарадах. Прэзэнтаваць шматаблічную культуру далёкай скандынаўскай краіны перад сваімі суайчыньнікамі дапамагае перакладчык Дзьмітры Плакс – колішні мянчук, які цяпер стала жыве ў Швэцыі.
Міхась Скобла: “Дзьмітры, Дні культуры Швэцыі ў Беларусі ладзяцца ўжо ў сёмы раз. Нядаўна на інтэрнэт-форумах абмяркоўвалася тэма пад умоўнай назвай “Вайна культураў”, а часопіс “Партызан” нават прысьвяціў гэтай тэме спэцыяльны нумар. А як бы вы схарактарызавалі дачыненьні беларускай і швэдзкай культураў?”
Дзьмітры Плакс: “Днямі мы былі ў Полацку на адным зь мерапрыемстваў у рамках Дзён культуры. І там мне задалі пытаньне – ці можна лічыць пашырэньне культурных стасункаў са Швэцыяй новым нашэсьцем вікінгаў… Што да тэмы “вайна культураў”, то я не лічу, што паміж культурамі патрэбныя ці нават магчымыя войны. Культура – адна зь нешматлікіх галінаў дзейнасьці чалавека, дзе ўсё адбываецца больш-менш мірна. Культурны абмен дазваляе народам зразумець адзін аднаго. Калі вы, груба кажучы, чытаеце Льва Талстога, і вам падабаецца “Вайна і мір”, гэта ж не азначае, што Талстой ідзе на вас вайной... Што да беларуска-швэдзкіх культурных зносінаў, то асабіста я працую ў гэтай сфэры ўжо больш за дзесяць гадоў. І за гэты час напрацавана шмат, я бачу пэўны прагрэс у нашым культурным супрацоўніцтве. Са швэдзкага боку праекты фінансуюцца Швэдзкім інстытутам – дзяржаўнай установай, якая займаецца пашырэньнем швэдзкай мовы і культуры, распаўсюдам ведаў пра Швэцыю ў сьвеце. Мне прыемна адзначыць, што Швэдзкі інстытут заўсёды запрашае да ўдзелу ў сваіх праграмах прадстаўнікоў другіх краінаў. Тое самае адбываецца і ў Беларусі: гэта, як правіла, двухбаковыя праекты”.
Скобла: “Адносна нядаўна вы прыяжджалі ў Менск на прэзэнтацыю кнігі Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгаяпанчоха”, якая з захапленьнем успрынятая беларускімі дзецьмі. Я зьвярнуў увагу на тое, як вынаходліва вы пераклалі дзіцячыя выказваньні, адлюстраваўшы тым самым схільнасьць дзяцей да рыфмаванак. Напрыклад: “А цяпер будзем печы блінечы”, “а цяпер мы насмажым блінажым”, “а цяпер прыгатуем блінуем”. У расейскім перакладзе гэткіх наватвораў, здаецца, няма. А ці было нешта падобнае ў арыгінале?”
Плакс: “Так, і я стараўся зрабіць як мага больш дакладны пераклад, перадаць моўныя вынаходкі Астрыд Ліндгрэн сродкамі іншай мовы, як гэта й павінна быць пры мастацкім перакладзе. Чаму ў найбольш вядомым расейскім перакладзе Лунгіной гэтага няма – я ня ведаю. Можа таму, што за савецкім часам лічылася: вершаваныя часткі празаічных твораў павінны перакладаць прафэсійныя паэты-перакладчыкі… Магчыма, у Лунгіной, перакладчыцы вельмі прафэсійнай, такога суаўтара не аказалася пад рукой”.
Скобла: “Вы перакладаеце ня толькі са швэдзкай на беларускую, але і з расейскай на швэдзкую – Данііла Хармса, калі не памыляюся. А што б вам хацелася ўдаступніць для швэдзкага чытача зь беларускай літаратуры?”
Плакс: “Так, пару гадоў таму выйшаў зборнік Хармса ў маім перакладзе. Гэта адзін з маіх улюбёных пісьменьнікаў. Здарылася так, што на мяне выйшла выдавецтва з гораду Мальмё, якое спэцыялізуецца цалкам на перакладной літаратуры, і прапанавала заняцца Хармсам. Я пераклаў, кніжка была выдадзеная. І, дарэчы, атрымала добрую прэсу, увайшла ў сьпіс кніг году, які складаецца адной з найбуйнейшых швэдзкіх газэтаў. Што датычыць беларускай літаратуры, то я перакладаю і зь беларускай на швэдзкую. Перакладаў вершы Валянціны Аксак, творы Алеся Разанава, пераклаў тры апавяданьні Барыса Пятровіча, і яны былі надрукаваныя ў швэдзкім часопісе “Пікот”. Пасьля гэтага тое самае выдавецтва запрапанавала мне перакласьці цэлую кнігу Пятровіча. Акурат цяпер я гэтым і займаюся. Спадзяюся, што кніга выйдзе да кніжнага кірмашу ў Гётэборгу, які мае адбыцца ў верасьні. Кніга Пятровіча – гэта, бадай, першы пераклад на швэдзкую мову непасрэдна зь беларускай. Раней калі й перакладалі каго, то рабілі гэта праз пасярэдніцтва расейскай ці ангельскай моваў”.
Скобла: “На адным са швэдзкіх сайтаў мне трапілася гэткая аб’ява: “У горадзе Мальмё адбудзецца вечарына перакладчыка і паэта Дзьмітрыя Плакса. Уваход – 20 кронаў.” У Беларусі літаратурныя імпрэзы пераважна бясплатныя. Ці можа швэдзкі пісьменьнік пражыць на ганарары ад выданьня сваіх кніг і ад правядзеньня падобных платных вечарынаў?”
Плакс: “Адназначна – не. Як правіла, літаратурныя вечарыны і ў Швэцыі таксама бясплатныя. У Швэцыі існуе цэлая сыстэма дзяржаўнай дапамогі літаратарам. Прыблізна 130 чалавек атрымліваюць гэтак званую пісьменьніцкую зарплату, гэта невялікія грошы, але пражыць можна. 130 чалавек – гэта невялікі адсотак, бо толькі сяброў Саюзу пісьменьнікаў у Швэцыі больш за 2 000. Як гэтыя пажыцьцёвыя зарплаты разьмяркоўваюцца? Працуе спэцыяльная камісія, якая сама знаходзіць пісьменьнікаў. Як правіла, гэта найбольш вядомыя літаратары, якія ўжо ўзбагацілі швэдзкую літаратуру выдатнымі творамі. Існуе і сыстэма стыпэндый і грантаў – на год, на два, на пяць гадоў. Нават мне аднойчы ўдалося атрымаць такую стыпэндыю на год. Праўда, тут, як на мой розум, ёсьць свае хібы. Часта здараецца, што дапамогу ад дзяржавы атрымлівае ня лепшы пісьменьнік, а той, хто лепш умее пісаць заявы. Нярэдка дзяржаўныя грошы трапляюць да тых творцаў, якім яны ўжо ня вельмі патрэбныя. Ну сапраўды, калі ты пісьменьнік знакаміты, твае кнігі і так добра прадаюцца… Атрымліваецца як з Нобэлеўскай прэміяй. Памятаеце, у тастамэнце Нобэля сказана, што прэмія павінна прызначацца маладым творцам. А хіба Дорыс Лесінг, леташняя набілянтка – маладая пісьменьніца?”
Скобла: “Вы займаецеся такім нязвыклым для Беларусі відам журналістыкі, як відэадзёньнікі. Што яны зь сябе ўяўляюць?”
Плакс: “Відэадзёньнікі трохі знаёмыя і беларусам, бо мы рабілі тут прэзэнтацыю і нават пару гадоў таму ўдзельнічалі з гэтым праектам у тых самых Днях культуры. З чаго ўсё пачался? Я, як спажывец, не задаволены той сыстэмай атрыманьня інфармацыі, якая існуе ў найбуйнейшых мэдыякарпарацыях сьвету. Як там робяцца навіны – мы ведаем. Кепскія навіны – гэта заўсёды навіны, а добрыя – гэта ўвогуле не навіны. І ў людзей складваецца скрыўленая карціна таго, што адбываецца ў сьвеце. А мне, напрыклад, цікава, як жыве звычайны чалавек у Беларусі. Не прэзыдэнт, не апазыцыя, а які-небудзь мэханізатар у Лепельскім раёне. Гэтай інфармацыі я атрымаць не магу. Калі й праходзіць, скажам, на БТ, сюжэт з героем-мэханізатарам, то журналістам ён падаецца з пэўнага гледзішча, што мяне таксама не задавальняе. І мы прыдумалі такі праект – паказаць штодзённае жыцьцё людзей вачыма саміх людзей. Мы езьдзілі па гарадах і вёсках, раздавалі людзям простыя відэакамэры і прасілі іх зьняць сваё жыцьцё, тое, што ім самім падаецца найбольш важным”.
Скобла: “Такая сабе народная журналістыка”.
Плакс: “Можна й так сказаць. Але гэта не зусім журналістыка, гэта проста відэадзёньнікі. Першая частка гэтага праекту рабілася ў трох краінах – у Беларусі, Швэцыі й ва Ўкраіне. І мяне зьдзівіла, што ў Беларусі, якая лічыцца несвабоднай краінай, атрымаліся самыя свабодныя і адкрытыя відэадзёньнікі. А самыя “заціснутыя” – у дэмакратычнай і свабоднай Швэцыі”.
Скобла: “Як тут не парадавацца за свабодны беларускі народ… Дзьмітры, вы рознабакова таленавіты чалавек. Вы – і прадусар на швэдзкім радыё, і перакладчык, і мастак, і сатырычны паэт. Калі б у вас была свабода выбару, на якім відзе творчай дзейнасьці вы спыніліся б?”
Плакс: “Я адназначна не займаўся б журналістыкай. Што да астатняга… Ведаеце, амаль ва ўсіх пералічаных вамі галінах я насамрэч раблю тое самае: паўсюль я спрабую высьветліць, як суадносіцца прастора і час. А яшчэ я трохі супрацоўнічаю з тэатрам, і там мне найбольш цікава. На тэатральнай сцэне мяне таксама цікавіць сувязь паміж часам і прасторай. Мне цікава, калі рэжысэр і акторы бяруць адцінак пэўнага часу, па-мастацку пераасэнсоўваюць яго і – атрымліваюць цалкам іншую прастору, якую вы, як глядач, таксама бачыце. Ну хіба гэта ня цуд?”