Сёньня ў Воршы адкрыўся рэспубліканскі фэстываль-кірмаш “Дажынкі-2008”. У горадзе адбываюцца масавыя гуляньні з продажам сьпіртовых напояў на вуліцы, а заўтра чакаюць Аляксандра Лукашэнку.
Сьвяткаваньне будзе працягвацца два дні, а таму імпрэза падзялілася на два этапы: сёньня ў горадзе адбываюцца масавыя гуляньні з продажам сьпіртовых напояў на вуліцы, а заўтра чакаюць Аляксандра Лукашэнку.
У горад зьехаліся госьці фэстывалю: на галоўнай канцэртнай пляцоўцы ў гарадзкім парку ўжо ўшанавалі работнікаў сельскай гаспадаркі, якія занялі другое і трэцяе месцы ў сельскагаспадарчым спаборніцтве.
Напярэдадні з Воршы вывезьлі ўсіх студэнтаў — у іхных інтэрнатах разьмясьцілі прыежджых. Навучэнцы ад пачатку навучальнага году працавалі на добраўпарадкаваньні гораду, а цяпер паехалі на вёску — капаць бульбу. Школьнікаў таксама вызвалілі ад заняткаў — яны мусілі вітаць працаўнікоў сельскай гаспадаркі з надзіманымі балёнікамі. Навучальны дзень для іх перанесены на 11 кастрычніка.
Гараджане і госьці шпацыруюць па падноўленым горадзе. Сёлета на рэканструкцыю 629 аб’ектаў у “сталіцы “Дажынак” была выдаткавана рэкордная сума — 327 мільярдаў рублёў. Для параўнаньня: кошт леташняй падрыхтоўкі да “Дажынак” у Бабруйску склаў 200 мільярдаў, а раней у Рэчыцы — 176 мільярдаў.
Паводле падлікаў аршанскага праваабаронцы Алега Граблеўскага, на кожнага з 124 тысяч аршанцаў, такім чынам, прыйшлося па 1 200 даляраў бюджэтных грошай.
“І гэта ня лічачы грошай, спагнаных зь дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Людзі гэтым незадаволеныя. А яшчэ яны скардзяцца, што парадак і лоск навялі толькі ў цэнтры, а па-за цэнтральнымі вуліцамі яны жывуць цяпер, як на будаўнічым сьметніку. Шмат працы недароблена, ня ўсе грошы асвоеныя, у дварах ляжыць нескарыстаная тратуарная плітка, яшчэ ўдзень дафарбоўвалі сьцены і платы. Затое па ўсіх цэнтральных вуліцах паўсюль прадаецца гарэлка, піва, забароненыя толькі пладова-ягадныя віны. Улады робяць выгляд, што забясьпечылі ў горадзе бясьпеку: увайсьці ў цэнтар можна толькі праз мэталашукальнікі, і каля іх утвараюцца вялікія чэргі. Па горадзе ходзяць чуткі , што заўтра, падчас прыезду Лукашэнкі, ва ўсіх адключаць мабільнікі, а за людзьмі будуць сачыць снайпэры, бо нават праз газэту загадалі “ўстрымацца ад вывешваньня бялізны, асабліва сподняй”, — распавёў Алег Граблеўскі.
Праз “Аршанскую газэту” і мясцовае тэлебачаньне паведамілі, што заўтра ў крамах абмяжуюць продаж сьпіртовых напояў. Таму сёньня яшчэ да абеду ўсе вулічныя пункты грамадзкага харчаваньня былі запоўненыя аршанцамі, а на вуліцы вялікая колькасьць людзей нападпітку.
Менш за ўсё народу было ў гарадзкім дзіцячым парку. які павінен быў стацца ці ня самым значным аб’ектам, адчыненым пад сёлетнія “Дажынкі”. На яго было выдаткавана 17 мільярдаў рублёў.