Паводле міжнароднай арганізацыі “Transparency international” Беларусь займае 151-е месца ў сьвеце паводле ўзроўню карупцыі са 180-ці краін, якія вывучаліся дасьледчыкамі. Чаму не дае плёну змаганьне з карупцыяй?
Паводле рэйтынгу карумпаванасьці, які ў 2006 годзе складала “Transparency international”, Беларусь ужо была на 151 месцы. Годам пазьней краіна паднялася на адну прыступку, але зараз зноў апусьціліся на 151-шы радок. Чаму краіна топчацца на месцы, а захады дзеля барацьбы з карупцыяй застаюцца безвыніковымі?
Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб кажа пра дзьве асноўныя прычыны: гэта аўтарытарны дзяржаўны лад і непразрыстая дзейнасьць чыноўнікаў.
“У нас чыноўнікі ўсё павінны дазваляць. Тое, тое, гэтае. Пры гэткай сыстэме ў чыноўнікаў вялікая спакуса скарыстаць сваё службовае становішча. Прычым ім даюць хабар ня толькі простыя людзі, а часьцей тыя, хто зарабіў грошы незаконна. Гэтак зрастаецца карумпаваная ўлада са злачыннасьцю. Другое, у таталітарнай краіне цяжка весьці барацьбу з карупцыяй, бо ўлада ўся закрытая. Яна пазбаўленая сьвежага паветра дэмакратыі, галоснасьці і справаздачнасьці перад насельніцтвам. Калі гэтага няма, то ніякі ўказ ці дэкрэт, ніякі сюжэт па тэлебачаньні пра надзяваньне кайданкоў на карумпаванага чыноўніка не дапаможа”.
Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб перакананы, што барацьба з карупцыяй, як і зь любым відам злачыннасьці, можа быць эфэктыўнай, толькі калі захоўваецца прынцып непазьбежнасьць пакараньня. Між тым, на думку Мечыслава Грыба, беларускія чыноўнікі навучыліся пазьбягаць пакараньня праз “кругавую паруку”.
Прадпрымальнік Алесь Макаеў, які працуе на рынку, згодны з тым, што ў Беларусі вельмі высокі ўзровень карумпаванасьці. Алесь Макаеў мяркуе, што выбіцца ў сярэднія, тым больш буйныя бізнэсоўцы без “крышаваньня” чыноўнікаў немагчыма.
“Кожны буйны бізнэсовец — пад каўпаком. Кожная фірма мае такіх чыноўнікаў, зь якімі трэба дзяліцца. Бо ў нас такія законы, такія падаткі, што без парушэньняў працаваць немагчыма і кожнага бізнэсоўца можна прыцягнуць да адказнасьці. Таму яны лічаць за лепшае дзяліцца, даваць хабар”.
Як спыніць карупцыю? Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла спадзяецца ня толькі на пэўныя зьмены ў законах, але і на дэмакратызацыю ўсёй дзяржаўнай сыстэмы.
“Калі кожны закон будзе праходзіць экспэртызу на антыкарумпаванасьць, калі вырашаць будзе не чыноўнік, а закон, калі ўладу будзе кантраляваць грамадзянская супольнасьць, незалежныя мэдыі, мясцовыя дэпутаты, калі судовая ўлада будзе незалежнай ад выканаўчай — тады так, дзяржаўная сыстэма будзе працаваць супроць карупцыі. Але пакуль гэтага няма, карупцыянэры адчуваюць сябе ў цяплічных умовах”.
Мне не ўдалося атрымаць камэнтар МУС да меркаваньня, што Беларусь паводле ўзроўню карупцыі знаходзіцца на 151-м месцы. У прэсавай службе міністэрства заявілі, што ня ведаюць пра арганізацыю “Transparency international”. Паводле прэс-рэлізу МУС, па выніках барацьбы са злачыннасьцю ў 2007 годзе ў краіне было выяўлена каля 3 тысяч злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці. Траціна зь іх зьвязаная з хабарніцтвам.
У рэйтынгу карумпаванасьці “Transparency international” Расея апынулася вышэй за Беларусь — у яе 147-е месца. Украіна апынулася на 134-м радку, Польшча і Літва на 58-м, Латвія — 52-я. Беларусь — у кампаніі такіх краін, як Лаос, Эквадор, Папуа — Новая Гвінэя, Таджыкістан. Краінамі з найменшай карупцыяй былі прызнаныя Данія, Новая Зэляндыя, Швэцыя і Сынгапур. А найбольш карумпаванымі — Самалі, Ірак, Бірма і Гаіці.