Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракааліцыя заклікала на плошчу


Зьлева направа: Анатоль Букас, Мікола Статкевіч, Аляксандар Макаеў
Зьлева направа: Анатоль Букас, Мікола Статкевіч, Аляксандар Макаеў

Эўрапейская кааліцыя заклікала грамадзянаў Беларусі ўзяць удзел у акцыі пратэсту 28 верасьня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.


Пра гэта было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася сёньня ў сядзібе БНФ.

Лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч заявіў, што цяперашнія выбары ў Палату прадстаўнікоў — і не сумленныя, і не дэмакратычныя:

Мікола Статкевіч
“Мы расцэньваем гэтыя выбары як фарс. Мы зьвяртаемся да беларускага грамадзтва з заклікам у нядзелю 28 верасьня ў 20 гадзін выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб прадэманстраваць свой пратэст. Бо ўжо зараз зразумела, да чаго ідзе. Мы ўжо шмат разоў удзельнічалі ў гэтых псэўдавыбарах, і сытуацыя паўтараецца. Мы заклікаем міжнародную супольнасьць не прызнаваць гэтыя выбары сумленнымі. Мы дазваляем кандыдатам з Эўрапейскага сьпісу зьняцца з гэтых выбараў альбо спыніць кампанію. Тым кандыдатам, якія вырашаць ісьці да канца, мы рэкамэндуем засяродзіць сваю ўвагу на зборы доказаў фальсыфікацыяў гэтых выбараў”.

Спадар Статкевіч таксама паведаміў, што заўтра а палове на першую да Цэнтравыбаркаму на плошчы Незалежнасьці прыйдзе група кандыдатаў з Эўрапейскага сьпісу, каб выказаць сваё стаўленьне да выбарчай кампаніі.

Нагадаем, з 63 прадстаўнікоў Эўрапейскага сьпісу змаглі зарэгістравацца толькі 22 кандыдаты. Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў таксама Міколу Статкевіча і каардынатара блёку прадпрымальнікаў Алеся Макаева. Спадар Статкевіч заявіў, што працэнт нерэгістрацыі кандыдатаў з Эўрапейскага сьпісу беспрэцэдэнтны нават для беларускіх рэаліяў. Паводле Алеся Макаева, з 20 прадпрымальнікаў зарэгістраваныя толькі чацьвёра.

Алесь Макаеў
“Выбараў няма. Лукашэнка прывучыў, што парлямэнт нічога не вырашае. Я магу асабіста заклікаць — і гэта заклік патрыётаў Беларусі, і тых, хто робіць байкот, і тых, хто разумее гэтую сытуацыю, — прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Бо толькі грамадзкі рух больш актыўнай часткі насельніцтва можа даць дазвол на лепшую будучыню”.

Мікола Статкевіч адзначыў, што кааліцыя адпачатку ня мела ніякіх ілюзій і разглядала выбары як імітацыйныя. З трох патрабаваньняў — вызваленьне палітвязьняў, абмежаваньне ці адмена датэрміновага галасаваньня і наданьне права назіраць за падлікам галасоў — улады часткова выканалі толькі першае. Адносна пэрспэктываў дыялёгу паміж уладамі і Эўропай пасьля 28 верасьня Мікола Статкевіч заявіў:

“Дыялёг беларускіх уладаў з Эўропай адыгрывае дапаможную ролю ў якасьці інструмэнту ціску і шантажу ў дыялёгу Менску з Масквой. Бо толькі па энэрганосьбітах у гэтым годзе датацыі Беларусі складуць 14 мільярдаў даляраў. Такіх грошай Эўропа ня дасьць і блізка, але калі і дасьць, то толькі сябру Эўразьвязу. Але нават частку гэтых грошай яна будзе абумоўліваць дэмакратыяй, а значыць — пагрозай клану, які кіруе краінай. Навошта ім гэта? Але папалохаць Расею — сама тое”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG