Яе Ініцыятары заклікалі суайчыньнікаў адказаць на пытаньні: што значыць быць беларусам і што аб’ядноўвае грамадзян краіны, акрамя пашпартоў?
У кавярні “Добрыя мысьлі” адбылася й прэзэнтацыя сайту www.budzma.org.
Ад 1 кастрычніка пачынаюцца супольныя культурныя і грамадзкія акцыі пад слоганам “Будзьма беларусамі!” Ініцыятарамі акцый зьяўляюцца грамадзкія арганізацыі, у тым ліку, “Бацькаўшчына”, ТБМ, суполка “Пагоня”, “Гісторыка”, калектыў альманаху “pARTisan”, “Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, Беларуская музычная альтэрнатыва, інтэрнэт-супольнасьць www.moladz.org, “Эўрапейскае радыё” ды інтэрнэт-супольнасьць “Шлях да Беларусі”.
Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская распавяла “Свабодзе”:
“За 17 гадоў існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусь ня створана глебы для кансалідацыі грамадзтва. Гэтыя працэсы адбыліся ўжо даўно ў шмат якіх краінах і, напэўна, ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы. Мы ставім мэтай аб’яднаць беларусаў на глебе любові й павагі да гісторыі, культуры, мовы.
Мы хочам паказаць з дапамогай сучасных інструмэнтаў: такіх як канцэрты, літаратурныя сустрэчы, музычныя складанкі, што беларуская культура, беларуская музыка, беларуская літаратура — гэта рэчы сучасныя, вельмі модныя і пэрспэктыўныя. Яны вартыя таго, каб пра іх ведалі ня толькі самі беларусы, але й каб яны былі вядомыя ў сьвеце”.
Сёньня афіцыйна пачынае працу сайт www.budzma.org. Арганізатары разьлічваюць, што ён стане даступнай пляцоўкай для людзей, грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай культуры.
Ініцыятары кампаніі заклікаюць далучацца да яе арганізацыі і прыватных асобаў, ідэі і праекты якіх адпавядаюць мэтам кампаніі.
“Першая акцыя, якую мы ладзілі з рознымі грамадзкімі арганізацыямі, была агульнанацыянальная дыктоўка. Сёньня ТБМ у Лідзе пачало кампанію “Будзьма!”
Праз год плянуецца новы перапіс насельніцтва. Мы ўжо цяпер павінны працаваць і казаць людзям, каб яны ведалі, што яны беларусы, што іх родная мова беларуская, і дома яны з катом і сабакам гавораць па-беларуску. Усе гэтыя пытаньні ў перапісе нас чакаюць. Калі лічбы будуць ня тыя, якія былі, то ўсё зачыніцца”.
Прадстаўніца арганізацыі “Вока” абвясьціла пра новую кампанію:
Акцыя называецца “Дзясятачка”. Яна будзе праходзіць у рамках кампаніі “Будзьма!”, пра якую можна прачытаць на сайце www.moladz.org. Кожны школьнік ці студэнт можа сёлета пры канцы году прынесьці дзёньнік зь “дзясяткай” па беларускай мове ці літаратуры й атрымаць падарунак.
Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што зь цягам часу сайт www.budzma.org стане скарбонкай беларускіх інтарэсаў і карыстацца супольна сабранай інфармацыяй змогуць усе.