Адвакат Зьміцер Гарачка дагэтуль не атрымаў зь Вярхоўнага суду адказ на просьбу вызваліць Эмануіла Зэльцэра на час пахаваньня ягонай маці.
Адвакат зьвярнуўся з такой просьбай яшчэ 16 верасьня, калі стала вядома, што ў ЗША памерла маці ягонага падабароннага, грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра. Нагадаем, менскі гарадзкі суд прызнаў Зэльцэра вінаватым у камэрцыйным шпіянажы супроць Беларусі і пакараў трыма гадамі зьняволеньня. 26 верасьня адбудзецца разгляд ягонай скаргі на прысуд у Вярхоўным судзе ў Менску.
Тым часам стала вядома, што незалежны лекар зь Нью-Ёрку Альбэрт Бэнчаббат, які раней аглядаў Зэльцэра ў ізалятары КДБ, накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім выказвае меркаваньне, што ягоны пацыент можа не перажыць зьняволеньня, паколькі знаходзіцца “ў зусім нездавальняючым стане, які хутка пагаршаецца”. Таксама лекар паведамляе, што, паводле яго зьвестак, адміністрацыя ізалятару КДБ ня выканала ягоных рэкамэндацыяў адносна лячэньня Эмануіла Зэльцэра.