Спэцназ выціснуў з Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці і зьбіў некаторых зь іх. Акцыя скончылася. ТЭМА ДНЯ.
Ці салідарныя беларусы? ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ.
РЭПАРТАЖ З АКЦЫІ ЛЮБОЎ ЛУНЁВАЙ
ФОТАРЭПАРТАЖ З АКЦЫІ
ВОДГУКІ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ
19.10 Удзельнікі акцыі разышліся. Міліцыя нікога не затрымала.
18.50 Спэцназаўцы выціснулі людзей да крамы “Панарама” на вуліцы Старажоўскай.
18.35 Калі дэманстранты пад ціскам спэцназу дайшлі да вуліцы Янкі Купалы, спэцназаўцы разьбілі натоўп па 2 групы і накінуліся на іх. На адным баку вуліцы зьбівалі дзяўчат і Анатоля Лябедзьку, на другім – Франака Вячорку. Яго павалілі на зямлю і некалькі разоў ударылі нагамі ў пах. Ягоны бацька хацеў прыкрыць сына, але яго таксама зьбілі. Людзі скандавалі “Фашысты”.
Спэцназаўцы вырвалі ў дэманстрантаў бел-чырвона-белыя сьцягі, паламалі вуды, на якіх яны трымаліся. Яны працягваюць выціскаць людзей у бок вуліцы Багдановіча.
18.15 А 18 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі сустаршыні АДС, каб выказаць сваё стаўленьне да праблемы зьніклых людзей у Беларусі і да таго, што сьледзтва ў гэтай справе не прасунулася ні на крок.
Адразу першую рэакцыю байцоў спэцназу і міліцыі, якія зьявіліся тут літаральна праз тры хвіліны, як толькі пачалі зьбірацца ўдзельнікі, выклікала асоба Віктара Івашкевіча. Ён пачаў разгортваць бел-чырвона белы сьцяг і сьцяг Эўраязьвязу. Сп. Івашкевіч на заўвагу міліцыянтаў, што ён удзельнічае ў несанкцыянаванай акцыі, патлумачыў, што ён - давераная асоба Валянціны Сьвяцкай і што ўсё гэта адбываецца ў рамках перадвыбарчай агітацыі.
Адразу пасьля гэтага людзі пачалі ствараць ланцуг і першая сутычка - ужо ня першы раз - адбылася з Анатолем Лябедзькам. Спэцназаўцы накінуліся на яго і пачалі штурхаць, выдаляючы яго з плошчы.
На гэты момант людзі сыходзяць з плошчы, іх вядуць спэцназаўцы, якія зрабілі жывы ланцуг і выціскаюць удзельнікаў акцыі з плошчы. Сярод прысутных - Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін. Людзі нясуць партрэты зьніклых. Сюды прыйшла і Вольга Казуліна, Алег Волчак, некалькі асуджаных у “справе 14-ці” - акцыя ладзіцца і на знак салідарнасьці зь імі.
18.00 На Кастрычніцкай плошчы знаходзяцца некалькі дзясяткаў актывістаў апазыцыі, кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку Сяргей Калякін, Алег Волчак, Вольга Казуліна, Зінаіда Ганчар.
На плошчы зьявіліся таксама спэцназаўцы ў цывільным. Яны стаяць па 2—3 чалавекі ў розных месцах. Усё спакойна.
***
Паколькі дзень салідарнасьці адбываецца за некалькі дзён да завяршэньня выбарчай кампаніі, на Кастрычніцкую плошчу выйдуць кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія балятуюцца ў Менску. Удзельнікі акцыі прадэманструюць сваю салідарнасьць зь сем’ямі зьніклых, а таксама з пакаранымі актывістамі ў так званай “справе 14-ці”.
Сярод удзельнікаў акцыі будзе старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін:
“Я лічу, што няма палітвязьняў, але ёсьць людзі зьніклыя і лёс іх невядомы іхным сваякам. Для таго, каб прадухіліць такія выпадкі, трэба выходзіць. Людзі, якія мараць пра лепшую будучыню для Беларусі, павінны выйсьці і прадэманстраваць, што яны не прымаюць таго, што людзі зьнікаюць і лёс іх невядомы”.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама выйдзе на Кастрычніцкую плошчу:
“Галоўнае пасланьне, зь якім ідуць кандыдаты ў дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, – гэта кантроль над уладай. Дэмакратычныя кандыдаты выйдуць на Кастрычніцкі пляц з плякатамі Захаранкі, Красоўскага, Ганчара і Завадзкага. І гэта будзе акцыя, каб зьвярнуць увагу выбаршчыкаў на гэтую праблему”.
Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка:
“Ёсьць зьніклыя людзі, зьніклыя палітыкі. Была і будзе рэпрэсаваная моладзь, палітвязьні. Людзі, якія прагнуць дэмакратычных пераменаў у Беларусі, выходзяць на плошчу, каб нагадаць людзям пра тое, што адбываецца ў гэтай краіне.
Безумоўна, гэтага 16-га ня стане выключэньнем. Палітыкі мусяць і хочуць падкрэсьліць, коштам чаго даецца наш шлях барацьбы за дэмакратыю”.
Дзень салідарнасьці адзначаецца ад кастрычніка 2005 году 16 дня кожнага месяца. Акцыі адбываліся ў розным фармаце. Спачатку арганізатары заклікалі людзей а 8-й вечара на 15 хвілінаў запальваць сьвечкі і ставіць у вокнах. Пазьней акцыі пачалі праводзіць на вуліцах – моладзь вывешвала расьцяжкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў.
Потым некалькі месяцаў запар моладзевыя актывісты расклейвалі партрэты зьніклых і палітвязьняў у людных месцах і запальвалі каля іх сьвечкі.
Яшчэ некалькі акцыяў салідарнасьці адбыліся на Кастрычніцкай плошчы і каля будынку расейскай амбасады. Беларускія студэнты, якія вучацца за мяжой, ладзяць акцыі каля будынкаў беларускіх амбасадаў і раздаюць мінакам інфармацыйныя матэрыялы пра сытуацыю ў Беларусі.
За ўдзел у акцыях салідарнасьці міліцыянты агулам затрымалі больш за тры сотні чалавек. Некалькі дзясяткаў маладых людзей за праявы салідарнасьці адбылі арышты ад 5 да 15 сутак.