Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці наведваў Б.Беразоўскі ў турме Э.Зэльцэра?


Паводле Марка Зэльцэра, да ягонага брата, амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, у турму КДБ прыходзіў Барыс Беразоўскі, якога абвясьціла ў вышук пракуратура Расеі.

Пра тое, што Барыс Беразоўскі нібыта прылятаў у Менск і наведваў у турме КДБ Эмануіла Зэльцэра, пакаранага беларускім судом на тры гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж, паведаміў “Свабодзе” брат асуджанага Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку. Паводле Марка Зэльцэра, гэта быў другі за жнівень візыт расейскага алігарха-ўцекача ў Менск. Першы раз Барыс Беразоўскі, паводле Марка Зэльцэра, прыляцеў у Менск 3 жніўня і праз два дні выступіў сьведкам на працэсе над Эмануілам Зэльцэрам. Другі візыт адбыўся 15 жніўня, кажа Марк Зэльцэр і перадае падрабязнасьці:

“10 дзён таму да яго ў турму прыходзіў Беразоўскі. Асабіста. Ён патрабаваў ад брата, каб той забраў усе свае доказы і свой выступ на судзе, прызнаў віну і звольніў свайго адваката Гарачку. “Я сапраўдны гаспадар гэтай краіны”, — нібыта сказаў, паводле Марка Зэльцэра, Барыс Беразоўскі ягонаму брату і дадаў: “Для мяне тры гады, якія ты атрымаў, мала. Калі не адмовісься, атрымаеш больш? і будзе горш”.

Інфармацыю пра наведаньне Менску Барысам Беразоўскім Марк Зэльцэр нібыта атрымаў у Дзярждэпартамэнце ЗША. Паводле Марка Зэльцэра, ёсьць і дакумэнтальныя доказы таго, што расейскі алігарх-уцякач наведваў Менск:

“Ён прылятаў на сваім самалёце, вядомы нумар борту і іншыя дадзеныя. Мы паведамілі пра гэта расейскаму паслу ў Беларусі, расейскаму паслу ў ЗША. Нічога. Прылятае, калі хоча”.

Нагадаем, у Расеі Барысу Беразоўскаму выстаўлена некалькі абвінавачаньняў, пракуратурай алігарх абвешчаны ў вышук. Расейскія ўлады патрабуюць выдачы Барыса Беразоўскага ад Вялікабрытаніі, дзе ён атрымаў палітычны прытулак. Паводле дамовы, якая існуе паміж Расеяй і Беларусьсю аб выдачы злачынцаў і асобаў, падазраваных у злачынствах, Беларусь абавязана затрымліваць такіх асобаў на сваёй тэрыторыі і перадаваць Расеі. Кіраўнік прэсавай службы МУС Беларусі Алег Сьлепчанка паведаміў: “Зьвесткамі пра тое, што ў Менску быў Барыс Беразоўскі, не валодаю. Ня ведаю і пра тое, каб яго тут шукалі”.

Між тым, паводле Марка Зэльцэра, ён інфармаваў пра прылёт у Менск Барыса Беразоўскага пракуратуру, КДБ, міністра ўнутраных спраў і адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі “ў той жа дзень”.

На мінулым тыдні Эмануіла Зэльцэра наведвала ў турме супрацоўніца амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж. “Ён казаў, што адчувае велізарныя болі. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй і выказваем скрайнюю занепакоенасьць”, — сказала дыпляматка. На пытаньне, ці праўда, што Зэльцэра ў турме КДБ наведваў Барыс Беразоўскі, спадарыня Сэвідж адказала: “На жаль, у мяне няма для вас зьвестак пра гэта”.

Адвакат Эмануіла Зэльцэра Зьміцер Гарачка і пасьля суду працягвае кожны дзень наведваць свайго падабароннага ў турме КДБ. Паводле Зьмітра Гарачкі, Эмануілу Зэльцэру адмовілі ў перадачы лекаў, якія перадалі яму з ЗША праз Кэралайн Сэвідж:

“Лекі, якія яму даслалі, да яго не дайшлі. Амэрыканка іх перадала, а яму іх не далі”.

Марк Зэльцэр мяркуе, што лекі не перадалі, бо ягоны брат адмовіўся выконваць патрабаваньні Барыса Беразоўскага, выкладзеныя яму падчас сустрэчы ў турме КДБ.

Эмануіл Зэльцэр быў асуджаны на тры гады няволі паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы. Паводле адной з вэрсій, Барыс Беразоўскі вядзе змаганьне за спадчыну нядаўна памерлага грузінскага алігархаБадры Патаркацышвілі, чые інтарэсы адзін час прадстаўляў Эмануіл Зэльцэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG