Чаму Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сёньня ніяк публічна не закраналі самыя вострыя тэмы — цану на газ і прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?
З кім ня хоча гандляваць дружбай з Расеяй Аляксандар Лукашэнка? Ці можна сказаць, што пытаньне пра расейскі крэдыт для Беларусі ўжо вырашана? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі і шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.
Цыганкоў: “Падчас сустрэчы з Уладзімерам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў рытуальную фразу пра адносіны з Расеяй: “Мы ніколі дружбай з расейцамі не гандлюем і ня будзем гандляваць”. Пры гэтым абодва бакі публічна ніяк не камэнтавалі самыя, відаць, вострыя праблемы ў двухбаковых адносінах — цану на газ і прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ці сьведчыць гэта пра тое, што шалі зноў хіснуліся ў бок Расеі, ці гэта толькі традыцыйная рыторыка?”
“ШАЛІ НЕ ХІСНУЛІСЯ Ў БОК ЭЎРОПЫ”
Калінкіна: “Хутчэй за ўсё, гэтыя словы сьведчаць пра тое, што шалі не хіснуліся ў бок Эўропы. Усе крокі, якія вонкава нібыта рабіліся ў бок Эўропы, на самой справе зусім не азначаюць, што Беларусь гатовая перагледзець свае адносіны з Расеяй і спрабаваць выходзіць з-пад уплыву свайго ўсходняга суседа”.
Быкоўскі: “Насамрэч шалі сапраўды нікуды не хісталіся. Іншае пытаньне, што кіроўны рэжым ладзіў аўкцыён — хто больш прапануе: Захад альбо Расея. Але гэта рабілася ня дзеля таго, каб рэальна пайсьці на Захад, а каб Расея падняла цану, то бок больш заплаціла за саюзьніцкія адносіны. І ў дадзеным выпадку Лукашэнка сказаў сваю звычайную фразу, якая ні ў якай ступені ня сьведчыць пра нейкія зьмены ў палітыцы”.
“РАСЕЯ ЎЗЯЛА КУРС АД ПАЛІТЫЧНАЙ РЫТОРЫКІ НА ЭКАНАМІЧНУЮ ЭКСПАНСІЮ”
Цыганкоў: “Уладзімер Пуцін сёньня заявіў, што Масква гатовая “аказаць падтрымку беларускай фінансавай сыстэме”. Відавочна, маецца на ўвазе выдача 2-мільярднага крэдыту. Ці гэты крэдыт настолькі важны цяпер для беларускай эканомікі?”
Калінкіна: “Усе размовы пра тое, што сусьветны фінансавы крызыс ніяк не закрануў беларускую эканоміку, — гэта заявы, якія закліканы супакоіць грамадзтва. Мы не маглі застацца ўбаку, бо беларускія банкі якраз пераважна ў расейскіх банках бяруць крэдыты. Наша банкаўская сыстэма працуе на замежных запазычанасьцях, таму крызыс па нас прайшоўся.
Але мне здаецца, што пытаньне крэдыту практычна было вырашанае да сёньняшняй сустрэчы, і было вырашанае міністрамі фінансаў — яны два апошнія дні працавалі над гэтым. Ня гэта галоўнае ў перамовах Пуціна і Лукашэнкі.
У эканамічных стасунках зьявіўся нейкі новы альгарытм. На першае месца ставяцца адзіныя мытныя правілы, на другое — стварэньне так званага “валютнага пулу”, і на трэцяе — увядзеньне адзінай валюты. Гэта, на маю думку, сьведчыць, што Расея ўзяла курс ад палітычнай рыторыкі на эканамічную экспансію”.
Быкоўскі: “На маю думку, можна казаць,што Пуцін імкнуўся пазьбегнуць завышаных спадзяваньняў на гэтую сустрэчу. Бо сытуацыя накручвалася так, што Менск мусіць прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Але Лукашэнка не зьбіраўся зараз гэта рабіць і даў зразумець, што адкладае гэтае пытаньне да скліканьня новага складу Нацыянальнага Сходу, што мае адбыцца ў лістападзе. Таму перад прыездам Пуціна ў Менск расейскія агенцтвы агучылі нібыта ўцечку з Крамля, што гэтае пытаньне ня будзе абмяркоўвацца. І сапраўды, публічна яно не абмяркоўвалася.
Што да крэну ў эканамічныя пытаньні, то цяпер якраз такая пасада ў Пуціна, што ён мусіць абмяркоўваць менавіта эканамічныя пытаньні. Разам з тым нічога пэўнага не прагучала. Ці дасьць Расея крэдыт? — рашэньне пакуль не агучана. Сказана — “будзе падтрымліваць”. Але тое ж самае казалася і 6 месяцаў таму. Дарэчы, беларускі міністар эканомікі Андрэй Харкавец у прынцыпе і не чакаў ад гэтай сустрэчы, што канкрэтнае пытаньне з крэдытам будзе сёньня вырашана, і на сустрэчы з журналістамі казаў, што “зь ліста” такія пытаньні не рашаюцца.
Што да коштаў газу, то гэта пытаньне не павінна было агучвацца сёньня, бо яно — прадмет перамоваў паміж “Белатрансгазам” і “Газпрамам”. Вядома ж, сёньня Лукашэнка і Пуцін яго абмяркоўвалі, — але не для публікі. Таму ня будзем забягаць наперад і казаць, ці вырашылі яны гэтую праблему — хутчэй за ўсё, гэта стане вядома пасьля тэхнічнай сустрэчы прадстаўнікоў “Белатрансгазу” і “Газпраму”.