Краінамі з найбольшым узроўнем карупцыі названыя сёлета Самалі і Ірак. Індэкс успрыняцьця карупцыі ў 2008 годзе, апублікаваны сёньня арганізацыяй „Transparency International”, падкрэсьлівае фатальную сувязь паміж беднасьцю, неэфэктыўным кіраваньнем і хабарніцтвам. Але прыклады іншых краін, якія апусьціліся ў рэйтынгу „Transparency International” у 2008 годзе, сьведчаць пра тое, што механізмы кантролю карупцыі таксама даюць збой і ў найбагацейшых краінах.
„Transparency International” вызначае свой Індэкс успрыняцьця карупцыі (Corruption Perceptions Index) для асобных краінаў, грунтуючыся на апытаньнях сярод розных экспэртаў і прадстаўнікоў бізнэсу. Індэкс мяняецца ад нуля (максымальны ўзровень карупцыі) да 10 (краіна, вольная ад карупцыі).
У гэтым годзе, як і ў мінулым, апытаньні праводзіліся ў 180 краінах. Беларусь зь індэксам 2.0 апынулася на 151 месцы, разам зь Ляосам, Эквадорам, Папуа Новай Гвінэяй, Таджыкістанам, Цэнтральнаафрыканскай рэспублікай і Кот д’Івуарам. У 2007 годзе Беларусь у гэтым рэйтынгу была на 150 месцы, а ў 2006 — на 151.
Найлепшую пазыцыю па барацьбе з карупцыяй, паводле „Transparency International”, Беларусь мела ў 2002 годзе, калі заняла 36 месца, апярэджваючы ўсе іншыя краіны СНД ды нават Грэцыю, Польшчу і Баўгарыю. Але трэба заўважыць, што тады Беларусь упершыню патрапіла ў гэты міжнародны рэйтынг.
У гэтым годзе краінамі з найменшай карупцыяй былі прызнаныя Данія, Новая Зэляндыя, Швэцыя і Сінгапур. Суседзі Беларусі маюць такія пазыцыі: Расея 147-е, Украіна 134-е, Літва і Польшча 58-е, Латвія 52-е месца.
Месца Беларусі паводле індэксу ўспрыняцьця карупцыі ў 2002-2008 г.г.