“Сьвяточны страйк” ждановіцкіх бізнэсоўцаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Гандляры менскага рынку “Ждановічы” адзначылі нефармальны дзень прадпрымальніка зачыненымі гандлёвымі боксамі і парожнімі прылаўкамі.

Такім чынам яны пратэставалі супраць падатковага цяжару, які вядзе да банкруцтва дробных бізнэсоўцаў. Аднак маштабнай акцыя не атрымалася — адміністрацыя прадпрыемства “Гандлёвы дом “Ждановічы” прыгразіла скасаваць страйкоўцам дамовы арэнды і ліцэнзіі.

З раніцы на “Ждановічах” байкатавалі працу гандляры будаўнічымі матэрыяламі і прамысловымі вырабамі.


Тавар на прылаўках не зьяўляўся да таго часу, пакуль не пачалі абход кантралёры. Яны папярэдзілі прадпрымальнікаў, што тыя парушаюць дамову з арэндадаўцам, у якой пазначаны, сярод іншага, час працы — ад 9:00 да 17:00. Пайшлі пагрозы забараніць людзям гандляваць, а зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў пазбавіць ліцэнзіі на дзейнасьць.

Мікалай Кавалеўскі
Прадпрымальнік Мікалай Кавалеўскі кажа, што іншых мэтадаў, каб дагрукацца да зацікаўленых асобаў і ведамстваў, у прадпрымальнікаў ужо няма:

“Мы ўсе, як і трэба, плацім сацыяльнае страхаваньне, а ў працоўнай кніжцы нічога наконт гэтага не запісана. І мы атрымліваемся беспрацоўнымі. Чаму так? Мы плацім, а ў працоўную кніжку не запісваюць, што мы лічымся прадпрымальнікамі. Вось гэта немалаважнае пытаньне. І другі момант. У нас проста непад’ёмная аплата падаткаў, аплата гандлёвых месцаў. І яшчэ калі сыходзіш у адпачынак, згодна з Канстытуцыяй, на прадпрыемствах табе яшчэ штосьці плацяць. А ў нас як? Заплаці за арэнду і ідзі сабе куды хочаш, у тым ліку ў адпачынак. Лічу, што гэта несправядліва: адпачынак для ўсіх аднолькавы і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй павінен быць. Ды хоць бы арэнду за гэты час не плаціць. А што тычыцца прадпрымальнікаў, то трэба, каб усе хоць крыху за сябе стаялі, бо нас усё больш зашчамляюць”.

Калега спадара Кавалеўскага дадае, што прадпрымальнікі практычна штомесяц абкладаюцца новымі дзяржаўнымі паборамі, аднак ніхто не тлумачыць, чым выклікана ўвядзеньне чарговага падатку ці акцызу. Людзей проста ставяць перад фактам новых умоваў гаспадараньня:

“Галоўныя праблемы — высокія падаткі, надбаўкі, якія ўвесь час уводзяцца. Ад чагосьці адпаведныя службы, напэўна, адштурхоўваюцца, але хацелася б, каб нам тлумачылі гэта больш падрабязна. Каб адказныя за гэта людзі гэта ўсё аргумэнтавалі — зь якой патрэбы ўсё гэта ўводзіцца? Чым гэта тлумачыцца, якой палітыкай? Хто ініцыятар? Трэба, каб падпісваліся людзі канкрэтныя, а ня тое, што ўвялі і ўсё — “так трэба”. Каб гэта праводзілася ў жыцьцё не такім чынам, што нас проста ставяць перад фактам: ад сёньняшняга дня трэба жыць так, а не інакш. У іншых краінах гэта робіцца паступова, цывілізавана. А мы, такое адчуваньне, невядома дзе жывём”.

Аляксандар Макаеў
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў кажа, што ўжо другі год запар па ўсёй Беларусі нефармальна адзначаецца дзень прадпрымальніка, хоць на сьвята пры цяперашніх парадках гэты дзень пакуль не падобны:

“Пры канцы году нам зьліквідуюць фіксаваны падатак на даданую вартасьць (ПДВ), і трэба будзе прадпрымальнікам плаціць увозны ПДВ. Гэта значыць, будуць створаныя часовы мытныя склады. То бок пры адсутнасьці мяжы з Расеяй будуць існаваць мытныя склады, дзе будуць зьмяшчацца тавары часовага захоўваньня. Будуць высьвятляць: калі расейскі тавар — то здымаецца толькі ПДВ, калі тавар зь іншых краінаў — то яшчэ і мытныя плацяжы. Іншымі словамі, ставіцца заслона на гандлі з Расеяй. Пастаўкі тавараў з гэтай краіны — фактычна адзіная “дзірка”, якая дае магчымасьць беларускім прадпрымальнікам ажыцьцяўляць прадпрымальніцкую дзейнасьць. Бо ўсе іншыя межы фактычна зачыненыя. Калі зьявіцца яшчэ гэтая заслона, калі будуць выкананыя гэтыя правілы і ўмовы, то 90% прадпрымальнікаў будуць вымушаныя зьліквідаваць свой бізнэс. Бо ня ўсе маюць буйныя абароты”.

Неўзабаве ля павільёнаў будаўнічай часткі рынку ў суправаджэньні аховы зьявіўся прадстаўнік адміністрацыі “Ждановічаў” Леанід Чваркоў. Ён пачаў высьвятляць, хто даў дазвол на фотаздымкі і аўдыёзапіс на тэрыторыі рынку. Асабліва цікавіўся, ці не прабраўся раптам на тэрыторыю рынку журналіст “Рэха Ізраілю”. Вывучыўшы пасьведчаньне, патлумачыў, што ўсялякія мітынгі катэгарычна забароненыя:

“Калі ў вас ёсьць нейкія пытаньні — вы напішыце іх у пісьмовым выглядзе, я адкажу. Зрэшты, магу адказваць, магу не адказваць, правільна? А народ мы не ганяем. Проста вы зараз тут зьбіраеце цэлы мітынг. А мітынгі, вы ж ведаеце, яны ж рэглямэнтуюцца. Калі забастоўку праводзіце, ці, як вы кажаце, “страйк”, ну дык ніхто ж да вас не прыходзіць і ня кажа: адчыняйцеся ці зачыняйцеся. Гэта права кожнага прадпрымальніка. Але мітынг ладзіць? На гэта адпаведны дазвол патрэбны”.

Паўнавартасны агульнанацыянальны мітынг у абарону сваіх правоў прадпрымальнікі маюць наладзіць, як і год таму, 10 сьнежня.