Дзяды-1988. Успаміны ўдзельнікаў шэсьця

20 гадоў таму 30 кастрычніка адбылося першае шэсьце на Дзяды. Успамінамі пра Дзяды 1988 году дзеліцца колішні кіраўнік “Талакі” Сяржук Вітушка.

“Памятаю, зь вялікім зьдзіўленьнем, калі я падыходзіў да месца збору, сустрэў спадарыню Прокашаву, сакратарку партыйнага камітэту ўнівэрсытэту. І яна мяне так па-мацярынску спыніла: маўляў, “не хадзі туды”. І гэткая нейкая туга была ў яе вачах... Мяне гэта так зьдзівіла... А потым нас ужо і не пусьцілі, перакрылі вуліцу, праход быў забаронены... І той канфлікт, які тады распачаўся, ён да сёньняшняга дня і працягваецца. Беларускі народ, да якога мы ўвесь час апэлюем, ён складаецца з розных людзей. У ім ёсьць людзі сумленныя, добрыя, працавітыя, а ёсьць людзі злосныя, зайздросныя, злыя.


Перамогу атрымалі тыя, хто тады разганяў мітынг. У мяне асабіста засталося пачуцьцё вялікага непаразуменьня. Перад тым ужо былі артыкулы Зянона Пазьняка, было шмат артыкулаў у маскоўскай прэсе пра месцы масавых забойстваў, і гэта было шокам... І быў ужо да таго мітынг, які арганізоўвала “Талака” летам... Які нармальна прайшоў... І калі я ішоў тады ўвосені на “Дзяды”, мне здавалася, што ўсё адбудзецца, усё проста, усё нармальна... Не было адчуваньня нейкай небясьпекі, нейкай пагрозы – і тут здарыўся гэткі выбух савецкай злосьці, агрэсіі... На жаль, сёньня яна перамагае ў Беларусі..."