Жыцьцё і сьмерць мітаў: Балты

Удзельнічае этнакультуроляг Аляксей Дзермант. Эфір 2 кастрычніка 2008 году.





“Балты – народы індаэўрапейскага паходжаньня, носьбіты балцкіх моваў, якія ў старажытнасьці насялялі вялізарныя абшары ад польскага Памор’я праз усю цяперашнюю Беларусь да вярхоўяў Волгі, Дняпра і Дзьвіны.

Балты – гэта той этнічны субстрат, на якім сфармаваліся асноўныя адметныя рысы беларусаў як этнакультурнай супольнасьці, а балтызм можна разглядаць як адзін са складнікаў нацыянальнай ідэнтычнасьці. Формула “беларусы – славянамоўныя балты” – гэта тутэйшы міт пра паходжаньне беларусаў”.


Вячаслаў Ракіцкі: “Ад якога часу мы можам гаварыць пра балтаў як этнічную супольнасьць? Калі і якія этнічныя супольнасьці сталі называць балтамі?”

Аляксей Дзермант
Аляксей Дзермант:
“Назовы “балты” і “балцкія мовы” як навуковыя тэрміны былі прапанаваныя нямецкім лінгвістам Георгам Насельманам у 1845 годзе. Але гэта не азначае, што самой этнічнай супольнасьці не існавала раней. Першая пісьмовая згадка балтаў выяўляецца ў творы рымскага гісторыка Тацыта “Пра паходжаньне германцаў”, дзе яны вядомыя пад імем эстыяў. У раньнім сярэднявеччы яны таксама вядомыя пад найменьнямі галіндаў, судзінаў ды іншымі. У расейскай гістарыяграфіі раней яны часта называліся лета-літоўцамі або проста літоўцамі”.

Ракіцкі: “Якія ёсьць доказы балцкай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі?”

Дзермант: “Найперш гэта дадзеныя гідраніміі і тапаніміі. У навуковых працах, прысьвечаных мовазанаўчаму аналізу назоваў рэк ды вадаёмаў у верхнім Падняпроўі, Панямоньні і Падзьвіньні было высьветлена, што асноўным этнічным кампанэнтам тут, бясспрэчна, былі балты, пачынаючы з самай аддаленай даўніны, даступнай лінгвістычнаму кантролю. Затым варта ўлічваць антрапалягічныя і генэтычныя матэрыялы, паводле якіх выяўляецца найбольшае падабенства беларусаў да балцкіх народаў (асабліва літоўцаў) або да тых рэгіянальных групаў суседніх славянамоўных этнасаў, якія займаюць часткі колішняга балцкага гідранімічнага арэалу. Абавязкова варта згадаць і наяўнасьць балтызмаў рознага кшталту у беларускай мове”.

Ракіцкі: “Удакладніце, калі ласка, якія ж сьляды балты пакінулі ў беларускай мове?”

Балцкі складнік беларушчыны – нібы «нітка», на якую нанізаныя славянскія «пацеркі»
Дзермант
: “Па-першае, гэта лексычныя балтызмы, словы накшталт рупіць, набрыняць, дзёгаць, дойлід, жвір, атожылак, бурбалка, парсюк, кумпяк і г.д. Насамрэч іх нашмат больш, чым прынята меркаваць, асабліва ў дыялектах, але, на жаль, дагэтуль беларуская лексыка балцкага паходжаньня чакае свайго прафэсійнага дасьледніка. Па-другое, гэта сынтаксычныя балтызмы, канструкцыі, накшталт, ехаць з канём, гаварыць на маці, ісьці па грыбы, якія паўтараць адпаведныя канструкцыі, вядомыя толькі ў літоўскай або латыскай мовах. Па-трэцяе, варта згадаць, што і асноўныя фанэтычныя рысы беларускай мовы (дзеканьне, цеканьне, аканьне, яканьне) таксама імаверна ўтварыліся ў выніку балцкага ўплыву. Увогуле балтызмы – гэта ня ўзятыя звонку словы, не пазычаньні, а часьцінкі, што ўтрымаліся ў мове пасьля «вымываньня» з-пад яе балцкай асновы. Балцкі складнік беларушчыны – нібы «нітка», на якую нанізаныя славянскія «пацеркі». Балтызмы таксама фармуюць адметнасьць нашай мовы”.

Ракіцкі: “Якім жа чынам тады адбывалася славянізацыя мясцовых балтаў? У выніку масавай славянскай міграцыі або іншым чынам?”

спрадвечнымі насельнікамі, то бок аўтахтонамі нашага краю, былі балцкамоўныя плямёны
Дзермант:
“На сёньня ёсьць сур’ёзныя падставы сумнявацца, ці была тая масавая славянскай міграцыя. Акурат наадварот, паводле наяўных на сёньня зьвестак розных навук спрадвечнымі насельнікамі, то бок аўтахтонамі нашага краю, былі балцкамоўныя плямёны. Кансэрватыўнасьць антрапалягічна-генэтычнага аблічча беларусаў не дазваляе прыняць тэорыю пра масавую славянскую калянізацыю на тэрыторыю будучай Беларусі. Выдае на тое, што славянізацыя мясцовага балцкага насельніцтва мела збольшага моўны (часткова культурны) характар. Таму можна дапусьціць, што асаблівасьці працэсу фармаваньня беларускай этнічнай супольнасьці адпавядаюць этнагенэтычнай сытуацыі, калі меркаваныя перасяленцы складалі меншыню, якая праз адміністрацыйна-рэлігійны (утварэньне дзяржавы і прыняцьце хросту паводле ўсходняга абраду) чыньнік выклікала зьмены ў моўна-культурным ляндшафце мясцовага насельніцтва”.

Ракіцкі: “Удакладнім вашу думку. Сучасныя беларусы хоць і ёсьць славянамоўнымі, але зьяўляюцца наўпроставымі нашчадкамі балцкіх плямёнаў?”

Дзермант: “Фактычна гэта так. Нават калі ня будзем згадваць клясычных балтаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі ў старажытнасьці (літву, яцьвягаў, лятгалаў, прусаў”, дык нават найменьні крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў маюць найбольш праўдападобна менавіта балцкае паходжаньне”.

Ракіцкі: “Але падобны падыход да этнагенэзу можа істотна паўплываць на ідэнтычнасьць нацыі. Наколькі ўсё гэта супярэчыць “славянскаму міту”, які актыўна прапагандуецца сёньня ў Беларусі?”

балцкая фактура ня надта ўкладваецца ў схемы тых, хто прызвычаіўся заўжды шукаць толькі славянскія вытокі
Дзермант:
“Безумоўна, балцкая фактура ня надта ўкладваецца ў схемы тых, хто прызвычаіўся заўжды шукаць толькі славянскія вытокі. Гэта тычыцца ня толькі ідэолягаў, але й навукоўцаў, бо бадай ніколі ў нас не заахвочваліся паважныя балтыстычныя дасьледаваньні, наадварот, ім усяляк заміналі. А тое, што прыхільнікі “славянскага міту” ўпарта ня хочуць зважаць на балтаў, відавочна. Узяць хаця б нядаўнія паведамленьні пра дасьледаваньне генафонду беларусаў, растыражаваныя шматлікімі СМІ. Кіраўнік групы навукоўцаў, якая займалася дасьледаваньнем, заявіў у інтэрвію, што “людзi, якiя засялiлi тэрыторыю сучаснай Беларусi, былi iндаэўрапейцамi, потым сталi праславянамi, а пазьней вылучыўся беларускі этнас”. Нібыта ўсё слушна, за выняткам праславянаў, бо балты і былі тымі тутэйшымі індаэўрапейцамі, генафонд якіх і склаў аснову генафонду сучасных беларусаў. Генэтыкі пацьвердзілі аўтахтоннасьць нашага этнасу, але не захацелі пайсьці далей і прызнаць, што гэтыя аўтахтоны ня маюць да праславянаў ніякага дачыненьня. Тут варта згадаць словы аднаго з найбольш выбітных дасьледнікаў балта-славянскіх дачыненьняў Уладзімера Тапарова:Панятак “славянскі”, ужываны ў традыцыйным сэнсе, зьмяняе (а адсюль і траціць) сваё значэньне і ў сьвятле шэрагу іншых дасягненьняў апошніх гадоў у вобласьці рэканструкцыі этналінгвістычнай карты Ўсходняй Эўропы... Іначай кажучы, для гэтай часткі Ўсходняй Эўропы “славянскі” элемэнт, як ён разумеўся дасюль, для пэўнай эпохі, калі балцкі элемэнт быў бясспрэчна актуальны, аказваецца фікцыяй”.

Ракіцкі: “Увогуле, а ці магчыма гэта, каб славянамоўны этнас меў ня толькі балцкае паходжаньне, але і балцкую ідэнтычнасьць?”

Дзермант: “Прыклады зь гісторыі, калі этнічная тоеснасьць не супадае з моўнай тыпалёгіяй – не адзінкавыя, гэтаксама як і выпадкі адраджэньня ў іншамоўным асяродзьдзі культурных традыцыяў, якія здавалася б назаўсёды зьніклі праз асыміляцыю іх носьбітаў. Згадайма шатляндцаў, валійцаў, ірляндцаў, брэтонцаў, якія ня сталі германцамі або раманцамі, страціўшы не зусім свае кельцкія гаворкі, або французаў, якія паходзяць ад раманізаваных галаў і, нават атрымаўшы свой назоў ад нешматлікіх германскіх заваёўнікаў – франкаў, усё адно зьвяртаюцца перадусім да сваіх гальска-кельцкіх вытокаў. Таксама і раманскамоўныя румыны насамрэч больш роднасныя “паўднёвым славянам”, чым італійцам ці гішпанцам зь іхняй моўнай групы. Мова, бясспрэчна, адна з найважнейшых адзнак нашай ідэнтычнасьці, бо яна, бадай, апошняе, што нам засталося яшчэ жывога і праўдзівага ад дзядоў. У яе нетрах мы можам спазнаваць таямніцы свайго паходжаньня, гаворачы і думаючы ёю, мы можам найлепш паразумецца, але ўсё ж адна толькі мова ня можа быць у беларускім выпадку вызначальнай прыкметай этнасу”.

Ракіцкі: “Тады якія пэрспэктывы магчымай карэкцыі беларускай ідэнтычнасьці ў балцкімі накірунку вы бачылі б?”

для беларусаў балтызм стаў бы своеасаблівай засьцярогай і аўтэнтычнай альтэрнатывай ад панславізму
Дзермант:
“Перадусім гэта паспрыяла б не ангажаванаму вывучэньню тых праблемаў, якія дагэтуль застаюцца па-за ўвагай у шматлікіх абсягах навукі: лінгвістыцы, археалёгіі, антрапалёгіі, этнаграфіі. Гэта дазволіла б зірнуць на ўласную гісторыю іншымі вачыма, у прыватнасьці на агульнай балцкай глебе можна нарэшце паспрабаваць знайсьці паразуменьне з літоўскімі калегамі ў справе разуменьня генэзісу і агульнай прыналежнасьці спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Тут досыць згадаць хаця б факт працяглага мірнага суіснаваньня продкаў беларусаў і літоўцаў у межах гэтай дзяржавы, што сьведчыць пра арганічны характар яе ўтварэньня. Таксама для беларусаў балтызм стаў бы своеасаблівай засьцярогай і аўтэнтычнай альтэрнатывай ад панславізму, які, здаецца, канчаткова сябе дыскрэдытаваў, але на які дагэтуль хварэюць некаторыя нашы суседзі”.

Ракіцкі: “А як жа быць з непрыманьнем мноствам беларусаў балцкай культуры, палітычнага шляху прыбалтыйскіх народаў? Які адрэзак часу павінен прайсьці, перш, чым беларусы з павагай паставяцца да свайго балцкага паходжаньня?”

Дзермант: “Тут трэба пачынаць з адукацыі і простага зацікаўленьня нашай балцкай спадчынай, што, на жаль, у сёньняшніх варунках усё яшчэ немагчыма ажыцьцяўляць належным чынам. Таксама трэба пазбаўляцца ад славянафільскіх і савецкіх поглядаў на гісторыю ды ўласнае паходжаньне, бо менавіта праз гэтыя навязаныя звонку схемы вельмі часта нагнятаецца варажнеча да нашых прыбалтыйскіх сукрэвічаў. Але я ўпэўнены, што тутэйшы чалавек, якому рупяць свае карані, які глыбока цікавіцца гістарычнай праўдай і этнічнай культурай, які ўрэшце адчувае дух сваёй зямлі, абавязкова будзе шанаваць і ганарыцца сваімі балцкімі продкамі”.