“Мы патрабуем ад кіраўніцтва Эўрапейскага зьвязу і ЗША не займацца крывадушшам у адносінах да кіруючага ў Беларусі рэжыму, пакуль ня будуць прадэманстраваныя рэальныя крокі ў справе дэмакратызацыі Беларусі”, – гаворыцца ў заяве ўдзельнікаў пікету, які адбыўся ля будынку беларускай амбасады.
У заяве пікетоўцы патрабуюць ад уладаў Беларусі: спыніць ціск на недзяржаўныя СМІ, актывістаў палітычных партый і рухаў; правесьці адкрытае і справядлівае расьследаваньне зьнікненьняў вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў; правесьці паўторныя, сапраўды дэмакратычныя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.
Удзельнікі акцыі скандавалі “Жыве Беларусь!”, і “Вашыя выбары – гэта фарс!” Яны таксама трымалі плякаты з надпісамі: “І сваім, і нашым за капейку спляшым!”, “Шматвэктарная палітыка”. У пікеце стаялі болей за дзясятак актывістаў моладзевых арганізацый “Абарона”, “Зьмена”, “Ініцыятыва”, паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі прадстаўнік “Абароны” Эдуард Глезін.