Андруся Цянюту затрымалі мінулай ноччу і прад’явілі прэтэнзіі, што ён не зьяўляецца ў міліцыю й суд па позвах.
Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Андруся Цянюту арыштам на сем сутак і штрафам на 700 тысячаў рублёў.
Суд прайшоў практычна патаемна і надзвычай хутка. Невядома нават, калі й як прывозілі хлопца з ізалятара ў памяшканьне суду.
Гаворыць грамадзкі актывіст Сяргей Трыфанаў:
“Гэта ўвогуле рэч ненармальная й дзікая. Судзьдзя Дамненка, якая вынесла вырак, за дзьве хвіліны да таго казала: “Я ня ведаю, хто такі Цянюта, ня ведаю, пра што вы пытаецеся”. Я заходзіў да судзьдзі, і яна так казала. А потым паклікала ягоных сваякоў і паведаміла: “Суд ужо адбыўся — сямсот тысяч рублёў штрафу й сем сутак арышту”. Пастанову на рукі сваякам ня выдала. Увогуле невядома, калі гэты суд пасьпеў адбыцца”.
Андруся Цянюту мінулай ноччу міліцыя затрымала на чыгуначным вакзале. Ён зьбіраўся ехаць у Менск. Актывісту прад’явілі прэтэнзіі, што ён не зьяўляецца ў міліцыю й суд па позвах. І адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Маці й брат Андруся прыйшлі ў суд, каб паслухаць, у чым яго абвінавачваюць, і перадаць яму цёплыя рэчы й сокі. Аднак Андруся яны так і не пабачылі.
“Нічога добрага. Трэці раз яго арыштоўваюць. Рашэньня суду на руках няма, і невядома, за што”, — жаліцца Людміла Цянюта.
13 верасьня, калі сьвяткаваўся Дзень гораду, міліцыя затрымала Андруся Цянюту зь бел-чырвона-белым сьцягам блізу Лядовага палацу, дзе ладзіўся канцэрт. Пры затрыманьні хлопцу вывіхнулі палец і пашкодзілі калена. Сам ён нібыта хістаўся і пляваў на міліцыянтаў. Супраць актывіста склалі некалькіх адміністрацыйных пратаколаў, у прыватнасьці, за нецэнзурную лаянку й супраціў міліцыі. Тады спадар Цянюта правёў у міліцэйскім памяшканьні з бэтоннай падлогай каля 15 гадзінаў. З прыкметамі пнэўманіі яго выпусьцілі лекавацца.