Рэпартаж з другога дня рэспубліканскага сьвята хлебаробаў.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка павіншаваў пераможцаў сёлетняга жніва. На галоўнай канцэртнай пляцоўцы ў аршанскім гарадзкім парку ім уручылі ўзнагароды – машыны, кампутары і грошы.
У чаканьні ўрадавай дэлегацыі першы дзень сьвяткаваньня “Дажынак” для многіх быў працоўным. У тым ліку для будаўнікоў і дарожнікаў, якія фарбавалі платы й асфальтавалі дарогі.
Другі дзень аршанскіх “Дажынак” выдаўся халаднейшым, і на галоўны канцэрт, прысьвечаны сьвяту хлебаробаў, засталіся ня ўсе ўладальнікі запрашальных білетаў. Жаданьне сагрэцца аказалася мацнейшым за цікавасьць да тутэйшых і расейскіх зорак. Хоць тыя ўсяляк стараліся спадабацца простым беларускім працаўнікам — гумарысты з расейскай праграмы “Аншляг” нават ужывалі са сцэны нецэнзурную лексыку ды рабілі непрыстойныя жэсты.
Перад “Дажынкамі” былі зьнесены цэлыя кварталы прыватнай забудовы ў цэнтры гораду. Цяпер там зьявіліся “голыя газоны” — так аршанцы празвалі лапікі зямлі, на якіх ці то забыліся пасеяць траву, ці то яна не пасьпела вырасьці. Яшчэ аршанскія дасьціпнікі пасьпелі ўжо перайменаваць нядаўна ўсталяваную ў дзіцячым парку скульптуру Гулівера зь ліліпутам на далоні ў “помнік Сашу і Колю”.
А бюст славутаму ўраджэнцу Воршы Ўладзімеру Караткевічу перанесьлі падчас рэстаўрацыі парку, і цяпер ён стаіць у іншым месцы і ў іншым ракурсе: сьпіной да цэнтру “сталіцы “Дажынак” і тварам да спаконвечнага Дняпра.