Акцыя адбывалася ў цэнтры Глыбокага, а гледачамі былі шматлікія мінакі.
— У мяне быў на шыі плякат з надпісамі “Не — адміністратыўнаму рэсурсу! Не — беспрынцыповай выбарчай камісіі! Закон роўны для ўсіх!” Стаяў я на ганку райвыканкаму, дзе месьціцца акруговая выбарчая камісія. Выйшла сакратарка, спыталася, ці ёсьць у мяне дазвол на правядзеньне акцыі. Я адказаў, што гэта мой мэтад агітацыі і сёньня я маю права агітаваць, — распавёў Яраслаў Берніковіч.
Мінакам, якія падыходзілі й пыталіся, што адбываецца, апазыцыйны кандыдат тлумачыў: ён пратэстуе супраць таго, што гэтая кампанія праводзіцца са шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства, перадусім з боку ягонага канкурэнта, старшыні віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі.
Яраслаў Берніковіч падаў у акруговую камісію шэраг скаргаў — пра тое, што ўлёткі праўладнага кандыдата абавязалі разносіць паштароў, пра тое, што яго з нумара ў нумар “піяраць” мясцовыя дзяржаўныя СМІ. Але камісія не прызнала гэтыя факты парушэньнямі. Таму кандыдат-апазыцыянэр вырашыў зьвярнуцца да грамадзкасьці, каб данесьці да яе сваю думку.