Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярнулася з адкрытым лістом да Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.
Кіраўнік таварыства Антон Астаповіч чарговы раз намагаецца прыцягнуць увагу да праблемы, якая ігнаруецца шматлікімі дзяржаўнымі ўстановамі. Гэта – парушэньне нарматыўна-прававой базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны падчас рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менску.
Антон Астаповіч падкрэсьлівае, што праблема руйнаваньня гістарычных помнікаў узьнікла ня ўчора, аднак зацікаўленыя наглядныя органы робяць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Між тым, як кажа адмысловец, падчас правядзеньня працаў у гістарычным цэнтры Менску, які ёсьць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю 1-й катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, адбываецца татальнае парушэньне закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і міжнародных мэтадычных дакумэнтаў.
Гэта непасрэдна тычыцца дамоў па вуліцы Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кірыла і Мятоды, на плошчы Свабоды, якія на ахоўнай тэрыторыі фармальна мелі статус недатыкальных. З-за пасіўнай пазыцыі пракурорскага ведамства, адзначаецца ў адкрытым лісьце на імя Генпракурора, працэс зьнішчэньня гістарычнай спадчыны набывае незваротны характар. Так, па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17 стары будынак быў зьнесены, бо перашкаджаў узьвядзеньню новага. Там жа зьнішчаныя парэшткі дамоў №12 і 14. Зруйнаваны дом па вуліцы Камсамольскай, 11-а. Толькі намаганьнямі грамадзкасьці ўдалося захаваць ад зьнішчэньня фрагмэнты насьценных росьпісаў ХІХ стагодзьдзя на Камсамольскай, 15.
Практычна ўсе земляныя работы ў гістарычным цэнтры, зазначае спадар Астаповіч, – плянамернае зьнішчэньне культурнага пласта разам з прыкладамі ўнікальнай матэрыяльнай культуры; зьнішчэньне парэшткаў недасьледаванай гарадзкой забудовы, якія павінны зьяўляцца “гістарычнай матрыцай” для правядзеньня навукова-абгрунтаванай, а не хаатычнай рэканструкцыі:
Апошнім часам міністэрства пачало выконваць функцыю кшталту сталінскай “тройкі".
Антон Астаповіч выказвае спадзяваньне (хоць і слабое), што ліст чарговым разам ня будзе перададзены на “рэагаваньне” у Міністэрства культуры ці Менгарвыканкам. І згадвае сытуацыю, якая склалася вакол зруйнаванага будынку па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17. Зварот таварыства ў Генэральную пракуратуру на незаконныя дзеяньні забудоўшчыка доўга блукаў па інстанцыях (пракуратура Менска, пракуратура Цэнтральнага раёна сталіцы, РУУС Цэнтральнага раёну), пакуль не здарылася лягічная разьвязка – справа была даручана ўчастковаму інспэктару міліцыі, які наўрад ці на што можа ўплываць ужо па сваім статусе.
Трывогу Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падзяляюць вядомыя гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы. Аўтарытэтны спэцыяліст у галіне захаваньня спадчыны гісторык Уладзімер Дзянісаў кажа, што ў часе радыкальных перабудоваў аўтэнтычных збудаваньняў рэстаўратары спасылаюцца на дрэнны стан аб’ектаў. Найчасьцей гэта гучыць з вуснаў якраз прадстаўнікоў Міністэрства культуры, якія такім чынам матывавалі фактычнае зьнішчэньне некалькіх дамоў на вуліцы Гандлёвай, дзе ўзводзяцца навабуды праваслаўнага духоўна-адукацыйнага цэнтру:
...нейкімі працамі ўвогуле па рэстаўрацыі гэта назваць нельга.
Найбольшыя матэрыяльныя страты ў Менску нясе Гандлёвая вуліца, плошча Свабоды (былыя дамы №19-21), стык Гарадзкога Валу з вуліцамі Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная. А зьнішчэньне культурнага пласта для закладкі падземных камунікацый другой чаргі паркінгу на Нямізе, адзначае Антон Астаповіч у лісьце да Генпракурора Рыгора Васілевіча, праводзіцца нават не хаваючыся, “зь вялікім размахам”.