Паводле сьледчай управы МУС, днямі на разгляд у Вярхоўны суд перададзеная гучная справа — гэтак званая “мэблевая”. У справе фігуруюць 7 асобаў, тры зь іх — высокапастаўленыя мытнікі, астатнія — бізнэсоўцы. Самы вядомы — Юры Шацёр, дырэктар фірмы “Домус”. З 2002 году яны наладзілі пастаўкі ў Беларусь італьянскай элітнай мэблі, абыходзячы мытнае заканадаўства. Дапамагалі ім высокапастаўленыя мытнікі. Сьледчы Дзьмітрый Яраш кажа пра амаль 7 мільёнаў даляраў стратаў для бюджэту:
“У выніку ў бюджэт не дайшло мыта на 8 мільярдаў рублёў, а ўсяго абвінавачаныя нанесьлі стратаў дзяржаве на суму больш за 13 мільярдаў рублёў”.
На прэсавай канфэрэнцыі не прагучалі імёны высокапастаўленых чыноўнікаў, якія куплялі элітную італьянскую мэблю і рабілі абвінавачаным пэўныя паслугі. Таксама невядома, ці ёсьць гэтыя імёны ў справе. Між тым назіральнікі пытаюцца: як абвінавачаныя бізнэсоўцы абыходзілі мытныя законы пасьля 2003 году, калі мытнікі, якія фігуруюць у “мэблевай справе”, былі арыштаваныя? Тое, што “мэблевы канвэер” яшчэ тры гады па-за рамкамі закону забясьпечваў элітнымі гарнітурамі багатых і вядомых асобаў, сьледчыя пацьвердзілі, а вось як гэта ўдавалася, не патлумачылі.
Якое становішча склалася ў Дзяржаўным мытным камітэце? Штогод дзясяткі супрацоўнікаў мытні ідуць пад суд, а сытуацыя не выпраўляецца. Кіраўнік управы МУС Сяргей Лішко, чые падначаленыя расьсьледавалі “мэблевую справу”, адмовіўся даваць камэнтары па гэтай праблеме. Ад камэнтароў да канца працэсу ўстрымаліся і ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Алег Ігнаценка ў 1990-х гг. працаваў у Кантрольнай палаце Вярхоўнага Савету і ў адміністрацыі прэзыдэнта. Ён згадаў, што ў той час ставілася пытаньне пра кадравую чыстку сярод супрацоўнікаў мытні, бо карупцыя там дасягала 90%. На думку Алега Ігнаценкі, цяпер карупцыя сярод мытнікаў меншая, але цалкам ад яе пазбавіцца не ўдаецца. Чаму?
“Мне ўяўляецца, што ёсьць пэўны матэрыяльны інтарэс да гэтай службы з боку адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле маіх крыніц, да 30 адсоткаў бюджэту напаўняе мытня, і ёсьць магчымасьці таксама напаўняць розныя ценевыя бюджэты, якія нідзе ня ўлічаныя. Гэта галоўнае, а што да арганізацыі працы самой сыстэмы, то гэта ўжо нікога не цікавіць”.
На прэсавай канфэрэнцыі ў сьледчых запыталі , ці сапраўды арыштаваны былы кіраўнік мытнага пункту “Казловічы” Віталь Дудзік, які даводзіцца сваяком былому старшыні КДБ Сьцяпану Сухарэнку. Міліцыянт Сяргей Лішко не абверг гэтых зьвестак, але заўважыў, што “гэта ня мае дачыненьня да мэблевай справы”.